Экскурсія ад бібліятэкараў. Калектыў Ляхавіцкай купалаўкі стаў адным з пераможцаў абласнога конкурсу на стварэнне віртуальных праектаў краязнаўчай тэматыкі

Ляхавіцкія бібліятэкары ў пастаянным творчым пошуку, імкнуцца раскрываць невядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Нядаўна калектыў раённай купалаўкі стаў адным з пераможцаў абласнога конкурсу на стварэнне віртуальных праектаў краязнаўчай тэматыкі ў намінацыі «тэрыторыя» і атрымаў дыплом І ступені за распрацоўку і рэалізацыю краязнаўчага віртуальнага даведніка «Вуліцы роднага горада».

Прыемная і заслужаная ўзнагарода да прафесійнага свята – Дня работнікаў культуры. Дыплом быў уручаны дырэктару Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вользе Пляшэвіч падчас пасяджэння школы дырэктараў ЦБС Брэстчыны, якое праходзіла ў Ганцавічах.
– Гэта ўзнагарода – заслуга ўсіх бібліятэчных работнікаў горада. Мы па часцінках збіралі звесткі, так ці інакш звязаныя з вуліцамі родных Ляхавічаў. Якая гэта была цікавая і запамінальная работа, колькі ўсяго новага даведаліся! Шчыра ўдзячны ляхавічанам, якія адгукнуліся на просьбу і дапамаглі ў пошуку звестак, матэрыялаў, дакументаў на азначаную тэму. Прыемна, што сярод нераўнадуш-
ных землякоў і ветэраны бібліятэчнай справы Таццяна Бурак, Галіна Навагран, Ірына Даманеўская.
Вось, напрыклад, цікавая інфармацыя. Знайшлі старыпраект дома, які цяпер знаходзіцца на вуліцы Першамайскай, а на ім указана, што гэта вуліца Рэйтана. Мы ходзім па знаёмых вуліцах
і іншы раз нават не задумваемся, чаму яны носяць такія назвы. Бібліятэкары паспрабавалі падштурхнуць землякоў зацікавіцца краязнаўствам, – прыадкрывае не- каторыя падрабязнасці стварэння праекта Вольга Пляшэвіч.
Віртуальны даведнік – работа калектыўная. Але хацелася б адзначыць тых, хто абагульняў матэрыял, праектаваў яго. Так, Вольга Пляшэвіч (дарэчы, менавіта яна пачала займацца зборам звестак пра гарадскія вуліцы дзесяцігоддзе назад, калі яшчэ працавала бібліёгра-фам у купалаўцы) разам з метадыстам Святланай Кухта перапрацавалі шмат матэрыялу ў архівах. Загадчык аддзела ЦБС Лізавета Мацулевіч скрупулёзна і крэатыўна аб’яднала сабраныя звесткі і з’яўляецца непасрэдным аўтарам віртуальнага праекта. А бібліятэкар Алена Новік напісала тэкст-суправаджэнне і агучыла «Вуліцы роднага горада».
Праект сапраўды захапляльны. Знайсці яго можна на сайце ЦБС.
Дарэчы, бібліятэчныя праекты нярэдка адзначаюц-ца ўзнагародамі: нядаўна віншаванні атрымлівала бібліятэкар Дараўскай СБ Кацярына Брэчка, якая стала ўладальніцай дыплома І ступені за асветніцкую дзейнасць па духоўным выхаванні чытачоў, арганізацыю работы дзіця-чага клуба духоўна-патрыятычнай накіраванасці «Перамаганосец» у абласным туры рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
А дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч адзначана сумеснай Ганаровай гра- матай упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за высокае прафесійнае майстэрства, добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у захаванне і развіццё культуры раёна.

Галіна КАНЬКО.