Шлях вады гаючай. Невялічкая вёска Смаленікі Ляхавіцкага раёна днямі трапіла ў цэнтр падзей

Такой лясная крынічка ў Смаленіках стала пасля першага дня працоўнага дэсанта.

Мясцовая крынічка стала аб’ектам добраўпарадкавання

На Брэстчыне па ініцыятыве абласнога аб’яднання прафсаюзаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праходзіць конкурс даследчых работ «Жыві, крыніца!». Прысвечаны ён 80-годдзю прафесійна-тэхнічнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У Год малой радзімы – адраджэнне крыніц, іх добраўпарадкаванне, «інвентарызацыя» прыроднага багацця і яго захаванне – справа ўсіх і кожнага. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы вырашылі сумясціць важнае з карысным і заявілі пра ўдзел у абласным конкурсе.
Аб’ектам увагі выбралі крыніцу ў Смаленіках, пра якую выкладчыцы плодаагародніцтва Таццяне Прыхач расказалі ў райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Разам з лясгасам выехалі на месца, вызначылі фронт работы, ацанілі сілы, і ідэя пачала трансфармавацца ў працу.
12 кастрычніка навучэнцы ЛДАКа з выкладчыкамі, супрацоўнікамі лясгаса адправіліся ў вёску, дзе пасярод ляснога астраўка прапісана крыніца. Калі яна там з’явілася? Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што даўно. Існуюць і паданні пра яе ўзнікненне. Каб даведацца пра іх, каледжскі працоўны дэсант раздзяліўся: дзяўчынкі з выкладчыцай рускай і беларускай моў Таісіяй Шпак адправіліся па дамах вяскоўцаў, каб паслухаць іх версіі, а хлопцы з 41 «агра» групы разам з галоўным ляснічым лясгаса Дзянісам Герасіменкам і начальнікам пажарна-тэхнічнай станцыі дзяржаўнай лясной аховы лясгаса Пятром Шадурам (і па сумяшчальніцтве вопытным будаўніком) узяліся за добраўпарадкаванне. Пачалі з уборкі лісця і галля, выграблі смецце. Работа кіпела. І ўжо ў першы дзень можна было параўноўваць, як было і стала.
Стала чыста, вымасцілі каменнем крыніцу, а сцежку-ступені да яе «апранулі» ў драўляны насціл, уладкавалі спуск. Адраджэнне крыніцы працягвалася і ў наступныя дні. Асаблівасцю работы было тое, што патрабавалася захаваць унікальнасць падземнага ключа.
– З цягам часу металічную ёмістаць, куды цякла вада, каменне пакрыў мох, прысыпала зямля. Мы ж пастараліся так усё зрабіць, каб вада віравала і фільтравалася праз каменьчыкі і пясок, і нічога ёй не перашкаджала. Канешне, не забывалі і пра зручнасць для набору вады і знешнюю прывабнасць, – раскрывае крынічныя нюансы Дзяніс Герасіменка.
Таісія Шпак і навучэнкі 21 групы «вет» Мар’яна Коўтун, Мілена Агафонава, Вольга Адаміч – актыўныя ўдзельніцы літаратурна-лінгвістычнага гуртка даведаліся, што крыніцу ў Смаленіках называюць Іванкава. Так звалі гаспадара, які некалі тут жыў і быў добрым і працавітым.
Смаленікі для выкладчыцы дысцыплін спецыяльнага цыкла прафесійнага кампанента Ірыны Дубікоўскай – малая радзіма, дзе ёй знаёма кожная сцяжынка. У дзяцінстве пра крыніцу шмат чула ад дзеда, які працаваў лесніком. А яшчэ сцяжынка да яе не зарастала, захавалася, дзякуючы, у тым ліку, і дачнікам, для якіх самы блізкі шлях да пітной вады быў сюды. Хаця яна там не адна, б’е з-пад зямлі яшчэ некалькі ключоў.


– Навучэнцы ЛДАКа прымаюць удзел у многіх акцыях і працоўных дэсантах. Аднаўленне крыніцы – справа, як кажуць, і для сябе, і для людзей. Тут і выхаванне нашых навучэнцаў, і важкі ўклад у справу добраўпарадкавання, – адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце агракаледжа Таццяна Траццяк.
– Прыняць удзел у ачыстцы крыніцы – нібыта садзіць дрэвы. Вельмі важна пакінуць свой след на зямлі. Так бы ацанілі гэтую работу. Давялося папрацаваць, але вынік таго варты! – не хаваюць эмоцый навучэнцы чацвёртага курса Андрэй Войцік і Вадзім Кудзіновіч.
Работа па добраўпарад-каванні крыніцы на гэтым не спыніцца. Плануецца, што да справы падключацца прадпрыемствы і арганіза-цыі Ляхавіччыны, іншыя зацікаўленыя, каб кропка гэта стала адным з пунктаў турыстычнага маршруту па Ляхавіччыне.

Конкурс «Жыві, крыніца!», у якім прынялі ўдзел навучэнцы ЛДАКа, накіраваны, у тым ліку, на вызначэнне дакладнай колькасці крыніц, іх захаванне і добраўпарадкаванне. У Год малой радзімы важна пакінуць прыгожы след на сваёй зямлі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.