Профессор Путырский снова посетил Ляховичи

Тры гады назад сапраўды цудоўны і запамінальны падарунак да Дня жанчын атрымалі ляхавічанкі. На сустрэчу з прадстаўніцамі прыгожай паловы прыехаў бадай што самы вядомы мамолаг Беларусі — хірург-анколаг з больш як 30-гадовым стажам член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, кавалер ордэна Беларускай Праваслаўнай царквы Леанід Путырскі. Тая сустрэча пакінула незабыўныя ўспаміны.
Сёлета прафесар Путырскі зноў наведаў Ляхавіччыну.
Ва ўсіх, каму давялося сустракацца з Леанідам Аляксеевічам, міжволі ўзнікае думка, што гэты чалавек нарадзіўся, каб дапамагаць іншым. Ён адчувае і разумее чужы боль, як свой уласны. Можа таму жанчыны так давяраюць свайму доктару, што, акрамя падбору правільнага і дзейснага лячэння, ён яшчэ дае надзею і веру, якія надзвычай важныя ў барацьбе з хваробай, у тым ліку, такой небяспечнай як анкалогія.
Леанід Аляксеевіч настолькі лёгкі ў зносінах, што адразу знайшоў агульную мову з тымі, хто прыйшоў у мінулую пятніцу ў ГДК (на жаль, слухацкая аўдыторыя была не надта вялікай). Якія хваробы малочнай залозы найбольш распаўсюджаны, чаму яны ўзнікаюць, як іх папярэдзіць? Як праводзіць самаабследаванне, якія асноўныя метады лячэння? Адказы на гэтыя пытанні гучалі падчас сустрэчы.
А яшчэ госць чытаў свае вершы. Леанід Путырскі — не толькі ўрач ад Бога, ён яшчэ і паэт, аўтар 7 зборнікаў вершаў. Многія з яго твораў пакладзены на музыку, сталі песнямі і рамансамі, якія выконваюцца артыстамі беларускай эстрады. У кожным вершы адносіны Леаніда Аляксеевіча да людзей — шчырыя, добразычлівыя і паважлівыя. Таму вершаваныя радкі пранікаюць у самае сэрца.
Не мог не закрануць за жывое навукова-папулярны фільм «Надзея», зняты па рэальных фактах. Гэта сапраўдныя гісторыі жыцця пацыентак, шлях, які кожная з іх выбрала ў барацьбе з каварнай хваробай — злаякаснай пухлінай малочнай залозы. Стужка дае веру, што, аб’яднаўшы намаганні пацыенткі і ўрача, сабраўшы ў кулак сілы і волю, пры падтрымцы родных і блізкіх ёсць усе шанцы справіцца з хваробай.
Леанід Путырскі і яго жонка, таксама медык, урач-гінеколаг Наталля Пятроўна адказалі на пытанні ляхавічанак. Аўтары лепшых пытанняў атрымалі ў падарунак вершаваныя зборнікі. Леанід Путырскі адказаў і на пытанні «ЛВ».

— Леанід Аляксеевіч, статыстыка сведчыць, што рак малочнай залозы займае першае месца сярод анкалагічных захворванняў у жанчын. Такі дыягназ — прыгавор?
— Што датычыцца першай часткі пытання, то гэта сапраўды так. Калі, напрыклад, 40 гадоў назад на працягу года ў Беларусі каля 700 жанчынам ставіўся такі дыягназ, то цяпер амаль 4 тысячам. І лічба штогод павялічваецца. Аднак, адразу адзначу: у нашай краіне медыцына дасягнула такога ўзроўню, у тым ліку і ў плане дыягностыкі, што рак малочнай залозы вылечваецца, асабліва калі пацыентка звяртаецца за ўрачэбнай дапамогай на ранніх стадыях. І ўвогуле, па колькасці захварэўшых Беларусь далёка не лідзіруе, а наадварот. Як мамолаг са стажам хачу сказаць: рак — гэта не прыгавор. Магу прывесці нямала прыкладаў, калі жанчыны з такім дыягназам, прайшоўшы ўсё прызначанае лячэнне і выконваючы рэкамендацыі доктара, перамагалі хваробу і прадаўжалі паўнацэннае жыццё. Гадоў 15 назад на прыём прыйшла маладая жанчына, вельмі саромелася расказаць пра свае праблемы. Пры самаабследаванні яна знайшла, як сказала, «шарыкі ў грудзях», але адцягвала паход да ўрача. І дацягнула — дыягнаставалі рак ІІ стадыі. Трэба аддаць належнае, жанчына мужна вытрымала ўдар лёсу, прайшла ўвесь прызначаны курс лячэння. Яна ніколі не заставалася адна — заўсёды побач былі, падтрымлівалі бацькі, сябры. І рак адступіў. Аднойчы на маёй сустрэчы, вось такой, як сёння, на сцэну з вялікім букетам кветак падняўся 10-гадовы хлопчык і сказаў: «Доктар, дзякуй за маму, і за тое, што я нарадзіўся!». Побач стаяла яна, мая пацыентка. Ланцужок такіх прыкладаў доўгі. Галоўнае, да ча го, я заклікаю, — не панікаваць, спадзявацца і верыць у лепшае. Гэты дыягназ цяжка прыняць любому, а жанчыне — такой тонкай, ранімай натуры — тым больш. Але трэба абавязкова ўзяць сябе ў рукі, аб’яднаць у адно цэлае надзею, веру і любоў, даверыцца медыкам, адкінуць у бок усе дрэнныя думкі і адмоўныя эмоцыі.
