Дыялог пакаленняў. Сярод дэлегацый вобласці, якія прынялі ўдзел у святкаванні 100-годдзя ЛКСМБ, была і Ляхавіцкая

24 верасня Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі адзначыў свой векавы юбілей. Падзея гэта для сучаснай моладзі, пэўна, не зусім прыкметная, а для землякоў старэйшага пакалення вельмі памятная. Сярод дэлегацый вобласці, якія прынялі ўдзел у святкаванні, была і Ляхавіцкая ў складзе ветэранаў камсамола розных гадоў, а таксама цяперашнія актывісты і лідары маладзёжнага руху.

Таццяна ПЕТУХ, першы сакратар райкама камсамола са снежня 1987-га па сакавік 1991 года:
– Сустрэча ў Брэсце – сустрэча сяброў: прыемная, душэўная і вельмі сардэчная. Цікава было паслухаць, чым сёння зай-маецца правапераемнік ЛКСМБ – БРСМ. Адметным сюрпрызам для ўсіх нас стала анлайн-віншаванне з Масквы Анатолія Усава. У былыя часы ён узначальваў Брэсцкі абкам камсамола, загадваў аддзелам міжнародных адносін ЦК ВЛКСМ. Наогул, выступленняў у той дзень было шмат, і кожнае для нас, ветэранаў камсамольскага руху, камсамольцаў па духу, як падарунак. Гаварылі і пра тое, што ўсё добрае, важнае, неабходна перадаць сённяшняй моладзі.
Камсамол – гэта маё жыццё. У арганізацыі я з 1974 года, займала розныя камсамольскія пасады, вучылася ў Маскве ў вышэйшай камсамольскай школе, якая дала ўсё: вопыт, адносіны, уменне і сяброў. У Ляхавічах амаль дзесяцігоддзе была першым сакратаром райкама камсамола. Ёсць што ўспомніць і чым ганарыцца.

Тамара ХАЛАДЗІНСКАЯ, трэці сакратар райкама камсамола:
– Камсамол для мяне – школа жыцця, якая многаму навучыла, у тым ліку адстойваць свой пункт гледжання, працаваць з вялікай аўдыторыяй. А яшчэ мне пашанцавала ўдзельнічаць у фестывалі моладзі ў Маскве. Супрацоўнічалі з юнакамі і дзяўчатамі з усяго Савецкага Саюза – каласальны вопыт і мноства эмоцый! За работу на фестывалі мне ўручылі сувенірны медаль – памяць на ўсё жыццё.
Сустрэча ў Брэсце стала настальгічнай і вельмі прыемнай. Прыемна было ўбачыць былых калег, успомніць камсамольскія будні і святы. Усклалі кветкі ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці, прынялі ўдзел у адкрытым дыялогу «Моладзь Беларусі: учора, сёння, заўтра», павязалі гальштукі сённяшнім піянерам. Цудоўна, што разам сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў і абмяняліся меркаваннямі, ідэямі і поглядамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.