І шчырыя радкі ад сэрца. Гэты выпуск «Аптэкі для душы» «ЛВ» прысвячае неардынарнай і вельмі творчай асобе – нашай зямлячцы Веры Дыдышка

Наўрад ці які іншы аўтар, чые творы друкаваліся ў нашай раёнцы, можа параўнацца з Верай Дыдышка па колькасці атрыманых захопленых водгукаў ад чытачоў. «Як жа бяруць за душу гэтыя радкі», «Колькі ў вершах цеплыні», «Да чаго ж шчырая і прыгожая мова», «Калі чытала, плакала, суперажывала»… – тэлефанавалі, пісалі прыхільнікі творчасці нашай таленавітай, неардынарнай зямлячкі.

І сапраўды, у Веры Іосіфаўны што ні верш, то свая маленькая гісторыя, якую хочацца перачытваць зноў і зноў. Яны не могуць не падабацца, бо напісаны сэрцам. З імі можна спрачацца – значыць, узялі за жывое, закранулі патаемныя струны душы. Яны падштурхоўваюць да роздуму.

І ў кожным творы –у радках ці паміж імі – прасочваецца тэма любві: да Беларусі і яе гісторыі, цудоўнай палескай вё-сачкі Свяціца і малой радзімы – Ліпска, прыгожых беларускіх краявідаў, да самых блізкіх і родных –матулі, мужа, дзяцей, сяброў і землякоў. Кожны зборнік твораў Веры Дыдышка (а піша яна і для дарослых, і для дзяцей) – гэта падзея для Ляхавіччыны літаратурнай і не толькі. Яе вершы друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і газетах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Настаўніцкая газета». Вера Іосіфаўна вядомая і як паэт-песеннік. Музыку на яе цудоўныя вершы піша былы яе вучань, цяпер культарганізатар Свяціцкага СДК Мікалай Сокал.

Землякі з непадробным інтарэсам імкнуліся трапіць на творчыя сустрэчы з Верай Дыдышка, якія раней ладзіліся ў бібліятэках раёна, у тым ліку і гарадской купалаўцы, школах, на літаратурных святах.

«Жыццялюбка» – так называецца адна з мініяцюр Веры Дыдышка. Гэта не проста назва, а стаўленне Веры Іосіфаўны да жыцця, якое яна бязмежна любіць, цэніць кожнае яго імгненне, якім выпрабавальным ні быў бы лёс. Яшчэ яна неабыякавы чалавек, не баіцца ўздымаць праблемы і шукае шляхі іх вырашэння. Нездарма Вера Іосіфаўна карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод вяскоўцаў. Свяціца даўно стала для яе любімай і дарагой, у тутэйшай школе доўгія гады настаўнічала разам з мужам Уладзімірам Шыловічам, арганізавалі музей патрыятычнай славы. У Свяціцы яна цяпер жыве. І па-ранейшаму, наколькі дазваляе здароўе, імкнецца быць у гушчыні падзей, не парываць сувязь з землякамі – яны яе натхненне, невычэрпная крыніца творчасці.

Няма такіх тэм, якія б не кранула ў сваіх радках Вера Дыдышка. І няхай і далей зіхаціць нязгаснае святло паэтычнай творчасці нашай таленавітай зямлячкі. Удзячны, што наша газета ўжо шмат гадоў мае гонар друкаваць Вашы вершы. І віншуем з надыходзячым юбілеем!

«ЛВ» і яго чытачы.

Не змагу забыць!

У альбоме фатаграфія жаўцее,
Яна мне дарагая, бо на ёй
Сваятыцкая ціхая алея
Адлюстравана ў красе сваёй.
Узвышаліся там ліпы векавыя,
Захутаныя вэлюмам зімы,
Дзе, закаханыя і маладыя,
Над сваім лёсам варажылі мы.
Хоць толькі як сустрэліся, адразу
Адчула сэрцам я, адчуў ты сам
Быць толькі разам,
назаўсёды разам,
І згодай ліпы прашумелі нам.
…Прайшлі гады, няма алеі мілай,
Цябе са мной няма ў цяжкі час,
А я ўсё помню, як благаславіла
На шчасце, на жыццё алея нас…
І картачку пажоўклую, старую
Да самага я скону зберагу,
Бо не змагу забыць я пору тую,
Цябе забыць ніколі не змагу…

Мастачка Восень

Ах, гэтая мастачка Восень!
Хадою шпаркаю ідзе
І фарбы яркія прыносіць.
Чароўным пэндзлем навядзе –
Чырвонай зробіцца асіна,
Барвова-залацістым клён.
На кронах дрэваў, на галінах
Палаюць фарбы, як агонь!
Багаты гаспадар – Кастрычнік
Залатнікі-лісты не лічыць,
Пад ногі шчодра сыпле іх.
Па сцежцы казачна-прыгожай
Прашу: ступайце асцярожна,
Лістоў не мніце залатых.
Такой прыгожаю парою
І я з’явілася на свет.
Жыву з узвышанай душою,
Свет успрымаю, як паэт:
У ім заўсёды цудаў столькі,
Красы, гармоніі, святла!
…Мастачка ж Восень яму толькі
Яшчэ больш фарбаў дадала.

Кастрычнік

Я любуюся лесам – чырвоным, агністым, барвовым –
Нібы церам прыбраны, такі ён прыгожы стаіць!
І красуецца клён ля дарогі ў вогненна-яркім уборы,
Жоўтай свечкай бярозка на кастрычніцкім сонцы гарыць.

Залатая лістота нячутна ўсцілае сцяжынкі,
Купал сіняга неба, як быццам чароўнае шкло.
І плыве ўдалячынь серабрыстая ніць павуцінкі,
Забірае з сабою гэтай восені яснай цяпло.

А душа ўбірае ў сябе буйства колераў, фарбаў, адценняў,
Развітальную, сумную крыху зямлі прыгажосць.
І ўзрушаецца сэрца,
І ў палон забірае натхненне,
І радок паэтычны прыходзіць – узвышаны госць.

Адно толькі шкада: свята восені будзе не вечным,
Адгарыць яго полымя, і апусцее наш сад.
І лісток парыжэлы апошні апусціцца ціха на плечы,
І на стылую сцежку апошні ўпадзе лістапад…

Рэпетыцыя зімы

Днём кастрычніцкім
прыгожым
Неспадзёўкі снег упаў.
Хіба быць такое можа?
А ён падаў, не растаў.
Пабялелі ўвачавідкі
Поле, лес і сенажаць.
Здзіўленыя аксаміткі
З клумб заснежаных
глядзяць.

Ты дарма, зіма сівая,
Гоніш белыя снягі,
Лістапад пераганяеш
І прыходзіш без чаргі.
Свае снежныя дываны
Трэці дзень дарма трасеш.
Не спяшайся йсці так рана,
Без цябе пакуль што лепш.

Не палохай снегам дужа,
Бо напэўна знаем мы:
Гэты снег яшчэ не сцюжа –
Рэпетыцыя зімы.

Ён яшчэ растане, згіне,
Блісне сонца на зямлі.
Але як шкада вяргіняў,
Што так хораша цвілі!

Адзінота і Надзея

Дзе яны сцяжынку тую падглядзелі,
Па каторай мне здараецца ісці?
Дзве сяброўкі – Адзінота і Надзея –
След у след за мною ходзяць па жыцці.

Ах, Надзея, – гэта яркая падзея,
Гэта радасць,
гэта шчасця прадчуванне,
Чысты свет, вясёлка,
сонечнае ранне,
Гэта вера, гэта палкае каханне!

Адзінота – гэта смутак і згрызота,
І трывожнае адчайнае чаканне,
Змрок, туга, сляпое воблачнае ранне,
Гэта боль, гэта ў жыцці
расчараванне!

Насцеж адчыню жыцця вароты,
У іншы свет сваю сцяжынку пратапчу.
Я пазбавіцца хачу ад Адзіноты,
Я з Надзеяю застацца жыць хачу!

Як балюча! Як салодка! Як трывожна!
Я ўглядаюся ў людскую талаку:
Хто прагнаць мне Адзіноту дапаможа
І падасць маёй Надзеі хто руку?

Спачувальна толькі сонца паглядзела,
Ды нічога не сказала мне з нябёс.
Зноўку побач Адзінота і Надзея…
Можа, гэта мой прадвызначаны лёс?

Узрушэнне сэрца

Ад самага ранку так многа турботаў,
Нікуды ад іх не падзецца.
Нарэшце, усю парабіла работу,
І вось – узрушаецца сэрца!

З грудзей яно вырвацца нават гатова
І да нябёсаў узняцца.
Як птушкі, злятаюцца рыфмы і словы,
На белай паперы садзяцца.

А вечар цудоўныя дорыць імгненні,
Пра іх не сказаць немагчыма.
І падаюць зорачкі ёй на калені,
І вершы складае жанчына…

Прасіла мама…

Прасіла мама: не пішы!
Нашто сваю душу хвалюеш?
Лепш пасядзі ці паляжы,
Можа, тады спакой адчуеш.

Я толькі мару пра спакой!
Хоць зачыняю вокны, дзверы,
Слоў прылятае цэлы рой,
Садзіцца ўладна на паперы.

Днём прылятае і ўва сне,
І я тады не засынаю.

Адкуль яны бяруцца ўсе?
Іх, пэўна, Муза прысылае.

Ператвараюцца ў радкі,
У вобразы ўсе тыя словы.
Не адрываючы рукі,
Пішу – і новы верш гатовы!

Жыву ў палоне сярод слоў,
Ідуць гады – яны са мною.
Гэта жыццё маё, любоў
І шчасце. Не хачу спакою!