Стыльны вобраз сталасці. Ляхавічанцы можна па-добраму пазайздросціць

Нашай зямлячцы Галіне Дыдышка можна па-добраму пазайздросціць: яе аптымізму, празе да жыцця, жаданню спасцігаць нешта новае, адданасці любімаму занятку.

Галіна Канстанцінаўна заўжды ў гушчыні падзей: такая актыўная жыццёвая пазіцыя была, калі працавала загадчыкам аддзела ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (яе працоўны стаж складае без малога чатыры дзесяцігоддзі). 12 гадоў назад выйшла на заслужаны адпачынак, але проста сядзець на пенсіі – гэта зусім не ў яе правілах.
– У рэшце рэшт змагла поўнасцю заняцца любімай з дзяцінства справай – шыццём. Калі працавала, шыла дома вечарамі спартыўныя касцюмы. Аформіла патэнт, шыла адзенне і прадавала яго на рынку ў Баранавічах, – расказвае Галіна Канстанцінаўна.
Асартымент пастаянна пашыраўся. У берэтах ад Галіны Дыдышка, па яе словах, хадзілі ў Беларусі многія прадстаўніцы прыгожай паловы. З якім захапленнем яна расказвае пра сваіх галоўных памочнікаў – швейныя машынкі. Гэта цяпер яе невялікая міні-майстэрня налічвае дзве «Чайкі», сучасную нямецкую мадэль «Верытас», а таксама правераную часам «Зінгер», якая ўставіць замок і ў скураную куртку, і ў лёгкую сукенку, ёсць і вельмі патрэбны аверлок.
Галіна Канстанцінаўна ўпэўнена, што на пенсіі жыццё набывае новыя фарбы, з’яўляецца выдатны шанц адкрыць уласную справу. Як законапаслухмяны грамадзянін аформілася ў падатковай інспекцыі ў якасці рамесніка. А далей – справа тэхнікі. Першым таварам для продажу на гарадскім рынку сталі валёнкі. Шыла іх са старых паліто, штучных футраў. Хто купіў адну пару, заказваў яшчэ для сваіх родных. Заказы пайшлі адзін за адным. Потым пачала шыць тапкі, пасцельную бялізну, не адказвала ў рамонце адзення.
Як гаворыцца, попыт нараджае прапанову. Галіна Канстанцінаўна асвоіла пашыў чахлоў для сядзенняў на веласіпед, для табурэтак, нават домікаў для катоў.


Бялізна, халаты, сумкі, харугвы для касцёла – няпоўны пералік таго, што шые наша зямлячка. Часта да яе звяртаюцца з асабістымі заказамі тыя, хто мае праблемы з нагамі, – просяць пашыць спецыяльны абутак.
Тавары ў большасці яна прадае на ляхавіцкім рынку, цяпер у яе свая палатка пад назвай «У Галіны».
Захапіла швачнай справай і мужа, хаця ў Леаніда Пятровіча хапае і сваіх клопатаў: вялікі сад, 20 сотак прысядзібнага ўчастка, за якімі патрэбны пастаянны догляд. Але ён знаходзіць час і жаданне, дапамагае расшываць рэчы, нават спрабуе кроіць. Так што атрымліваецца сямейная справа на пенсіі – адна на дваіх. Мужу і жонцы яўна не да адпачынку, ды і пра старасць няма часу і нагоды думаць. Жывуць у ладзе, згодзе, каханні і ўзаемаразуменні.
Галіна Канстанцінаўна – узор стыльнай жанчыны, ёй пасуе любы ўзрост. На пытанне, што дапамагае заўжды быць у тонусе, адказвае:
– У першую чаргу шыццё. Магу ўсю ноч думаць над новай мадэллю, прачнуцца ў 5 ці 6 гадзін раніцы і пачаць ствараць. Яшчэ не ўяўляю сваё жыццё без зносін з людзьмі. Падчас эпідэміі каранавіруса была два месяцы на вымушаным каранціне, не працавала на рынку – было цяжка без сустрэч з людзьмі. Імкнуся жыць на пазітыве, з павагай ставіцца да іншых, – адзначае Галіна Дыдышка. Яна таксама лічыць, што ў любым узросце жанчына імкнецца быць прыгожай. І для гэтага не абавязкова мець вялікія грошы, трэба любіць сябе і радавацца кожнаму дню, не паддавацца суму і шукаць прыемнае ў самых звычайных дробязях.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.