Выдатна! І здорава. Узнагарод удастоены медыкі Ляхавіччыны

Урачы і іх памочнікі, медыцынскія сёстры і фельчары, супрацоўнікі санітарна-эпідэмічнай службы і лабаранты – медыкі заўжды на перадавой аховы здароўя. Да іх мы звяртаемся, калі хварэем, калі патрэбна неадкладная дапамога. І яны, не шкадуючы ўласнага здароўя, сіл, энергіі, змагаюцца за здароўе і жыццё кожнага пацыента. Медыкі не толькі лечаць, але і займаюцца прафілактыкай, прапагандуюць здаровы лад жыцця, паказваюць у гэтым уласны прыклад. Перамога над хваробай, пацыент, які выздаравеў, недапушчэнне эпідэмічных усплёскаў – галоўная ўзнагарода для медыкаў, пацвярджэнне іх прафесіяналізму. А прыемны бонус – прызнанне, узнагароды і словы ўдзячнасці. Вось і нядаўна тройчы прыемна-віншавальная навіна парадавала землякоў.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву нагрудны знак Міністэрства аховы здароўя «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» уручаны галоўнаму ўрачу УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца» Георгію Хлябовічу. Ганаровую грамату Міністэрства аховы здароўя за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты значны ўклад у забеспячэнне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва атрымаў
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў. Такой жа ўзнагароды па праве ўдастоена за высокі прафесіяналізм і адданасць прафесіі загадчык Востраўскага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Аніскевіч.
Вопыт і пастаяннае жаданне самаўдасканальвацца, уменне знайсці падыход да кожнага і ў той жа час патрабавальнасць да калег, адданасць выбранай прафесіі і пачуццё суперажывання – усё атрымліваецца ў галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Георгія Хлябовіча. Для медыцыны нашага раёна ён можа лічыцца навічком: працуе тут няпоўную пяцігодку. А вось па мерках урачэбнай практыкі Георгій Яўгеньевіч – лічы, аксакал аховы здароўя, яго працоўны стаж – тры дзесяцігоддзі. Тэарэтык і практык, хірург і траўматолаг, доктар і кіраўнік – гэта пра Георгія Хлябовіча. Ён не толькі кіруе адным з самых вялікіх калектываў у раёне, але і прадаўжае працаваць як практыкуючы ўрач. Робіць стаўку на тэхнічнае абнаўленне ўстаноў аховы здароўя раёна і лічыць, што з такімі калегамі, як ляхавіцкія медыкі, можна вырашаць самыя складаныя задачы.
– Ніякай панікі, сітуацыя пад кантролем. Медыкі прыкладаюць усе намаганні, каб супрацьстаяць хваробе. Галоўнае, захоўвайце неабходныя меры прафілактыкі і не займайцеся самалячэннем, – менавіта так падчас першай хвалі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі пры кожнай размове каменціраваў сітуацыю галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў. Яго ўпэўненасць і разважлівасць настройваюць суразмоўцу на пазітыў. Віталій Дзмітрыевіч – высакакласны прафесіянал, амаль два дзесяцігоддзі на пасадзе галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіччыны. Вердыкт, вынесены Віталіем Ціханавым наконт санітарнага стану тэрыторыі ці аб’екта, – бясспрэчны і заўжды абгрунтаваны. За гэты час калектыў райЦГіЭ стаў больш спрактыкаваным, зладжаным і па-ранейшаму трымае на жорсткім кантролі санітарна-эпідэмічную сітуацыю ў раёне. У такой паспяховай і выніковай працы безумоўная і заслуга Віталія Ціханава.
Немагчыма падлічыць, колькі разоў за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай звярталіся да загадчыка Востраўскага ФАПа Таццяны Аніскевіч яе землякі. Вымераць ціск, перавязаць рану, накласці гіпс, зрабіць прышчэпку, паставіць кропельніцу, прыняць роды – усё гэта Таццяна Паўлаўна рабіла неаднойчы. Яна для амаль 900 чалавек (столькі жыхароў навакольных вёсак цяпер у зоне яе медыцынскай адказнасці) не толькі фельчар, але і ўрач, і медсястра, добры суразмоўца і дарадчык у адной асобе. За гэта яе і паважаюць землякі. Таццяна Аніскевіч даўно для іх стала сваёй, а Востраўскі ФАП – адзін з лепшых не толькі ў раёне, але і вобласці.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.