Не трактар арэ – трактарыст. Механізатар ААТ «Жарабковічы» Эдуард Рачкоўскі хлебароб, араты і бадай увесь светлавы дзень праводзіць сёння на сельскагаспадарчым палетку

Ён жа сее, «сілкуе» глебу, абараняе пасевы ад пустазелля-шкоднікаў-хвароб і шмат чаго яшчэ робіць з праекцыяй на наступную прапарцыянальную ўраджайную аддачу.

Усё вышэйадзначанае – у якасці «дзясятага» напаміну пра тое, што самым і моцным, і магутным, і абсалютна вызначальным звяном любой справы з’яўляецца чалавек-працаўнік, спецыяліст высокага класа і ніяк не меншай ступені адказнасці. У выпадку, калі надзелены падобнымі якасцямі-характарыстыкамі чалавек становіцца ў «баразну» – хоць у першым, хоць у любым наступным сэнсе слова, – тая, несумненна, выйдзе і роўнай, і ў наступным атрымаецца поўнай.

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Эдуард Рачкоўскі (на здымку) зараз у баразне – у прамым сэнсе гэтага слова. Ён хлебароб, араты і бадай увесь светлавы дзень праводзіць сёння на сельскагаспадарчым палетку. Але чаму толькі сёння? Падобнага кшталту падрад спадарожнічаў Эдуарду і ўчора, і пазаўчора, і трэцяга дня. І, наогул –з 1996 года, калі ён прыйшоў у гаспадарку. За плячамі амаль чвэрць стагоддзя толькі «жарабковіцкага» стажу, магутны пласт узнятага на плуг палетка, бясконцы вал іншых сельскагаспадарчых работ.

Пра якасць работы Эдуарда Рачкоўскага, знаёмства з якім адбылося ў мінулы панядзелак, мяркуем, зыходзячы з двух момантаў. Асабіс-тыя назіранні неспецыяліста – гэта толькі па-другое. Першым важным момантам з’яўляецца аўтарытэтнае меркаванне спецыяліста ў асобе начальніка вытворчага ўчастка «Падлессе» ААТ «Жарабковічы» Міхаіла Багацкага.

– Ворыва Эдуарда адрозніваюць відавочная якасць, роўнасць і суцэльнасць. Склад да складу, так што вызначыць межы кожнага асобнага «круга» зусім няпроста. Паказвае добрую прадукцыйнасць: штодзень з-пад яго плуга выходзіць 20-25 гектараў ворыва. Але тут нямала залежыць ад даўжыні гоні. Кароткая, вядома, прымушае круціцца, траціць рэсурс на больш частыя павароты-развароты тэхнікі – трактара з плугамі. Але арэ не трактар, а трактарыст, – завяршае Міхаіл Міхайлавіч.

Максімальна галоўную ролю ў механізатарскім жыцці нашага сённяшняга героя адыграла адзіная марка трактара. «Кіраўцаў» у працоўным жыцці Эдуарда было не адзін, не два і не адной з мадыфікацый гэтай магутнай, але няпростай у эксплуатацыі машыны.

Ужо другі год, як ён перасеў на адну з апошніх версій легендарнага трактара. А да таго былі іншыя, не самыя цудоўныя з пункта гледжання клопату пра чалавека за рулём.

– Улетку даводзілася асабліва няпроста. Гарачыня, пыл даставалі пастаянна, не было куды ад іх дзецца. Не ў прыклад цяперашняму, дзе ўсё непараўнальна лепш, прасцей, камфортней. Але працавалі –
і тады, і зараз, – заўважае Эдуард. Імгненне – і ён аказваецца за штурвалам сваёй машыны. Час араць, а для гэтага найлепшай пары, чым восень, не бывае.

Між іншым, цяперашняя восень для сейбітаў ААТ «Жарабковічы» стала яшчэ і ячменнай. Гаспадарка пасеяла пад дзве сотні гектараў азімага ячменю. Міхаіл Багацкі згадвае яго перавагі:

– Відавочна, раней іншых зерневых рапс гатовы да ўборкі. Тым самым дазваляе на сабе апрабаваць і адпрацаваць комплекс жніўных работ. Па-другое, служыць добрым папярэднікам для наступнай сяўбы таго ж азімага рапсу. Пасяўныя рамкі пашыраюцца.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.