Адзнака апладысментамі. Работнікі культуры Ляхавіччыны адзначылі прафесійнае свята

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Дзейнасць гэтых прафесіяналаў ацэньваецца, у тым ліку, апладысментамі – такую адзнаку ставяць музыкантам, артыстам, спевакам гледачы. У вялікую кагорту культработнікаў уваходзяць і педагогі школ мастацтваў, паэты, мастакі, пісьменнікі, кіраўнікі творчых калектываў і іншыя.
Тых, хто пераўтварае будныя дні ў святы, у мінулую пятніцу ўшаноўвалі ў гарадскім Доме культуры. Сустракалі ўрачыста і прыгожа – для іх іграў духавы аркестр, усіх віталі Музы і ўручалі паштоўкі з віншаваннямі, гучалі цёплыя і сардэчныя словы.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч адзначыла, што на Ляхавіччыне штогод павялічваецца колькасць калектываў з ганаровымі званнямі «ўзорны», «народны» і «заслужаны» – сёння іх 21. А па выніках 2019 года ўстановы культуры раёна заваявалі ў Брэсцкай вобласці другое месца!
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Багдановіч адрасавалі калегам шмат шчырых віншаванняў, словы ўдзячнасці – ветэранам галіны.
Напярэдадні прафесійнага свята ўзнагародамі рознага ўзроўню адзначаны лепшыя з лепшых. Сярод іх – мастацкі кіраўнік ГДК Кацярына Ламака, якой уручана Ганаровая грамата ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.
Падзяка ўпраўлення культуры аблвыканкама за ўдзел у абласным свяце «Дажынкі» аб’яўлена народным калектывам мастацкай самадзейнасці «Экспрэс», «Вінс-акорд», «Берагіня» і іх кіраўнікам Юрыю Грыню, Ірыне Тулейка і Людміле Іваноўскай.
Камандаванне сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адзначыла граматамі за аказаную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця конкурсаў «Палярная зорка» і «Снайперскі рубеж» у межах Армейскіх міжнародных гульняў-2020 творчыя калектывы «Вечарніцы» і «Экспрэса», іх кіраўнікоў Таццяну Пішч і Юрыя Грыня.
Не абышлося і без падарункаў: «Берагіня» атрымала такі неабходны ў творчай працы музычны інструмент – баян.


Залаты фонд і гонар устаноў культуры раёна – яе ветэраны. Ім у святочны дзень словы прызнання і падзякі за вопыт, традыцыі і адданасць справе, а таксама кветкі і сувеніры ад клубнай і бібліятэчнай сістэм.
Слова ад ветэранаў трымала Валянціна Карповіч – былы бібліятэкар Малагарадзішчанскай СБ. Да выканання прафесійных абавязкаў ставілася заўсёды творча, з душой. І зараз, на пенсіі, уся ў грамадскай рабоце.
Валянціна Маслоўская «родам» з Падбароччанскага сельскага клуба, якім загадвала чатыры дзесяцігоддзі. Землякі яшчэ памятаюць выступленні фальклорнай групы «Згода», канцэрты і святы, што арганізоўвала гэты прафесіянал сваёй справы.
Для Лізаветы Мажэйка Крывошынская СБ – першае і адзінае месца працы, якому прысвяціла амаль чатыры дзесяцігоддзі.
У кожнага культработніка – свая творчая гісторыя, і яна адметная. А ў маладых спецыялістаў – на свяце іх прысвячалі ў прафесію – яна толькі пачынаецца. Няхай працоўныя будні будуць насычаны ідэямі і эмоцыямі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.