Крык душы

Добры дзень, “Дзянніца”!
Піша табе Каця. У мяне бяда! Мае сябры адвярнуліся ад мяне, не жадаюць мець са мною зносін. А ўсё з-за таго, што я не куру. Справа ў тым, што ўсе мае сябры і многія аднакласнікі кураць. Яны і мяне спрабавалі ўгаварыць, але я не згадзілася. І зараз яны прахо-дзяць міма мяне, як быццам мы ніколі не былі знаёмыя… А нядаўна пачула, што яны называюць мяне “мамчынай дачкою”, “лузершай”, “дзіцем”. Я больш не магу трываць гэта! Дапамажыце мне! Што рабіць?

Рубрыка “ПАРАДЫ ПСІХОЛАГА”
“Не!” гавары з упэўненасцю
Паважаная Каця!
Кожны чалавек – індывідуальнасць, што шмат у чым вызначае яго стаўленне да курэння. Аднак, прыняцце рашэння па гэтым пытанні ўскладняецца працэсамі маніпуляцыі і псіхалагічнага ціску групы, якія табе прыйшлося выпрабаваць на сабе. Ты свой правільны выбар, як я зразумела, зрабіла. Не думай, што твой выпадак адзінкавы. Так адбываецца таму, што найбольш актыўным і ініцыятыўным падлеткам проста неабходна, каб за імі рушылі ўслед іншыя, і дзеля гэтага яны ідуць на ўсё. Курэнне не адабраецца і нават забараняецца, таму, парушаючы забароны і ідучы насуперак меркаванню дарослых, падлеткі маюць задавальненне ад уласнай ”адвагі”, пачуваюцца самастойнымі, здоль-нымі не зважаць на слушныя парады. Курэнне – гэта вонкавы атрыбут даросласці і ў стаўленні да яго (курэння) лепш ўсё жыццё заставацца “дзіцем”.
Зладзіцца з ціскам аднагодкаў бывае вельмі цяжка, асабліва ў выпадку ад-крытага выкліку. Адмова нясе ў сабе рызыку выключэння з агульнай кампаніі, як у тваім выпадку. У жыцці нам часта неабходна ад чагосьці адмаўляцца. Сітуацыі адмовы нярэдка звязаны з непрыемнымі перажываннямі, страхам пакрыўдзіць, сапсаваць адносіны, пачуццём віны. Але, калі мы адмаўляем упэўнена, спакойна, пераканаўча, здараецца, што і наша адмова ўспрымаецца спакойна, не выклікае негатыўных эмоцый.
Адмаўляючы, важна быць ветлівым, але ўпэўненым. Калі твой адказ непераканаўчы, той, хто прапануе, можа падумаць, што ты вагаешся і маеш патрэбу ў больш працяглым угаворванні. Упэўнены, спакойны адказ выратуе ад непатрэбнай мітусні.
1. Ветлівага “не, дзякуй” звычайна досыць.
— Не жадаеш пакурыць?
— Не, дзякуй.
Людзі зразумеюць, што ты не курыш.
2. Часам простае “не, дзякуй”, здаецца, не працуе. Табе працягваюць прапаноўваць цыгарэту, хоць ты ўжо адмовіўся ад яе. Гэта можна спыніць, калі ты паўторыш адмову.
— Не жадаеш пакурыць?
— Не, дзякуй!
— На, паспрабуй, гэта выдатна!
— Не, дзякуй, я сапраўды не куру!
3. У сітуацыі, калі цябе абзываюць “мамчынай дачкой” і г. д., паспрабуй заставацца спакойнай, не паддавайся на правакацыі, не сварыся. Спытай: “Чаму табе трэба, каб я закурыла?”. Цяжка адразу знайсціся, што адказаць на гэтае пытанне.
— На, пакуры.
— Не, дзякуй.
— Вядома, ты не дарасла яшчэ, каб курыць.
— Навошта табе трэба, каб я закурыла?
Часам лепш папрасіць прабачэння і проста пайсці ці прайсці міма. У гэтым выпадку ты нават не павінна адмаўляцца.
Пазбягай месцаў, у якіх збіраюцца тыя, хто курыць і п’е. Часцей бывай у кампаніі, дзе на цыгарэты – табу.
Каця, яшчэ адзін бок твайго ліста зацікавіў мяне. Сябар – гэта хто? Той, хто дапаможа, падтрымае, выслухае, абароніць, пацешыцца разам з табой. Той, хто паважае твой пункт гледжання і твой выбар. Тыя, пра каго ты пішаш, – сябры? Амаль кожны падлетак праходзіць праз перыяд адзіноты, няўпэўненасці і безабароненасці. Пагаршаецца гэта яшчэ і страхам, што ты адзін ва ўсім класе, ва ўсёй школе… Знаёмся з новымі людзьмі!
Шукай чалавека, які зможа цябе зразумець і якому ты зможаш адкрыць душу.
Для таго, каб мець сяброў, трэба быць сябрам. Памятай, што кожны чалавек унікальны і цікавы па-свойму. Каб на цябе звярнулі ўвагу, сама стань цікавым чалавекам.
Таісія Шыбун, псіхолаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *