«Маніфест» у падтрымку «скарбу». У СВК «Ляхавіцкі» кіпіць работа на бульбяных палетках

Пад другі хлеб тут сёлета адведзена 60 гектараў

Механізатар Віктар Брэчка.

– Як і заўсёды, пры пасадцы другога хлеба ўлічвалі севазварот, правялі комплекс мерапрыемстваў па доглядзе і ахове. Высаджвалі самыя прадукцыйныя і лепшыя па смакавых якасцях сарты «скарб» і «маніфест», – адзначае старшыня «Ляхавіцкага» Іван Вітко.
Сярэдняя ўраджайнасць бульбянога круга пакуль 270 цэнтнераў – традыцыйна самая высокая ў раёне. Іван Вітко ўпэўнены: як мінімум паўтары тысячы тон накапаюць.
З поля далейшы шлях бульбы добра вядомы: пераборка, пасля якой несартавая адпраўляецца на корм жывёле, а сартавая ідзе на продаж ці далейшую зімоўку ў бульбасховішча, якое ў сельгаскааператыве адпавядае ўсім неабходным параметрам.
Дарэчы, пра пакупнікоў мясцовай бульбы. Яны, у тым ліку замежныя, ужо абрываюць тэлефоны: цікавяцца коштам і колькасцю. У гаспадарцы запэўніваюць, што не застануцца без «скарба» і «маніфеста» і жыхары Ляхавіччыны. На кастрычніцкіх кірмашах у нашым райцэнтры абавязкова будзе прадавацца і смачная бульба з «Ляхавіцкага».

Брыгада па пераборцы бульбы.


Пакуль з уборкай спраўляюцца ўласнымі сіламі. На палях шчыруюць два бульбаўборачныя камбайны, якімі кіруюць вопытныя механізатары Віктар Брэчка і Сяргей Асланян. Задзейнічана шэсць аўтамабіляў на адвозцы бульбы. Людзі працуюць у асноўным на пераборцы: выдаляюць каменне са стужкі канвеера – па чатыры чалавекі на кожным камбайне. Дарэчы, у СВК на належным узроўні пытанні аховы працы, клапоцяцца пра здароўе работнікаў, таму, калі было ветрана, тым, хто шчыраваў на ўборцы, выдавалі спецыяльныя акуляры для работы ў неспрыяльных умовах. Начальнік вытворчага ўчастка «Русінавічы» Святлана Радомская расказвае, што плануецца на гэтым тыдні завяршыць уборку бульбы, бо на наступным тыдні сіноптыкі абяцаюць дажджы, а для другога хлеба мокрае надвор’е непажадана – дрэнна адаб’ецца на якасці агародніны.

Начальнік вытворчага ўчастка Святлана Радомская.


– У дзве змены працуюць і на бульбасховішчы, усяго там спраў хапае 32 работнікам. Былі дні, калі дапамагалі нам і супрацоўнікі бухгалтэрыі гаспадаркі, нашы будаўнікі і нават работнікі Русінавіцкага дзіцячага садка, – гаворыць Святлана Радомская.
Крыху меншы, чым у «Ляхавіцкім», бульбяны клін у ААТ «Жарабковічы».
Тут ураджай ужо выкапалі, і заважыў ён на 835 тон, у сярэднім на круг выйшла па 182 тоны. У райаграсэрвісе пад другі хлеб адведзена ўсяго тры гектары. Было сёлета некалькі гектараў і ў ДП «Нача». Там таксама прайшлі дакопкі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.