Дзяўчаты з нашага двара. Юнацкія каманды Ляхавіцкага раёна паказвалі ў Ганцавічах розную гульню

У Ганцавічах прайшоў занальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

На гэты раз турнір праходзіць не ў свае тэрміны. Замест традыцыйных для першых двух этапаў красавіка –
ліпеня і наступнага вераснёўскага фіналу, мясцовыя і абласныя кампаніі «Скуранога мяча-2020» былі перанесены на восень. А фінальная, удзельнікамі якой стануць па восем каманд ад кожнай узроставай катэгорыі – лепшыя з абласцей і дзве з Мінска, запланавана на студзень.
Традыцыйным з’яўляецца ўзрост ігракоў – малодшая, сярэдняя, старэйшая паралелі сярод юнакоў і дзевяці – адзінаццацігадовыя дзяўчаты. Але аснова і сутнасць заключаецца ў «аматарскім» статусе «Скуранога мяча» – пад яго флагам не маюць права выступаць выхаванцы ДЮСШ, СДЮШАР, футбольных акадэмій пры калектывах майстроў і іншых спецыялізаваных устаноў. З прычыны чаго турнір вядомы яшчэ і пад «брэндам» спаборніцтва дваровых каманд. Пры гэтым, выступленне ў ім прадастаўляе юнакам і дзяўчатам магчымасць праявіцца, звярнуць на сябе ўвагу спецыялістаў і атрымаць запрашэнне папоўніць шэрагі нейкай з футбольных школ, прадоўжыць спартыўную адукацыю на яе базе і новым узроўні. У тым ліку і такая мэта стаіць перад «мячом», а прыкладаў яе ўвасаблення – дзясяткі.
Але ж вернемся ў суседні горад, дзе на працягу двух дзён на стадыёне мясцовай спартыўнай школы было многа гульні і вельмі многа эмоцый. Без апошняга складніка дзіцяча-падлеткавы футбол успрымаецца з цяжкасцю. Настрой на вынік, самааддача кожнага ў кожным эпізодзе гульні нярэдка значаць больш, чым тэхнічная падкаванасць, а перад самаадданасцю «пасуе» і самая сучасная тактыка. Як паведаміў інструктар-метадыст Ляхавіцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Генадзій Новік, юнацкія каманды нашага раёна паказвалі ў Ганцавічах розную гульню. Актыўна атакавалі, надзейна абараняліся, месцамі не шанцавала… Калі ж рэзюмаваць, ні па адным з узростаў ляхавіцкія юнакі мацнейшымі ў спаборніцтве не сталі. А вось дзяўчаты! У нядрэнным стылі імі былі абыграны каманды і гаспадароў спаборніцтва, і суседняга Баранавіцкага раёна. Занальны турнір завяршылі без паражэнняў і сталі яго пераможцамі, атрымалі запрашэнне на ўдзел у абласным этапе «Скуранога мяча».
І ў завяршэнне – яшчэ раз слова Генадзію Новіку:
– У асноўным каманду фарміравалі навучэнкі гарадскіх агульнаадукацыйных навучальных устаноў. Усе дзяўчаты паказалі сябе добра. З’яўляліся камандай, дзякуючы чаму і перамаглі. Але асабліва і асобна адзначу Ульяну Ленкавец. Яна была адзінай у камандзе прадстаўніцай не гарадской – Жарабковіцкай школы. У Ульяны цудоўны футбол.

Іван КАВАЛЕНКА.