А яны могуць. Класная работа! Заўтра сваё свята адзначаць прадстаўнікі надзвычай няпростай, такой патрэбнай і творчай прафесіі – нашы шаноўныя настаўнікі

Упэўнена: навучыць, патлумачыць, чаму так, а не інакш, выхоўваць, у тым ліку ўласным прыкладам, лепшыя якасці чалавека, падарыць любоў і разуменне сотням зацікаўленых вачанят, падуладна не кожнаму. Магчыма, таму яна і асаблівая – прафесія настаўніка – бо, мусіць, лёс становіцца вызначальным на гэтым полі дзейнасці.
Задумайцеся, чамучкі на парозе дзіцячага садка махаюць на развітанне маме і з іншымі такімі ж гарэзамі разам са сваёй першай выхавальніцай пачынаюць ужо зусім па-іншаму глядзець на свет. Вось першы ранішнік, першы верш, танец, песня, спартыўнае дасягненне, нарэшце «р-р-р-р» атрымалася, – і заўсёднае бацькоўскае дзякуй тым, хто дапамагае скараць шлях да такіх складаных першых вяршыняў.
А не за гарамі школа. Першая настаўніца – самы верны і надзейны сябра, якому бязмерна давяраюць яшчэ ўчарашнія дашкаляты. І ўсе такія розныя, і ў кожнага свой асаблівы характар, звычкі, а значыць, і падыходы да кожнага навучэнца розныя, індывідуальныя. І гэта падуладна нашым настаўнікам: не толькі аб’яднаць, зацікавіць, згуртаваць клас бязмерна актыўных рабят, а яшчэ і выхаваць, укласці самыя лепшыя якасці, раскрыць здольнасці кожнага, разгледзець таленты. Здаецца, нейкая звышздольнасць – а яны могуць, для іх гэта штодзённы клопат.
Школьны маршрут працягваецца – прадметаў становіцца больш. У кабінеце зноў мора вачэй і ўжо з больш дарослымі пытаннямі. Выкласці прадмет так, каб дзеці з-за зацікаўленасці не заўважалі час, ізноў на перадавой яны – нашы педагогі. І мала хто задумаецца, што за гэтымі 45 мінутамі – не адзін вечар мазгавога штурма. Як зрабіць так, каб тэма ўрока стала лёгкай для разумення, якую форму правядзення заняткаў выбраць, як выйсці за рамкі звычайнага? А яны могуць.
Год за годам – шмат святаў, школьных вечароў, алімпіяд, лінеек, бацькоўскіх сходаў, брэйн-рынгаў, турзлётаў… У кожнай справе трэба быць на вяршыні, а значыць, прымераць на сябе ролю псіхолага, артыста, сцэнарыста, рэжысёра, часам проста чалавека, які здольны выслухаць і зразумець, параіць і дапамагчы. І гэта зноў жа ім, настаўнікам, па сілах.
І вось так прывык, так зрадніўся з кожным Васіліем, Святланай, Таццянай…, не аднойчы ззяў з перамогамі на розных конкурсах – і гучыць той самы, апошні званок. Перад табой дарослыя, самастойныя людзі, поўныя ўпэўненасці і незалежнасці, рашучасці і жадання рухацца далей. Самыя шчырыя падзякі, абяцанні тэлефанаваць, сустракацца, словы «Вы самы класны класны кіраўнік», мора кветак. Гэтыя людзі здолелі вырасціць-выхаваць годных людзей, не шкадуючы сілы, часам забываючы пра свае ўласныя справы і хобі, аддавалі сябе 7 «А» ці 11 «Б». Звышкласная работа.
…Настаўнік – усё ж не прафесія, гэта стан душы. З «жы-шы» і «два плюс два» пачынаецца не толькі граматнасць пісьма і матэматычныя дзеянні – так настаўнікі вучаць жыць, паважаць іншых, у дэталях і нюансах выкладаючы ўсё, што, паверце, потым так спатрэбіцца ў жыцці.
І ў гэта ўтульнае кастрычніцкае свята дзякуй вам, настаўнікі, што вы выбралі такі няпросты шлях – шлях выхоўваць будучыню краіны.

Маргарыта КУХТА.