Пяшчотнае прысвячэнне. Прыгожы падарунак падрыхтавалі для ляхавіцкіх матуль на свята

Больш фота тут

У цэнтры асаблівай увагі 14 кастрычніка былі самыя добрыя, клапатлівыя, любячыя і любімыя – нашы мамы. Яны атрымлівалі віншаванні і кветкі, падарункі і шчырыя ўсмешкі, словы ўдзячнасці, у тым ліку ад кіраўніцтва краіны, вобласці, раёна, устаноў і арганізацый.

Прыгожы падарунак падрыхтавалі і для ляхавіцкіх матуль. У сераду ў ГДК сабраліся жанчыны розных узростаў на сваё самае галоўнае свята. І ўжо каля ўвахода ў ГДК пачаліся прыемныя сюрпрызы: кожная жанчына атрымлівала віншавальную паштоўку.
Цёплыя словы, музычныя падарункі, песні і танцы – усё гэта атрыбуты святочнага канцэрта, што ладзіўся ў гонар маці.Асаблівая ўвага, падзяка – зямлячкам, якія ў розныя часы былі адзначаны галоўнай мацярынскай узнагародай – ордэнам Маці. Сярод запрошаных – Таццяна Юшкевіч, Святлана Грышкевіч, Наталля Ракуць, Марына Шчарбакова, Марыя Пацукевіч.
– Я бясконца шчаслівая мама. Мы з мужам выхоўваем у любві і згодзе шасцярых дзетак: чатырох дачушак і двух сыночкаў. Жывём ва ўладкаванай чатырохпакаёвай кватэры. З мужам працуем. Усё выдатна. Я і сама з мнагадзетнай сям’і, нас у мамы пяцёра, – расказвае ляхавічанка Наталля Ракуць.
Марыя Пацукевіч атрымала «Медаль мацярынства» ІІ ступені яшчэ ў 1977 годзе. Сёння Марыя Іванаўна не толькі шчаслівая мама, бабуля, але і прабабуля.
Прыгожа, шчымліва, натхнёна павіншавала зямлячак са святам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна пажадала ўсім жанчынам здароўя, радасці, дабра і натхнення.
Канцэртная праграма падарыла нямала прыемных момантаў. Шчыра, па-дзіцячы непасрэдна віншавалі мам юныя ляхавічане.
Славілі матуль і дарослыя выканаўцы, і самадзейныя калектывы.
У фае размясцілася сапраўдная аранжарэя падарункаў. Свае вырабы на выставу-продаж падрыхтавалі выхаванцы ЦДАДіМ, а таксама майстры з устаноў культуры, аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Актывісты раённай арганізацыі БРСМ арганізавалі салодкі пачастунак, а хлебапёкі-кулінары Ляхавіцкага кааппрама напяклі смакаты.
У гэты дзень мамы шмат словаў падзякі і пашаны ў свой адрас. Але, канешне, галоўныя і самыя жаданыя віншаванні – ад сваіх дзяцей, маленькіх і дарослых.

У ТЭМУ 

У Ляхавіцкім раёне 384 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 1277 дзяцей. Таксама на Ляхавіччыне 22 апякунскія сям’і, 16 прыёмных, два дамы сямейнага тыпу – у іх дзеткі знайшлі сваю другую маму.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.