Галоўная нота. Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў – шэсцьдзясят

Гэта ўстанова – сапраўдная кузня талентаў – яркіх, самабытных, адметных

Усё мае свой пачатак. Алфавіт адкрывае літара «а», новы тыдзень – панядзелак, год стартуе са студзеня, а вывучэнне музычнай граматы – са знаёмства з нотамі і скрыпічным ключом. У дачыненні да Ляхавіцкай школы мастацтваў, якая сёлета адзначае 60-гадовы юбілей, скрыпічны ключ выступае своеасаблівым знакам, што адчыняе дзверы ў вялікі творчы свет.
Сімвалічна, што каля новага корпуса ДШМ, у якім нядаўна таленавітыя рабяты і педагогі справілі наваселле, з’явіўся арт-аб’ект у выглядзе музычнага знака. У Ляхавіцкай школе мастацтваў за шэсць дзесяцігоддзяў змаглі расшыфраваць яго таямнічы код 1567 выпускнікоў-музыкантаў. Пасведчанні аб заканчэнні творчай установы атрымалі таксама 198 мастакоў і 125 харэографаў.

Народны ансамбль народных інструментаў «Водар».

Гісторыя ўстановы бярэ пачатак з 1960 года, калі рашэннем райвыканкама была адкрыта музычная школа па вуліцы Дзесюкевіча, 23 (па архіўных даных ДШМ). Першым дырэктарам стаў настаўнік па класе баяна Уладзімір Шахаў, а педкалектыў складаўся з трох настаўнікаў. Праз год штат пашырыўся, а школа перабазіравалася на Камсамольскую, 42. У 1964 годзе выпускныя фанфары гучалі для 11 выхаванцаў.
Амаль чатыры дзесяцігоддзі (з 1962 па 2000 год) тут дырэктарстваваў Уладзімір Карцаў, пры якім установа пашырыла свае ўладанні на вуліцы Камсамольскай, адкрыла філіялы ў раёне, а пры школе дзеля павышэння прапаганды музычных ведаў быў створаны народны ўніверсітэт культуры. Шмат узнагарод заслужылі, прызнаваліся лепшымі, а ў 1997 годзе ўстанова змяніла статус – стала школай мастацтваў. Успомніць усіх настаўнікаў і іх выхаванцаў, якія прадстаўлялі Ляхавіччыну на прэстыжных творчых конкурсах і перамагалі, –не хопіць газетнай паласы. Тут заўсёды працавалі прафесіяналы – нераўнадушныя, таленавітыя, кампетэнтныя.
Сярод тых, хто ўмацоўваў фундамент сённяшняга поспеху ДШМ, і былы дырэктар Уладзімір Крук – кіраўнік энергічны, вопытны і вельмі творчы.
44 настаўнікі і канцэртмайстры, 424 навучэнцы – сённяшняя ДШМ. Філіялы школы мастацтваў працуюць у Коньках, Тальмінавічах, Дараве.

Дырэктар ДШМ Марыя Лутавінава (справа) і загадчыца мастацкага аддзялення Анастасія Коктыш.


Равеснік музычнай школы – баянна-акардэоннае аддзяленне. Амаль паўстагоддзя з ім звязаны яго выпускнік Якаў Мурзіч, прафесіяналізм якога неаднойчы ацэньваўся ўзнагародамі Міністэрства культуры, нейкі час ён быў дырэктарам ДШМ. Стаж настаўніцы па класе баяна і тэарэтычных дысцыплін Конькаўскага філіяла ДШМ Аліны Болтуць складае 45 гадоў. Аляксей Беразоўскі, Людміла Грыб, Святлана Азарчык – гэтыя прозвішчы на слыху ў сённяшніх і былых выхаванцаў ДШМ.
Струннае аддзяленне бярэ пачатак з адкрыцця класа скрыпкі. Зараз ім загадвае вопытны педагог Вольга Селівончык. Пад кіраўніцтвам Алены Тумаш ансамбль народных інструментаў з ліку выкладчыкаў атрымаў званне народнага.

Намеснік дырэктара Ірына Тулейка на ўроку
ў класе ўдарных інструментаў.


Адна з адметнасцяў школы мастацтваў –  тое, што многія яе выпускнікі вяртаюцца ў альма-матар настаўнікамі, такіх сёння 85 працэнтаў. З іх і настаўнік па класе цымбалаў Наталля Маслоўская, якая за чвэрць стагоддзя ўлюбіла ў струнны інструмент нямала хлопчыкаў і дзяўчынак; і Святлана Чорная, якая выкладае ігру на скрыпцы.
У лёсе аддзялення асаблівыя 2000-я гады, калі сюды прыйшлі настаўнікі па класе гітары Жанна Рыжая і Ілона Мялехіна, якія і сёння перадаюць майстэрства ігры сваім навучэнцам. У чэрвені ансамбль гітарыстаў «Сем нот, шэсць струн» (мастацкі кіраўнік Жанна Рыжая)
на Міжнародным конкурсе выканаўцаў на класічнай гітары «Віват, гітара!» у Магілёве стаў лаўрэатам I ступені.
Гучаць чароўныя гукі фартэпіяна – пасябраваць з інструментам мараць многія рабяты. Дапамагаюць у гэтым высокакваліфікаваныя і творчыя педагогі. Два дзесяцігоддзі кіравала фартэпіянным аддзяленнем Раіса Багданава. Ірына Клімашэўская, здаецца, усё жыццё з дзіцячай школай мастацтваў. Спачатку вучылася тут і ўжо больш за 40 гадоў настаўнічае. Сярод выпускнікоў цудоўнага педагога Людмілы Жукавай і настаўніца Пелагея Кулікова – зараз яны калегі. У свой час заваяваў тытул на занальным конкурсе прафесійнага майстэрства Уладзімір Піваварчук. Ён з актыўных удзельнікаў разнастайных мастацкіх калектываў. Намеснік дырэктара Ірына Тулейка ўдала спалучае адміністрацыйную дзейнасць з творчай і настаўніцкай. Як яна спявае ў калектывах мастацкай самадзейнасці! Яе прозвішча сярод тых, хто сёлета ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Ляхавіччыны».
Візітная картка ДШМ – два настаўніцкія калектывы са званнем «народны»: ансамбль народных інструментаў «Водар» (кіраўнік Ларыса Муралава) і інструментальны ансамбль «Джаз-Арт» (кіраўнік Барыс Шабановіч). У склад «Джаз-Арта» ўвайшлі педагогі духавога аддзялення, якім кіруе Мікалай Шклянік. Настаўнік па класе трубы Аляксандр Маляр таксама родам з музычнай школы – яе выпускнік. А адзін з навучэнцаў настаўніка Сяргея Краменчука сёлета на I Рэспубліканскім конкурсе мастацтваў «Музычны феерверк» гучаў сярод лаўрэатаў III ступені.
З 1998-га па 2018 год 13 навучэнцаў мастацкага аддзялення за ўдзел і перамогі ў міжнародных конкурсах былі заахвочаны матэрыяльнай дапамогай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сёння аддзяленнем кіруе выпускніца школы Анастасія Коктыш.
Навучэнцы харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў адзначыліся ва ўсіх магчымых намінацыях ІІ адкрытага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Танцуюць усе!», а ў класічным танцы прызнаны лепшымі. Дзякуючы нядаўняму пашырэнню танцавальнай тэрыторыі поспехі павінны прымножыцца. На гэта спадзяюцца кіраўнік харэаграфічнага аддзялення Таццяна Яўсей і выкладчыкі Алеся Груша,Ганна Буйкевіч і Вольга Мурына. Танцавальныя нумары ў выкананні іх выхаванцаў – упрыгажэнне кожнага канцэрта.
Каб быць добрым выканаўцам, трэба ведаць нотную грамату. За гэта ў адказе настаўнікі тэарэтычнага аддзялення. Цудоўную старонку ў яго гісторыю ўнеслі многія прафесіяналы, сярод якіх асобнае месца належыць Святлане Мініч, якая ў прафесіі 45 гадоў. Урокі сальфеджыа і музычнай граматы ў яе выкананні – майстар-клас. Сярод прафесіяналаў вышэйшага ўзроўню і Алена Равінская, і Святлана Калешка.
А школа-юбілярка ў самым росквіце творчых сіл.
– Шчыра запрашаем рабят у школу мастацтваў. У нас цікава і пазнавальна, а атрыманыя веды і ўменні абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, –адзначае дырэктар ДШМ Марыя Лутавінава.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.