— Скажыце, калі ласка, якія прычыны выклікаюць анкалагічныя хваробы малочнай залозы. І якія змяненні ў арганізме павінны насцярожыць жанчыну?
— Прычын нямала. Адна з асноўных — стрэсы. У тых, хто часта нервуецца, раздражняецца, з’яўляюцца болі ў грудзях, далей развіваецца мастапатыя і г.д. Пухлінка магла быць невялікіх памераў і дабраякаснай, аднак стрэс справакаваў яе пераўтварэнне ў злаякасную… Таму беражыце сваю нервовую сістэму, хваляванні без прычыны і нават па прычыне нічога добрага вашаму арганізму не прынясуць. Магу параіць прымаць лёгкія заспакаяльныя травяныя зборы, якія можна набыць у аптэках. Шкоды яны не прынясуць, калі ўсё ў меру.
Яшчэ адзін фактар, які правакуе рак, — гарманальныя парушэнні. Прадаўжэнне роду — галоўнае жаночае прызначэнне. Але нараджаць трэба своечасова. Нараджэнне першага дзіцяці ва ўзросце 20-25 гадоў у 3 разы зніжае рызыку развіцця рака малочнай залозы, а першыя познія роды — наадварот у разы яе павялічваюць. Дзеля здароўя дзіцяці і свайго, жанчыне неабходна хаця б да 6 месяцаў карміць немаўля мацярынскім малаком. Ну і класічнае: больш родаў — меншая рызыка захварэць ракам малочнай залозы. Правакуе развіццё злаякасных пухлін і прыём на працягу некалькіх гадоў да першых родаў супрацьзачаткавых прэпаратаў. Жанчыне ў любым узросце неабходны і нармальныя сэксуальныя адносіны. Даказана, што шчаслівыя жанчыны, якія да таго ж любяць сябе, а не толькі блізкіх, значна радзей хварэюць ракам. Так што будзьце шчаслівымі і рабіце шчаслівымі тых, хто побач.
Дрэнная экалогія таксама вядзе да хваробы. Малочная залоза — гэта вельмі адчувальны орган. Беражыце яе ад розных траўмаў. Нават самы, здавалася б, нямоцны ўдар можа абярнуцца вялікай бядой. 40-45 працэнтаў жанчын, якім пастаўлены дыягназ «рак», успомнілі, што калісьці траўмавалі грудзі. Здаровы лад жыцця — гэта не проста словы. Памятайце, што ў руху — жыццё. А ў ім не месца курэнню, празмернаму ўжыванню алкаголю, гіпадынаміі, як і раздражняльнасці, зайздрасці, злосці. Не варта злоўжываць салярыямі, трэба менш бываць на санцапёку, а ў парылцы ці саўне абавязкова прыкрываць грудзі.
