Тэст на беражлівасць. У кастрычніку на Ляхавіччыне праходзіць месячнік па зборы другаснай сыравіны. Далучайцеся!

Здаў у нарыхтоўчую кантору шмат старых ануч – атрымаў пральную машыну. Клас сабраў больш за іншых металалому – усе вучні паехалі на экскурсію. Такія заахвочванні для збору другаснай сыравіны былі распаўсюджаны ў Савецкім Саюзе. Мы жывём у іншы час з іншымі ў многім прыярытэтамі. Аднак, па-ранейшаму збору другаснай сыравіны надаецца важнае значэнне як з эканамічных, так і з экалагічных пазіцый.
Збор макулатуры, металалому, шкла, пластыку, старых зношаных шын і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў у Ляхавіцкім раёне вядуць два аператары: КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і райпо. Падключыліся да справы таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.

Да месячніка
Літаральна ў кожным доме ці кватэры знойдзецца пэўная колькасць папяровай упакоўкі, даўно прачытаных і зваленых у кучу часопісаў, газет, спісаных сшыткаў, на гарышчы ці ў падвале – пластыкавыя бутэлькі і шкляныя слоікі, зламаныя тэлевізары і іншыя непатрэбныя рэчы.
– Асноўнымі крыніцамі другасных матэрыяльных рэсурсаў з’яўляюцца адходы вытворчасці і спажывання. Другасныя матэрыяльныя рэсурсы пры належнай перапрацоўцы могуць прымяняцца паўторна ў вытворчасці ў якасці сыравіны. Дзякуючы іх выкарыстанню зніжаецца сабекошт прадукцыі і капітальныя ўкладанні ў яе вытворчасць, а гэта сур’ёзная эканомія, – удакладняе галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Маслоўская.
У цэлым раён за год павінен выканаць наступны план: сабраць 650 тон макулатуры, 550 тон адходаў шкла, 100 тон поліэтылену, 160 тон старых шын, 40 тон бытавой тэхнікі, 50 тон адпрацаванага масла. У агульнай колькасці атрымліваецца 1550 тон. Па факце за восем месяцаў у наяўнасці – 470 тон ці 30,4 працэнта ад неабходнага. Асабліва недабор адчувальны ў зборы масла (19 працэнтаў), макулатуры (27 працэнтаў), шын (31 працэнт) і шкла (33 працэнты).
Наталля Маслоўская адзначае, што Ляхавіцкая ЖКГ выконвае даведзеныя паказчыкі па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў па чатырох відах, за выключэннем макулатуры (за сем месяцаў – 31 працэнт) і адпрацаванага масла (20 працэнтаў). Другі аператар па зборы ДМР – райпо – ні па адным з паказчыкаў пакуль не спраўляецца.
Што тычыцца дзяржзаказу, то камунгас і райпо павінны за год сабраць па 125 тон макулатуры кожны. Пакуль па стане на 1 кастрычніка планы выкананы адпаведна на 78 і 64 працэнты. З неабходных 175 тон шкла камунгас сабраў 116 тон, а райпо – 80 тон. Ёсць арганізацыі, што асабліва пастараліся і ўжо выканалі гадавое заданне. У зборы паперы і кардону вызначыліся РАУС (403 працэнты), ільнозавод (154 працэнты), торфабрыкетны завод (135 працэнтаў), ААТ «Жарабковічы» (126 працэнтаў), КСУП «Ліпнянка» (119 працэнтаў), малочны завод (108 працэнтаў), РАНС (100 працэнтаў). Па зборы шкла роўных няма кансерваваму заводу – 111 працэнтаў ад неабходнага за 12 месяцаў. Поўнасцю выканалі планы Навасёлкаўскі і Жарабковіцкі сельвыканкамы. Пластык лепш за іншых збіраюць на малочным заводзе – 105 працэнтаў, 86 працэнтаў назапасіў кансервавы завод і 85 працэнтаў – аддзел па адукацыі райвыканкама. Што тычыцца збору адпрацаванага масла, то тут лідары РАНС і РАУС.
Ёсць і аўтсайдары. Па ўсіх пазіцыях па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў адстаюць ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ЗТАА «БелДан», ТАА «Еўрагандаль», ЗАТ «Белпрампрыбор», ДЭУ-24.
Як падкрэсліла Наталля Маслоўская, каб паспяхова справіцца з нарыхтоўкай другаснай сыравіны, давя-дзецца пастарацца многім арганізацыям.
Аператары распрацавалі па ўзгадненні з сельвыканкамамі графікі штомесячных аб’ездаў сельскіх населеных пунктаў для збору другаснай сыравіны ў вяскоўцаў. Але толькі гэтым справу не вырашыць.
У прыярытэце – паасобны збор
Мы даўно прывыклі да кантэйнераў для паасобнага збору паперы, шкла і плас-тыку. 270 такіх ёмістасцяў устаноўлены не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах. На жаль, не ўсе іх выкарыстоўваюць па прызначэнні: некаторыя выкідваюць у такія кантэйнеры бытавое смецце. Камунгас праводзіць растлумачальную работу. А яшчэ пастаянна інфармуе землякоў пра ўмовы і месцы прыёму, прапануе здаваць другасную сыравіну ў кошт запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі і інш.
Для збору і захоўвання другасных матэрыяльных рэсурсаў на Ляхавіччыне арганізаваны пяць стацыянарных нарыхтоўчых пунктаў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні райпо і камунгаса. Дзейнічаюць таксама перасоўныя пункты, арганізаваныя індывідуальнымі прадпрымальнікамі. На балансе ЖКГ палігон цвёрдых бытавых адходаў (размешчаны каля вёскі Грушаўка) і чатыры міні-палігоны ў Зарытаве, Гулічах, Свяціцы, Бенькаўцах. На кожным прадугледжаны паасобны збор адходаў.
Месячнік па зборы другаснай сыравіны толькі пачаўся. Далучайцеся, неабыякавыя і дбайныя гаспадары.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.