З цяплом у душы і … батарэях. Зусім хутка ў камунальнікаў Ляхавіччыны пачнецца гарачы – ацяпляльны – сезон

Раніца сустракае змрокам, лісце на дрэвах афарбоўваецца ў кастрычніцкія колеры, а над ракой усё часцей стаіць туман… Восень прынесла з сабой пахаладанне, а гэта значыць, зусім хутка ў камунальнікаў пачнецца гарачы – ацяпляльны – сезон.

Як расказалі ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», 24 кацельні, якія абслугоўваюцца іх арганізацыяй, атрымалі пашпарты гатоўнасці.

Нарыхтаваны запас мясцовых відаў паліва. Сёлета запасы дроў склалі 3324 кубаметры. Працягваюцца работы па замене цеплавых сетак у вёсках Крывошын і Задвор’е. На даны момант заменена 5,4 кіламетра зношаных сетак на папярэдне ізаляваныя трубы.

Гэты год не стане выключэннем – халады камунальнікі сустрэнуць у поўным узбраенні. У кватэры ляхавічан цяпло прыйдзе, калі сярэднясутачная тэмпература на працягу пяці сутак будзе складаць 8 градусаў і ніжэй. Крыху пазней пацяплее на прамысловых прад-
прыемствах і ў адміністрацыйных будынках.

А першыя на «цёплай» чарзе традыцыйна дзіцячыя садкі і медыцынскія ўстановы. Тут батарэі пачнуць грэцца, калі на працягу пяці сутак сярэднясутачная тэмпература апусціцца да 10 градусаў і ніжэй.

Ірына КУЗЬМІЧ.