Цяпер шмат крыніц, у якіх можна прачытаць калі не ўсё, то амаль усё пра любую хваробу, і анкалагічную ў тым ліку. Аднак, веды не выра-тоўваюць ад хваробы, а вось іншы раз папярэдзіць яе ці пачаць лячэнне на самым пачатку дапамогуць. Таму кожная жанчына павінна самаабследаваць стан сваіх малочных залоз. І рабіць гэта трэба штомесяц на 6-12 дзень менструальнага цыкла. Шаноўныя жанчыны, памятайце: на скуры не павінна быць ніякіх вытырканняў, ямак, ацёчнасці, пачырваненняў, выдзяленняў з саскоў, іх уцягнутасці, асіметрыі. Абавязкова праверце, ці не павялічаны падпахавыя лімфатычныя вузлы. А потым, стоячы і лежачы, абследуйце малочныя залозы пальцамі. Нават калі ўсё добра, абавязкова раз у год паказвайце свае малочныя залозы доктару, гэта можа быць як мамолаг, так і гінеколаг. Пры неабходнасці яны прызначаць дыягнастычныя даследаванні — ультрагукавое ці мамаграфію. Апошняя праводзіцца строга па паказаннях. Дарэчы, 70-75 працэнтаў злаякасных пухлін жанчыны знаходзяць менавіта пры самаабследаванні. І не чакайце, пакуль боль з’явіцца, яго можа і не быць.
— Цяжка падлічыць, колькім пацыенткам доктар Путырскі вярнуў здароўе і жыццё. Але, да таго ж, Вы яшчэ і заснавальнік медыцынскай дынастыі…
— Сапраўды, я лячыў і лячу многіх жанчын і не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Безумоўна, як урачу прыемна, калі мы разам з пацыенткай перамагаем хваробу, а потым на прыёме ўпэўніваемся, што ўсё добра. Або калі ўчарашняя пацыентка проста патэлефануе і раскажа пра чарговую прыемную падзею ў яе жыцці. Гэта дарагога варта: бачыць радасць у вачах, а калі слёзы, то ад шчасця.
Што датычыцца другой часткі пытання, то так атрымалася: я і сапраўды першы з роду Путырскіх выбраў медыцыну ў якасці прафесіі. У дзяцінстве праваліўся ў глыбокую траншэю, і мяне засыпала пяском. Урачы, як гаворыцца, выцягнулі з таго свету. Тады і вырашыў: буду лячыць людзей. Сын Юрый, дарэчы, таксама анколаг-мамолаг, кандыдат медыцынскіх навук. Яго жонка — як і мая — гінеколаг. Разам мы стварылі мамалагічны цэнтр, дзе зараз і працуем. Дачка Таццяна таксама па прафесіі ўрач, але выбрала для сябе сцэну, яна спявачка, пераможца многіх песенных конкурсаў. Падрастае ўнучка, якая, магчыма, прадоўжыць медыцынскую дынастыю Путырскіх…
Менавіта прадстаўніцам прыгожай паловы прысвечана большасць Вашых вершаў. Чытаючы іх, дзіву даешся, як мужчына можа так тонка адчуваць унутраны свет жанчыны. Для Вас творчасць — гэта натхненне, адпачынак, спосаб самавыяўлення ці яшчэ штосьці?
— Тут усё ўзаемазвязана. Складаць вершы — патрэба душы. Натхненне прыходзіць непрыкметна, яго не прымусіш і не прызавеш. Неяк па-іншаму паглядзеў на, здавалася б, звычайную бярозку вясной — і нарадзілася рыфма. Сустрэў прыгожую жанчыну з усмешкай — стварыўся верш. Як могуць не натхняць цудоўныя краявіды ці, напрыклад, нараджэнне ўнучкі? Іншы раз люблю ўзяць у рукі баян, ігру на якім асвоіў самастойна… Калісьці вучыўся ў школе танцаў, быў чэмпіёнам Беларусі па хакеі ў турніры «Залатая шайба». У нашай сям’і ўсе творчыя. Сын Юрый таксама піша вершы. У суаўтарстве мы выпусцілі зборнік «Удар маланкі» пра лёсы жанчын, якія сутыкнуліся са страшнай хваробай. Дачка Таццяна спявае пад сцэнічным псеўданімам Ціяна, у тым ліку, выконвае песні на мае словы.
А жыццё прадаўжаецца. І хто ведае, якія таленты яно адкрые ў кожным з нас. Таму неабходна жыць і радавацца кожнаму дню, берагчы тое, што дадзена Богам і лёсам. І ўсім, шаноўныя, даю ўстаноўку на здароўе!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Профессор Путырский снова посетил Ляховичи: 1 комментарий

  • 22/03/2013 в 20:32
    Permalink

    Побольше бы таких встреч организовывали бы… И интересно, и поучительно, и достойно, и важно. Наши медики на такое общение идут крайне редко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *