Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі адказаў на тэлефанаванні жыхароў горада і раёна.

Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр МЯДЗВЕЦКІ адказаў на тэлефанаванні жыхароў горада і раёна.
«Прамая лінія» — прамыя і адказы. Канкрэтна, па сутнасці, без двухсэнсоўнасці і спробы згладзіць вострыя вуглы. Прыкладна палова пытанняў была зададзена кіраўніку камунгаса непасрэдна ў ходзе «прамой тэлефоннай гадзіны», іншыя паступілі папярэдне, пры пасрэдніцтве «Ляхавіцкага весніка». Падобная актыўнасць, а ўсяго набралася больш як паўтара дзясятка зваротаў, лёгка прагназавалася — зыходзячы з многагаліновасці прадпрыемства і максімальна вялікай колькасці карыстальнікаў яго паслуг.

Аляксандр Маляр, Ляхавічы, вул. Будаўнікоў, 2:
— У мінулым годзе ў мікрараёне ў цэлым і двары нашага дома ў прыватнасці праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі. Зроблена пакуль не ўсё з абяцанага. Але пытанне ў тым, што ў выніку гэтых работ падчас дажджу, напрыклад, у двары стала збірацца лужына. Пракладзеная пешаходная дарожка перагароджвае шлях вадзе, што сцякае з даху: няма выхаду, і яна трапляе ў падвал дома, фундамент разбураецца. Трэба нешта рабіць.
Марыя Сакун, Ляхавічы, вул. Будаўнікоў, 7:
— У выніку праведзенага летась добраўпарадкавання вуліцы паводкавыя воды сталі запаўняць двор, трапляюць у падвал нашага і суседніх дамоў…
— Два пытанні — адзін адказ. Комплекснае добраўпарадкаванне мікрараёна вуліцы Будаўнікоў яшчэ не завершана, на баланс нашай арганізацыі не перададзена. Заказчыкам па аб’екце выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама. Рашэнне пастаўленых пытанняў не знаходзіцца ў кампетэнцыі ЖКГ.
Валерый Кулак, в. Галаўнінцы:
— Ці плануецца падключэнне жылых дамоў па вуліцы Лугавой у Галаўнінцах да цэнтральнага ацяплення? Людзі цікавяцца…
— Усё ўпіраецца ў фінансы. Калі жыхары вуліцы гатовы патраціцца — то якія могуць быць перашкоды? У якасці арыенціру адзначу, што для гэтага неабходна прыкладна 400 метраў труб у аднатрубным вылічэнні. Прыкладны кошт матэрыялаў і работ для пракладкі 100 метраў труб складае 20 мільёнаў рублёў.
Мікалай Страмавус, в. Набярэжная:
— Каб запоўніць вадой воданапорную вежу, трэба кожны раз ісці і ўключаць помпу. Раней, «у калгасныя часы», усё гэта выконвалася ў аўтаматычным рэжыме. Ці магчыма аднавіць аўтаматыку?
— Адказ кароткі і канкрэтны: у тэрмін да 7 красавіка бягучага года аўтаматыка будзе ўстаноўлена.
Зінаіда Дуброўская, Ляхавічы, вул. Інтэрнацыянальная, 15:
— Устаноўленая на доме агульная тэлевізійная антэна працуе дрэнна. Практычна ва ўсіх кватэрах пад’езда назіраецца няякасны прыём тэлевізійнай карцінкі. Разбярыцеся, калі ласка.
— Калектыўныя тэлевізійныя антэны абслугоўваюцца адным з баранавіцкіх прадпрыемстваў — таварыствам з дадатковай адказнасцю «Сістэма» — згодна з пададзенымі заяўкамі. Са свайго боку, мы, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», звернемся на прадпрыемства з заявай аб неабходнасці тэхнічнага абслугоўвання агульнай тэлеантэны на вашым доме.
Васілій Бут-Гусаім, г. Ляхавічы:
— Нарматывы ці стандарты пасадкі зялёных насаджэнняў на вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры яўна не вытрымліваюцца. У прыватнасці, галіны дрэваў занадта нізка звісаюць над пешаходнай часткай вуліцы, перашкаджаюць праходу. Асаблівыя нязручнасці адчуваюць людзі пажылыя. Такая ж, дарэчы сказаць, сітуацыя і ў перыметры спарткомплексу «Колас».
— Разбяромся. І вашы заўвагі, Васілій Міхайлавіч, абавязкова будуць улічаны падчас вясенняй абрэзкі дрэваў.
Фёдар Лойка, Ляхавічы, зав. Палявы, 11:
— Адсутнічае водаправод. Ці будзе вырашацца наша пытанне? Якім чынам, у якія тэрміны? Была інфармацыя, што, магчыма, работы пачнуцца ў другім квартале года.
— Водаправод будзе. З бюджэту выдаткаваны неабходныя сродкі, і работы па пракладцы сетак пачнуцца ўжо ў другім квартале года. Так што інфармацыя, пра якую вы, Фёдар Фёдаравіч, узгадалі, адпавядае рэчаіснасці.
Ніна Харавец, Ляхавічы, вул. Камсамольская, 9:
— У 2012 годзе звярталася з заявай, каб дапамаглі адрамантаваць ганак дома. Нешта спрабавала сама, але грунтоўна не атрымалася. Дапамажыце, калі ласка. Дом пабудаваны ў 30-я гады.
