Праверка на парадак. «ЛВ» разам з санслужбай праінспектаваў, наколькі чыста на вуліцах Ляхавічаў

Гаражны масіў па вул. Юбілейнай.
У адным з двароў па вул. Арлоўскага.

Падчас месячніка па добраўпарадкаванні «ЛВ» разам з санслужбай праінспектаваў, наколькі чыста на вуліцах нашага райцэнтра

Карэспандэнты раёнкі разам з памочнікам урача-гігіеніста райЦГіЭ Данутай Багдановіч адправіліся ў традыцыйны рэйд.
Зазірнулі ў гаражныя кааператывы і масівы. Калі ў пяці кааператывах да ўладальнікаў гаражоў асаблівых прэтэнзій няма (прыбрана, уладкавана), то да кааператыва па вуліцы Арлоўскага пытанняў нямала. Каля некаторых гаражоў пустазелле і хмызняк хутка будуць упоравень з дахамі пабудоў, вакол іншых – горы смецця, рэшткі будаўнічых матэрыялаў, відаць, што раскіданы тут даўно. Выдадзена прадпісанне на ліквідацыю бардаку.
Што тычыцца гаражных масіваў, то найбольшы непарадак відавочны ў гаражным квартале па вуліцы Южакова. Паміж «кватэрамі» для аўтамабіляў раскідана смецце. Такая ж карціна і паміж двума гаражамі ў кааператыве на скрыжаванні Першамайскай і Южакова. Псуе агульны выгляд вэрхал каля аднаго з гаражоў у масіве па вуліцы Юбілейнай – склад са старых дошак, скрыняў, разбітых лістоў шыферу, кускоў уцяпляльніка. Ды і за масівам – пустазелле ў рост чалавека.
І ў рэдакцыю «ЛВ» тэлефануюць нераўнадушныя гараджане, і ў сацыяльных сетках раз-пораз з’яўляюцца фотафакты пра беспарадак каля кантэйнераў для збору смецця. Кантэйнеры, што стаялі каля аўтобуснага прыпынку па гарадской вуліцы Леніна каля праваслаўных могілак, даўно памянялі адрас. Цяпер адзін з іх стаіць на супрацьлеглым баку недалёка ад царквы. Заехалі і туды.
– Сама скрыня дэфармавана, аснова разбітая, вакол смецце. І, дарэчы, адной скрыні для такой тэрыторыі яўна малавата, – вердыкт, што вынесла памочнік урача-гігіеніста.
Неаднойчы раёнка звярталася да тэмы навядзення парадку ў дварах некаторых шматпавярховак па вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах. Цяпер падчас рэйду зноў зазірнулі туды. У двары дома № 18 ад дзіцячай пляцоўкі засталіся толькі назва і ржавая горка, астатняе зарасло пустазеллем. Як бальзам на душу – насупраць жыльцы дома разбілі цудоўны кветнік. А непадалёку за хлеўчукамі ўжо ў двары дома № 20 чаго толькі ні складзіравана: старыя рэчы, дошкі, пустыя пластыкавыя бутэлькі. Вось там і ўладкавалі сваю дзіцячую пляцоўку мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Праўда, забавы тут могуць прывесці да бяды –
вельмі ж небяспечныя гэтыя самаробныя канструкцыі, да таго ж вакол антысанітарыя.
Данута Багдановіч падкрэслівае, што значна менш нараканняў у санэпідэмслужбы ў плане падтрымання чысціні і парадку да жыллёвых кааператываў па вуліцах Інтэрнацыянальнай, Чкалава, Будаўнікоў.
Сёлета за дзевяць месяцаў спецыялісты райЦГіЭ правялі значную работу па кантролі за санітарным станам тэрыторый. Абследавана 1182 разнастайныя аб’екты, выдадзена 35 прадпісанняў і 108 рэкамендацый па ўхіленні парушэнняў. На нядбайных гаспадароў – прадпрыемствы і арганізацыі рознай формы ўласнасці, асобных грама- дзян – накладзена 46 штрафаў на агульную суму 3292 рублі. Ліквідавана 15 несанк-цыянаваных сметнікаў. Сярод асноўных парушэнняў Данута Багдановіч называе засмечанасць шматпавярховых жылых забудоў, якія знаходзяцца як у камунальнай, так і ў ведамаснай падпарадкаванасці, нямала праб-лем і са старымі разваленымі пабудовамі. У прыватнасці, сярод такіх астраўкоў безгаспадарчасці значацца некаторыя дамы па вуліцах Заводскай у Тухавічах, Камсамольскай у Малым Гарадзішчы, Цэнтральнай у Русінавічах, Маладзёжнай у Свяціцы, Савецкай у Начы, Цэнтральнай у Задвор’і. Ёсць пытанні і да гарадскіх вуліц Гагарына, Інтэрнацыянальнай, Чкалава, Арлоўскага. Як і раней, не ўсё добра са станам кантэйнерных пляцовак: не заўсёды своечасова прыбіраюцца, вывозіцца сабранае. Ды і самі грамадзяне не заўжды добрасумленна сябе паводзяць: абы-дзе выкідваюць мяшкі са смеццем, а кантэйнеры для паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў выкарыстоўваюць зусім не па прызначэнні. Ды і мяхамі з бытавым смеццем каля такіх кантэйнераў, на жаль, нікога не здзівіш.
Пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на тэрыторыі сельсаветаў разглядаюцца на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама. З лепшага боку ў райЦГіЭ адзначаюць работу, праведзеную ў Навасёлкаўскім, Конькаўскім сельсаветах, шмат зроблена таксама ў Альхоўскім і Начаўскім сельсаветах. Варта падцягнуцца і па-гаспадарску заявіць пра сябе і іншым.
А тым часам рыхтуемся сустракаць зіму парадкам. І давайце не будзем спадзявацца, што выпадзе снег і прыкрые безгаспадарчасць.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.