Тэрыторыя школьнага камфорту. Мары збываюцца, трэба толькі вельмі-вельмі захацець, лічыць настаўніца СШ №2 г.Ляхавічы

Мары збываюцца, трэба толькі вельмі-вельмі захацець, у гэтым упэўнена наша зямлячка Таццяна Місюк.
Яшчэ дзяўчынкай у яе было вялікае жаданне – стаць настаўніцай. Старалася добра вучыцца. І вось яна студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Куляшова. У ВНУ не толькі атрымала прафесію настаўніка біялогіі і геаграфіі, але і сустрэла сваю другую палавінку. У 2001 годзе выпускнікі педуніверсітэта прыехалі на малую радзіму мужа, і Таццяна ўладкавалася настаўнікам геаграфіі ў Начаўскую СШ і выхавальнікам групы падоўжанага дня ў СШ № 2. Энергічная дзяўчына паспявала паўсюль.


– Працаваць з дзецьмі, вучыць іх, выхоўваць – гэта такая асалода, задавальненне, радасць. Атрымліваеш мора пазітыва, натхнення, зарад бадзёрасці. Хочацца самаўдасканальвацца, каб рабятам было цікава, – гаворыць Таццяна Місюк. Яна і сама не спынялася вучыцца: атрымала дыплом настаўніка-дэфектолага і настаўніка-лагапеда. А лёс тым часам падрыхтаваў ёй чарговы экзамен на прафесіяналізм, а з ім і новую пасаду намесніка дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, на якой Таццяна Леанідаўна зарэкамендавала сябе кампетэнтным, высокаарганізаваным кіраўніком. А яшчэ працягвала настаўнічаць у Начаўскай школе.
– Галоўнае – любіць дзяцей, давяраць ім, прымаць такімі, якія яны ёсць, і пры гэтым накіроўваць, дапамагаць. Таму не важна, дзе ты працуешь – у школе, дзіцячым садку ці цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання. Так, спецыфіка работы мае пэўныя адрозненні, але самае важнае – знайсці індывідуальны падыход да хлопчыкаў і дзяўчынак, – упэўнена Таццяна Місюк.
Таццяна Леанідаўна марыла вярнуцца ў школу і выкладаць любімы прадмет. Таму, як толькі прапанавалі перайсці ў якасці настаўніка ў СШ № 2, не раздумваючы, згадзілася. З энтузіязмам акунулася ў дзіўны свет біялогіі і захапіла ім навучэнцаў. А, напрыклад, сённяшняя дзесяцікласніца Яна Маліхтаровіч пад кіраўніцтвам Таццяны Леанідаўны адзін за адным брала пераможныя дыпломы на раённых і абласных этапах навукова-практычнай канферэнцыі «З навукай у будучыню», конкурсу «Тэхнаінтэлект», міжнароднага вучэбна-даследчага конкурсу.
Зараз Таццяна Місюк вядзе біялогію ў 6-х, 10-х і 11-х класах, а яшчэ жыве цікавым жыццём са сваімі 18 гарэзамі з 6 «А», дзе яна другі год класны кіраўнік.
– У нашых дзяцей самы класны класны. Таццяна Леанідаўна лёгка знайшла агульную мову і з бацькамі рабят. Лічу, што нашаму 6 «А» надзвычай пашанцавала, – адзначае старшыня папячыцельскага савета класа Юлія Кунцэвіч.
Намеснік дырэктара СШ № 2 Таццяна Доруш адзначае, што Таццяна Місюк – настаўнік па прызванні, энергічная, граматная, мэтанакіраваная і адначасова добрая і шчырая, умее знайсці падыход да дзяцей, што асабліва цэніцца ў прафесіі педагога. А летась стала адным з пераможцаў раённага этапу конкурсу «Настаўнік года».
Таццяна Леанідаўна не стамляецца прызнавацца ў любві Ляхавіччыне, якая стала для ўраджэнкі Магілёўшчыны другой малой радзімай:
–Тут жывуць цудоўныя людзі, мне шчасціць працаваць у дружных калектывах, тут я знайшла лепшую сяброўку і, самае важнае і дарагое, тут мая сям’я – муж і два сыночкі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА