Сыр-двор. І ніякага сыр-бору на сыравінным двары ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»

Сезон нарыхтоўкі фактычна завершаны. І зусім нядрэнна, пра што можна «прачытаць» па запоўненых да столі трастой шохах.

Загадчыца лабараторыі льнозавода Алена Ксёнжык.

Але адзначаны факт – гэта толькі другое ўражанне ад наведвання прадпрыемства. Першае адкрываецца адразу за прахадной. І назва гэтаму ўражанню – чысціня. Роўны, «падсвечаны» кроплямі невялікага дожджыку асфальт ззяў, бы страявы пляц у паказальнай вайсковай часці. Ні парушынкі, нягледзячы, што работа ідзе дастаткова актыўна. Гружаныя шпулямі трасты аўтамабілі праходзілі праз вагі, кантроль якасці сыравіны і адпраўляліся далей – да месца разгрузкі. Але гэта быў ужо не наш, не ляхавіцкі лён.
– Свой прадукт, вырашчаны заводам на 2,2 тысячы гектарах палёў, ужо ўбралі. Тое, што бачыце, – апошнія паступленні льнотрасты з Баранавіцкага раёна. З тамашнім райаграсэрвісам у нас дастаткова даўняе і прадукцыйнае супрацоўніцтва. У бліжэйшыя дзень-два і там з уборкай будзе завершана, – растлумачыў сітуацыю вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
Сыравінныя аб’ёмы ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» фарміруюцца з трох крыніц. Першая і самая глыбокая – тое, што вырасцілі ўласнаручна, у гэтым годзе са сваіх палёў прадпрыемства падняло
7,7 тысячы тон трасты. Сыравіннымі партнёрамі з’яўляюцца Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя і ўжо згаданы Баранавіцкі райаграсэрвіс. На дзень нашага наведвання прадпрыемства «склад» ільнотрасты яшчэ не быў канчаткова падсумаваны. Але на лічбу ў 10 тысяч тон завод ужо выйшаў.
Іменна на захоўванне 10-10,5 тысячы тон ільнотрасты і разлічана гаспадарка Наталлі Дрозд. Наталля Іванаўна – кладаўшчык сыравіннага двара, у адказе за ўсё, што на ім адбываецца: прыняць-узважыць лён, арганізаваць разгрузку-складаванне, іншае прапісанае вытворчымі рэгламентамі. Ды каб усё па правілах, у адпаведнасці з тэхналагічнымі нормамі, ні на крок не адступаючы ад патрабаванняў аховы працы.


– Прыйшла на завод зусім маладой, а ў наступным годзе ўжо салідны юбілей майго тут знаходжання. Працяглы час працавала рабочай змены. Сезон нарыхтоўкі для нас – найбольш адказны і самы напружаны момант работы. Доўжыцца ён паўтара-два месяцы, працоўны дзень расцягваецца на 12 гадзін. Найбольш складана даводзіцца машыністам пагрузчыкаў. Бачыце гэту ці не ювелірную дакладнасць фарміравання ў склад прэс-рулонаў? Усё гэта
работа Аляксандра Ляўковіча і Сяргея Кісценя (на здымку разам з Наталляй Дрозд), – падзялілася меркаваннямі Наталля Іванаўна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.