Дасягненні – павышаць, праблемы – вырашаць. За бягучы год у палку МТФ у Ляхавіцкім раёне істотнае прыбаўленне

Паспяховае развіццё малочнай жывёлагадоўлі немагчыма без стварэння належнай кармавой базы, захавання тэхналогій кармлення і даення, працоўнай дысцыпліны і, канешне, абнаўлення малочнатаварных фермаў.

За бягучы год у палку МТФ у раёне істотнае прыбаўленне. Уведзены ў эксплуатацыю малочныя комплексы «Падбарочча» ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і «Сакуны» ў ААТ «Шлях новы». Ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва малочнатаварнага комплексу ў СВК «Ляхавіцкі» і вырабляецца на МТК у «Жарабковічах».

Спрыяць паспяховай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў заклікана і тое, што ў раёне пачала працаваць арганізацыя «Скандынавія сэрвіс», якая займаецца рамонтам і абслугоўваннем даільных апаратаў.

Калі гаварыць пра агульныя вынікі малочнай жывёлагадоўлі, то, у першую чаргу, трэба адзначыць найбольш паспяховыя гаспадаркі – СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор», дзе самыя важкія надоі ад кожнай каровы і, адпаведна, высокі агульны вал малака. Яшчэ крыху – і лідараў дагоніць ДП «Нача», дзе таксама справы ў малочнай галіне ідуць даволі добра.

Нямала робіцца для дасягнення высокіх паказчыкаў і ў ААТ «Жарабковічы». Для прыкладу – яго МТФ «Тальмінавічы». Калі летась, пасля таго, як ферма перайшла да «Жарабковічаў», надоі тут складалі ў сярэднім па чатыры кілаграмы ад кожнай рагулі, цяпер яны выраслі да 18 кілаграмаў. А ўсяго толькі і трэба было накарміць жывёлу, стварыць добрыя ўмовы для ўтрымання кароў і для работы жывёлаводаў.

Дарэчы, гэта сельгаспрадпрыемства сёлета ўжо зрабіла выдатную заяўку на паспяховае правядзенне зімовага стойлавага перыяду: назапашана дастойная па якасці і колькасці кармавая база.

Што тычыцца канкрэтна фермаў і комплексаў, то па арганізацыі працы, навядзенні парадку, вытворчых паказчыках лепшымі лічацца МТФ «Русінавічы» («Ляхавіцкі»), МТФ «Галаўнінцы» («Белпрампрыбор»), МТК «Чашчы» («Жарабковічы»), МТФ «Цэнтр» («Нача»), МТК «Сакуны» («Шлях новы»).

Ёсць праблемы з вытворчасцю малака ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Шлях новы», КСУП «Ліпнянка». Аднак і рэзервы для паляпшэння сітуацыі, безумоўна, ёсць. Тым больш, там працуюць людзі, стараюцца.

Спецыялісты райсельгасхарчу імкнуцца часцей наведваць гэтыя сельгаспрадпрыемствы, каб не толькі кантраляваць, але і дапамагаць у наладжванні работы, падказваць. Для каардынацыі работы ўсіх прадпрыемстваў арганізоўваем сумесныя семінары, вучобу. Значную работу праводзяць спецыялісты райплемстанцыі і райветстанцыі.

Агульнай і пакуль так і не вырашанай праблемай для многіх гаспадарак з’яўляецца недахоп кадраў. Але і ў гэтым плане кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў працуе: выязджаюць на размеркаванне ў навучальныя ўстановы, каб заахвоціць маладых спецыялістаў, даюць накіраванне на вучобу выпускнікам мясцовых школ, адпраўляюць людзей на курсы павышэння кваліфікацыі і г. д. Таксама прымаюцца меры для таго, каб расла заработная плата, добрымі былі ўмовы для работы, вырашалася жыллёвае пытанне. Усе гэтыя абставіны, канешне, таксама істотна ўплываюць на прадукцыйнасць працы.

Анастасія РАБЦЭВІЧ, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу.