Стандарты для абароны планеты. 14 кастрычніка ўжо пяць дзесяцігоддзяў сусветная навукова-тэхнічная грамадскасць адзначае Сусветны дзень стандартызацыі

14 кастрычніка ўжо пяць дзесяцігоддзяў сусветная навукова-тэхнічная грамадскасць адзначае Сусветны дзень стандартызацыі.
У Рэспубліцы Беларусь гэта дата з 2000 года з’яўляецца прафесійным святам – Днём стандартызацыі, што падкрэслівае значнасць гэтай дзейнасці для дзяржавы, эканомікі і грамадства, прызнае ўклад тысяч спецыялістаў у яе развіццё.

Кожны год свята ва ўсім свеце праходзіць пад вызначаным дэвізам. У 2020 годзе ён гучыць так: «Стандарты для абароны планеты».

У сваім традыцыйным пасланні кіраўнікі трох вядучых міжнародных арганізацый па стандартызацыі – IEC (Міжнародная электратэхнічная камісія), ISO (Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі) і ITU (Міжнародны саюз электрасувязі) – адзначаюць: «Стандарты, распрацаваныя IEC, ISO і ITU, улічваюць правераныя часам рашэнні тэхнічных праблем. Яны дапамагаюць абменьвацца вопытам і экспертнымі ноу-хау як у развітых, так і ў краінах, якія развіваюцца.

Стандарты ахопліваюць усе аспекты энергазберажэння, якасці вады і паветра, устанаўліваюць працэдуры і метады вымярэнняў. Іх шырокае прымяненне дапамагае знізіць уздзеянне прамысловай вытворчасці і працэсаў на навакольнае асяроддзе, садзейнічае паўторнаму выкарыстанню абмежаваных рэсурсаў і павышае энергаэфектыўнасць».

У Рэспубліцы Беларусь забеспячэнне аховы навакольнага асяроддзя з’яўляецца адной з асноўных мэт і прынцыпаў тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.

У кантэксце дэвіза «Стандарты для абароны планеты» можна адзначыць распрацоўку 48 дзяржаўных стандартаў у галіне электратранспарту, ідэнтычных міжнародным і еўрапейскім, якая ажыццяўляецца ў гэтым годзе. Яны тычацца як электратранспарту, так і інфраструктуры зарадных станцый. Работы ажыццяўляюцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка».

Распрацаваны праекты 11 дзяржаўных стандартаў, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да збору, лагістыкі і апрацоўкі адходаў электрычнага і электроннага абсталявання.

У Беларусі сёння праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на скарачэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе ад «шкоднай» упакоўкі. Да 2022 года плануецца распрацаваць больш за 40 стандартаў, якія
забяспечваюць пацвярджэнне ўласцівасцяў біяраскладальнасці ўпакоўкі, на шматабаротную, шкляную і папяровую ўпакоўку, паўторна перапрацаваную пластмасу, а таксама рэгламентуючыя экалагічныя аспекты.

У Рэспубліцы Беларусь на працягу 2020 года зацверджана больш за 450 дзяржаўных стандартаў (СТБ і ДАСТ). Новыя распрацоўкі тычыліся машына-будаўнічай, транспартнай, будаўнічай, электратэхнічнай, харчовай і іншых галін, сферы паслуг, сістэм менеджменту, стварэння безбар’ернага асяроддзя.

Каля 60 працэнтаў прынятых у 2020 годзе дзяржаўных стандартаў гарманізаваны з патрабаваннямі міжнародных і еўрапейскіх. Гэта прадастаўляе беларускім вытворцам гатовыя тэхнічныя рашэнні, распрацаваныя сусветнымі лідарамі прамысловасці і прызнаныя на міжнародных або рэгіянальных узроўнях, садзейнічае ліквідацыі тэхнічных бар’ераў, росту экспартных магчымасцей.

Па матэрыялах прэс-службы Дзяржстандарта.