Экалагічныя сцяжынкі Тухавіцкага садка

Якіх толькі персанажаў любімых многімі пакаленнямі дзяцей казак ні сустрэнеш на гэтай незвычайнай палянцы. Менавіта тут міні-спектаклі ставяць маленькія артысты – выхаванцы Тухавіцкага дзіцячага садка. І чароўная пляцоўка не адзіная на вялікай (прыблізна пяць гектараў), з густам уладкаванай, добраўпарадкаванай тэрыторыі, якая з вясны да восені купаецца ў кветках.

Прадаўжаем падарожжа па цікавых палянках. А ў якасці экскурсавода – загадчыца дашкольнай установы Зінаіда Гунько. На шыльдзе надпіс «Прывітанне, лес». Тут хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з насельніка-мі лесу. Побач рознакаляровым багаццем уражвае дыван з кветак. Цюльпаны, фіялкі, петуніі, сальвіі – назіраючы за імі, малышы вучацца нават у маленькай кветачцы бачыць і разумець прыгожае, а яшчэ спрабуюць сябе ў якасці ландшафтных дызайнераў – афармляюць клумбы.
Нібы працяг – «Чароўны ручай», дзе замест крыштальнай вады – духмяная квецень. Пра цудадзейныя лячэбныя ўласцівасці рамонка, мяты, трыпутніка, мелісы, календулы з інтарэсам слухаюць усе, хто пабывае на тэрыторыі, дзе растуць лекавыя расліны. Запамінальна пра ўсё распавядае Траўніца-Здраўніца (гэта роставая лялька – шэдэўр, зроблены вопытным выхавальнікам і таленавітым майстрам Жаннай Пабягайла).
З якім задавальненнем дзеці робяць зарадку на пляцоўцы «Алімпійскі рух». Ёсць і сцяжынка здароўя – у цёплы час года для ўмацавання імунітэту малыя ходзяць босыя па каменьчыках, міні-дарожках з дароў прыроды – жалудоў, каштанаў.
Яшчэ адзін прыпынак – агарод. Здавалася б, што незвычайнага: растуць агуркі, памідоры, цыбуля, морква, капуста, базілік… Адметнасць у тым, што ў якасці агароднікаў – дашкаляты. Яны полюць, паліваюць, збіраюць ураджай. А восенню з агародніны разам з бацькамі вырабляюць розныя рэчы.


