У кожнага ёсць родны свой куток…Так пачынаецца верш дзесяцікласніцы з СШ № 1 г. Ляхавічы

Фота з сайта аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама

Так пачынаецца верш нашай юнай зямлячкі дзесяцікласніцы СШ № 1 Ангеліны Саўчык «Уладзіміру Караткевічу прысвячаецца…», які быў надрукаваны напачатку кастрычніка ў газеце «Пераходны ўзрост» у рубрыцы «Больш, чым паэт».

Чым Ангеліна заслужыла такое права? Перш за ўсё, жаданнем спасцігаць нешта новае, праяўляць свае здольнасці і творчым натхненнем. Вынік цудоўны: дыплом III ступені ў рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе літаратурных работ «Зямля пад белымі крыламі», прысвечаным 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча і Году малой радзімы.
– У аб’яднанні па інтарэсах «Забаўнік» цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ангеліна Саўчык займалася некалькі гадоў. Яна вельмі актыўная, ініцыятыўная, цікаўная дзяўчынка. Заўжды з задавальненнем і інтарэсам бярэцца за нешта новае. У яе цудоўная дыкцыя, выдатна трымаецца на сцэне, таму часта выступае ў якасці вядучай разнастайных праграм. Нядаўна вяла ў ГДК святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня настаўніка, – расказвае намеснік дырэктара ЦДАДіМ Ганна Буйко.
На пытанне, што натхніла на напісанне верша, Ангеліна адказвае:
– Люблю беларускую мову. Падабаецца школьны прадмет – беларуская літаратура, які нам выкладае Таццяна Анатольеўна Абражэвіч. Калі Ганна Іванаўна Буйко прапанавала мне паўдзельнічаць у конкурсе, згадзілася. Тым больш, яна падказвала, дапамагала, без яе верш наўрад ці атрымаўся б. З нецярпеннем чакала падвядзення вынікаў конкурсу, хвалявалася, бо ўдзельнічалі ў ім рабяты з усёй краіны. Радавалася, калі даведалася, што трапіла ў тройку прызёраў!
Гэта не першая спроба пяра ў таленавітай дзяўчынкі. Калі яшчэ вучылася ў гімназіі, напісала расказ пра маму, які надрукавалі ў газеце «Дзянніца».
Паэтычная творчасць – не адзінае захапленне юнай зямлячкі. Кола інтарэсаў Ангеліны разнастайнае: яна і вядучая, і артыстка, і актыўная ўдзельніца раённых гульняў Клуба вясёлых і знаходлівых, нават разам з камандай «Пламбір» ЦДАДіМ выступала ў абласной лізе КВЗ.
Ангеліна Саўчык яшчэ пакуль не вырашыла, якую прафесію выбраць. Але цвёрда ўпэўнена, што творчасцю будзе займацца абавязкова.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.