Чыстая праца. У Ляхавіцкім раёне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі

БОЬШ ФОТА ТУТ

Акцыі «Чысты лес» сёлета дзесяць гадоў. Менавіта столькі часу яна праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. І Ляхавіччына сярод актыўных удзельнікаў экалагічнага марафону.
17 кастрычніка супрацоўнікі лясгаса, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раёна газазабес-
пячэння, філіяла дзяржэнергагазнагляду, навучэнцы ЛДАКа, мясцовае насельніцтва наводзілі генеральную ўборку ў лясным масіве каля Грушаўкі, уздоўж палігона цвёрдых камунальных адходаў. Работнікі торфабрыкетнага завода садзілі дрэвы на тэрыторыі Востраўскага лясніцтва. Прымеркавана сёлетняя кампанія да Года малой радзімы.
Намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка і ляснік Ляхавіцкага лясніцтва Уладзімір Дыдышка раздалі ўдзельнікам чыстай акцыі неабходны інвентар, і справа закіпела. На шляху працоўнага дэсанта сустракаліся старыя колы, каністры, бутэлькі, папера, не абыходзілі і галлё, якое захламляе лес. Для першакурснікаў з агракаледжа гэты экалагічны марафон першы, але яны з запалам напаўнялі мяхі смеццем, спявалі песні і жартавалі. Канешне, на памяць зрабілі агульнае фота. Колькі яшчэ за час вучобы ў ЛДАКу будзе магчымасцяў праявіць сябе, але ўдзел у рэспубліканскай акцыі – важны і важкі вопыт.
Начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская падкрэслівае, што да прыроднага багацця нельга ставіцца толькі са спажывецкім інтарэсам, варта і вяртаць «даўгі»: не пакідаць смецце ў лесе, вызваляць яго ад захламленасці.
Усе ўдзельнікі экалагічнага марафону атрымалі ад лясгаса, акрамя слоў удзячнасці за ўборку, і невялікія сувеніры на памяць.
Вынік прыбірання – шэсць кубоў смецця.
Наталля Адаменка падкрэслівае, што акцыя «Чысты лес» знаходзіць водгук у землякоў, якія да яе далучаюцца, а таксама тэлефануюць у лясгас і падказваюць кропкі, якім патрабуецца ўвага.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.