– Усё вышэйпералічанае – прыпынкі на экалагічнай сцяжын-
цы, якая праходзіць праз усю тэрыторыю садка. Яе мы прыдумалі два гады назад, калі распрацоўвалі праект, накіраваны на экалагічнае выхаванне дашкалят. Гэта адзін з накірункаў работы Тухавіцкага дзіцячага сада, – расказвае Зінаіда Гунько.
Гэта дашкольная ўстанова пакуль адзіная на Ляхавіччыне, якая можа пахваліцца ўласным басейнам (першых наведвальнікаў ён прыняў у 1991 годзе). Акрамя тухавіцкіх малышоў (тут цяпер 20 выхаванцаў ва ўзросце ад трох да шасці гадоў), у ім плаваюць і навучэнцы пачатковых класаў Ліпскай, Востраўскай, Крывошынскай, Мала-
гарадзішчанскай і Тухавіцкай школ, якіх арганізавана пры-возяць сюды згодна з раскладам і праводзяць з імі спецыяльныя заняткі.
Трэба чуць, з якой цеплынёй кіраўнік установы гаворыць пра выхаванцаў садка.
– Важна прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, паважаць, радавацца яго перамогам і падтрымліваць, калі нешта не атрымалася. Мы называем выхаванцаў «нашы дзеці». За кожнага хвалюемся. Стараемся па магчымасці сачыць, як у далейшым складваецца яго лёс, – расказвае Зінаіда Гунько.
У Тухавіцкім садку адна з асноўных задач, якую вырашае педкалектыў, – развіццё мовы сродкамі фальклору. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы. Дзеткам асабліва падабаецца інсцэніраваць беларускія казкі, такім чынам яны развіваюць памяць, мову.
Яшчэ адзін важны аспект – прапаганда здаровага ладу жыцця. Ён прадугледжвае не толькі разнастайныя спартыўныя заняткі, у тым ліку і ў басейне, але і спартыўныя святы. Усё вельмі падабаецца хлопчыкам і дзяўчынкам. Тым больш, што выхавальнік з 30-гадовым стажам Тамара Касмуля прыдумвае цікавыя сцэнарыі, валодае падыходам да кожнага выхаван-ца – сумаваць не будзе ніхто.
– Крэатыўны, улюбёны ў педагогіку выхавальнік Жанна Пабягайла некалькі гадоў запар станавілася пераможцам раённага конкурсу даследчых работ. Жанна Антонаўна шмат увагі надае развіццю маўлення дзяцей, вучыць іх любіць родную беларускую мову, сваю малую радзіму. А яшчэ прыдумвае новыя сюжэтна-ролевыя гульні накшталт «Моднага атэлье», «Касманаўтаў».
Толькі сёлета ў жніўні развіталася з тутэйшым садком і выхаванцамі Ніна Кавальчык – выхавальнік-творца, у яе руках любая звыклая рэч ператваралася ў нешта незвычайнае. Сваімі ўменнямі яна шчыра дзялілася з дашкалятамі і прывівала ім любоў да нацыянальнай культуры і навакольнай прыроды. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, – з натхненнем расказвае пра калег Зінаіда Гунько. Яна лічыць, што выхавальнік павінен быць добрым, адкрытым, шчырым, любіць дзяцей, бачыць у кожным, нават самым маленькім, асобу са сваім характарам. Інакш дзіця не пусціць дарослага ў свой маленькі свет.
Зінаіда Канстанцінаўна гаворыць з павагай і пашанай пра кожнага, хто працуе ў садку, адзначае,што калектыў зладжаны і разам дружна бярэцца за любую справу, у тым ліку, напрыклад, падрыхтоўку да новага навучальнага года. Рамантуюць, будуюць, прыбіраюць, фарбу-юць разам. Ніколі не адмаўляе ў просьбе паспрыяць тэхнікай, будматэрыяламі і мясцовы торфабрыкетны завод, тым больш, што бацькі многіх выхаванцаў – завадчане.
Загадчыца садка з удзячнасцю расказвае, што вельмі стараюцца ствараць утульнасць для дзяцей іх бацькі. Яны адклікаюцца на любую прапанову і шмат добрых спраў ініцыююць самі. Вось, напрыклад, Таццяна Капусценка змайстравала фігуры казачных герояў, якія ўпрыгожылі паляну казак. Аўтамабіль з самым сапраўдным рулём і паравозік – справа залатых рук Дзмітрыя Кораня. Адмосткі не горш за будаўнікоў зрабілі Аляксандр Бурбіцкі і Андрэй Сяргей, дапамагаў ім вартаўнік садка і майстар на ўсе рукі Сяргей Казлоўскі. Словы асаблівай удзячнасці за дапамогу, падтрымку калектыў выказвае Андрэю Зайко, Аляксандру Мамадаліеву, Аляксандру Батвінку, Вадзіму Русакевічу, Сяргею Ігнатовічу, Аляксандру Барташэвічу і іншым, хто не шкадуе ўласнага вольнага часу і заўжды гатовы ствараць спрыяльныя ўмовы для маленькіх тухавічан.
У дзіцячым садку рабяты праводзяць шмат часу – для іх ён другі дом. Штодня хлопчыкаў і дзяўчынак сустракаюць дарослыя, якія вельмі стараюцца, каб дашкалятам тут было ўтульна, камфортна, пазнавальна і весела. Дзіцячы сад для большасці малышоў – шчаслівая старонка дзяцінства, якая запамінаецца на ўсё жыццё.
Тухавіцкі адрас дзяцінства – вуліца Заводская, 3. Сваю гісторыю гэта дашкольная ўстанова бярэ з 1973 года. Тут працавалі і працуюць людзі, якія нясуць цеплыню, клопат, радасць адкрыцця свету вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам. І кожны год з чарговай выпускной групай заканчваецца адна гісторыя, а з наборам новай – пачынаецца іншая. І няхай у гэтых гісторый не будзе канца.

Галіна КАНЬКО