— У бліжэйшы час нашы спецыялісты правядуць абследаванне на прадмет спецыфікі, мяркуемых аб’ёмаў работ і гэтак далей. Але ўлічваючы, што адна з дзвюх кватэр дома — ваша, Ніна Канстанцінаўна, — прыватызавана, работы мы зможам выканаць на платнай аснове. Вядома, у выпадку вашай згоды.
Ларыса Лісай, Ляхавічы, вул. Чкалава, 12:
— У 2010 годзе звярталіся з пісьмом у райвыканкам па пытанні ўключэння дома ў план на капрамонт. Камісія правяла абследаванне, вынесла заключэнне, што рамонт неабходны і адбудзецца ў ходзе падрыхтоўкі горада да правядзення абласных «Дажынак». Ці будзе капрамонт? Калі?
— На даны момант у план капрамонтаў ваш дом не ўключаны. Тым не менш, пры наяўнасці рэальнага фінансавання ў вашага дома ёсць шанц трапіць пад капрамонт. Пытанне сур’ёзнае, будзем яго прапрацоўваць.
Яшчэ пытанне. У двары знаходзяцца безгаспадарныя пабу-довы. Трушчобы сапраўдныя. Просьба пасадзейнічаць неяк разабрацца з імі.
Пытанне запісваю. Яно ў кампетэнцыі райвыканкама, камунгас — выканаўца. Камісія праводзіць абследаванне, на падставе яго вынікаў адбываецца зверка праз БТІ і іншыя службы на прадмет законна ці незаконна ўзведзены пабудовы. Калі не — адпаведным рашэннем уладальнікі пабудоў абавязваюцца іх знесці. У такім выпадку мы можам аказаць платную паслугу. Тэхнікай, напрыклад.
Віталій Андрушкевіч, Ляхавічы:
— Ці плануецца асфальтаванне вуліцы 60 гадоў Кастрычніка?
Ёсць праект на гэту і іншыя суседнія вуліцы. Але, на жаль, няма грошай. Ні райбюджэт, ні вобласць пакуль не маюць магчымасці прафінансаваць работы.
Ірына Віслоўская, Вольга Чэча, в. Тальмінавічы, вул. Леніна, 7:
— Ці адбудзецца сёлета капрамонт нашага дома, і ці вырашыцца да ацяпляльнага сезона пытанне з яго падключэннем да цэнтральнага ацяплення?
— Пытанне складанае. Некалькі гадоў таму камунгасам была зроблена праектная дакументацыя. Праўда, зараз яе ўжо неабходна карэктаваць па некаторых пазіцыях. Але ж фінансавая рэальнасць не дазваляе ўключыць ваш дом у план рамонту на гэты год. Па ацяпленні, шчыра кажучы, у мяне таксама ўзнікаюць сумненні. Практычна ўся ацяпляльная інфраструктура там была разбурана яшчэ да таго, як дом аказаўся на нашым балансе. Магчыма, ёсць сэнс правесці сход жыльцоў дома. Пагутарыць, ці згодны людзі «ўкласціся» ў аднаўленне сістэмы. У якіх аб’ёмах і якія работы гатовы прафінансаваць. Што да кацельні, то яе магутнасці дастаткова.
Алена Каролік, в. Каранеўшчына:
— Мне неабходна замяніць акно на кухні. Як гэта зрабіць?
— Для гэтага патрэбна звярнуцца з заявай на маё імя. І калі ёсць на тое падстава, вам дапаможа ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Калі ж не — давядзецца мяняць за свае сродкі. Спецыялісты камунгаса пад’едуць да вас. Разбяромся на месцы, у тым ліку і з заявай.
Алена Анушкевіч, Ляхавічы, вул. Чкалава, 4:
— Калі на вуліцы не надта холадна і ў сістэме ацяплення зніжаюць ціск, у адным з пакояў кватэры батарэя грэе недастаткова. Трэба адрэгуляваць.
— Ваша пытанне запісаў. Наколькі ведаю, знаходзіцца ў распрацоўцы дакументацыя на рамонт вашага дома. Плануецца замена даху і іншае. У ходзе ацяпляльнага сезона эксперыментаваць не будзем, а калі «прыйдзем» з рамонтам — паспрабуем усё наладзіць. Але ўжо сёння-заўтра нашы спецыялісты правераць, што да чаго.
Ад імя наведвальнікаў праваслаўных могілак у Ляхавічах звярнулася жанчына:
— Прашу, каб дапамаглі зрабіць у агароджы браму для ўваходу на могілкі з боку гаргазу.
— Трэба, каб нехта прыйшоў у прыёмную ЖКГ і расказаў, дзе іменна яна патрэбна.
— А калонку вы не плануеце там устанавіць?
— У планах яе няма, а браму абяцаю.
Святлана Малевіч, в. Тухавічы, вул. Заводская, 19:
— У мінулым годзе напісала заяву на замену аконных рамаў. Прыйшлі, зрабілі замеры. Калі будуць ставіць?
— Ну, на марозе, мабыць, вокны не мяняюць. Тыдні 2-3 пройдзе — і тады. Пачакаем, каб тэмпература хоць бы на «нуль» выйшла. Разбяромся, сёння ж з вамі звяжуцца.
На «прамой лініі» працаваў
Іван КАВАЛЕНКА.

Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі адказаў на тэлефанаванні жыхароў горада і раёна.: 1 комментарий

  • 26/03/2013 в 22:47
    Permalink

    Спасибо за возможность напрямую задать волнующие вопросы и получить исчерпывающие ответы. Такие формы общения очень нужны людям.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *