Криминал и происшествия в Ляховичском районе

Купі- прадай
Падзеі, на падставе якіх райаддзел Следчага камітэта 2 кастрычніка ўзбудзіў крымінальную справу, адбываліся 21 верасня. Ляхавічанка 1993 г.н. прачытала на “куфары” аб’яву аб продажы шафы і паведаміла прадаўцу рэквізіты сваёй банкаўскай карткі. Вынік – мінус 120 рублёў з рахунку.
Дзесяццю днямі пазней РАСК узбудзіў яшчэ адну справу па ч.2 арт. 212 Крымінальнака кодэкса (крадзёж з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі). 40-гадовы жыхар раёна размясціў паведамленне на пляцоўцы аб’яў “куфар” пра продаж бензапілы. Абманным шляхам у яго пад маркай набыцця тавару абнулілі банкаўскую картку на суму 712рублёў 81 капейку.
Пажывіліся…
РАСК узбудзіў 12 крымінальных спраў па ч. 2 арт. 205 (крадзёж) у адносінах двух жыхароў г. Баранавічы (2001 г.н і 2002 г.н.), якія на працягу ліпеня-верасня выкрадалі з аўтамабіляў ляхавічан паліва і іншую маёмасць. Аматары чужога зараз знаходзяцца пад дамашнім арыштам.
Двое жыхароў раёна 9 кастрычніка прыкладна ў 23 гадзіны дабылі казулю еўрапейскую. Страта, прычыненая прыродзе, ацэнена ў 120 базавых велічынь. Плюс асобы, якіх зараз адшукваюць праваахоўныя органы, панясуць пакаранне, прадугледжаннае Крымінальным кодэксам. РАСК узбудзіў крымінальную справу па ч.4 арт. 282 (незаконнае паляванне).
Ілжэбанкіры на сувязі
З-за махлярскіх дзеянняў невядомых асоб пацярпела нямала жыхароў Ляхавіччыны. На жаль, нашы землякі працягваюць трапляць на вуду зламыснікаў. 7 кастрычніка РАСК узбудзіў чарговую крымінальную справу па ч.2 арт. 212. Жыхару раёна 1982 г.н. патэлефанаваў невядомы і прадставіўся супрацоўнікам “Прыорбанка”. Ілжэбанкір паведаміў, што картрахунак падвяргаецца небяспецы. Каб засцерагчы яго ад узлому, неабходны дадзеныя банкаўскага пластыку. Наш зямляк іх назваў і не далічыўся больш за 380 рублёў. На наступны дзень РАСК узбудзіў яшчэ тры справы па заяве трох чалавек, якія пазбавіліся грошай – на гэты раз ім “тэлефанавалі” з “Беларусбанка”. У выніку – агульны мінус склаў больш за 510 рублёў. Варта помніць: банк не не запытвае ў сваіх кліентаў звесткі па тэлефоне.
Сустрэча з крымінальным вынікам
Сустрэча родных людзей у аграгарадку Востраў скончылася сваркай: пляменнік 1982 г.н пабіў 48-гадовага дзядзьку, які ад атрыманных цялесных пашкоджанняў памёр. РАСК узбудзіў крымінальную справу па ч.3 арт 147 (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). Падазраваемы затрыманы, праводзіцца расследаванне.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, намеснік начальніка РАСК.