Самы аграрны юбіляр. Прафесіянал-аграрый з вялікай літары, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі з Ляхавіцкага раёна адзначае юбілей

Гэтаму чалавеку толькі самыя шчырыя словы павагі і пашаны, удзячнасці за адданасць сельскай гаспадарцы і бясконцую любоў да роднай зямлі.
На працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў Аляксандр Вітко ўзначальваў  СВК «Ляхавіцкі». Прафесіянал-аграрый з вялікай літары, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, а яшчэ надзвычай мудры, памяркоўны, уважлівы і душэўны чалавек. Як і раней, да яго за парадамі, падказкамі звяртаюцца землякі. І кожнага ён абавязкова выслухае, параіць,  па магчымасці дапаможа, а калі трэба і паўшчувае. Але ўсё гэта робіць па-бацькоўску, з уласцівай яму вясковай разважлівасцю.

Пра высокі прафесіяналізм Аляксандра Вітко сведчаць перш за ўсё значныя дасягненні СВК «Ляхавіцкі» – сельскагаспадарчага флагмана раёна, узорнай гаспадаркі, дзе на не самых урадлівых землях каласіцца важкі колас, расце смачная бульба, а рагулі – рэкардсменкі па надоях. Цяжка падлічыць, колькі мясцовых рэкордаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве паставілі работнікі гэтай гаспадаркі, колькіх узнагарод удастоены на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях. Аляксандр Іванавіч неаднойчы прызнаваўся лепшым кіраўніком сельгаспрадпрыемства, яго прозвішча заслужана і неаднойчы называлася сярод герояў «Дажынак».
Прайсці школу Вітко – значыць, удасканаліцца ў майстэрстве і ў будучым дасягнуць прафесійных вяршынь. Шчыраваць у «Ляхавіцкім» заўжды было, ёсць і, напэўна, будзе пачэсна. А яшчэ Аляксандр Іванавіч разам з жонкай Раісай Іванаўнай – заснавальнікі сямейнай аграрнай дынастыі. Ён перадаў любоў да зямлі і прафесіі сыну Івану, які цяпер старшыня СВК «Ляхавіцкі», унуку Аляксандру Шымкевічу – галоўнаму аграному сельгаспрадпрыемства. А колькі землякоў атрымалі пуцёўку ў жыццё і прафесію, беручы прыклад з Аляксандра Вітко. Ён заўсёды гаворыць, што шчаслівы чалавек, бо займаецца любімай справай, побач – вялікая і дружная сям’я, вакол –
землякі.


23 кастрычніка Аляксандр Вітко адзначыў важкі юбілей, яму споўнілася 75 гадоў. І ў гэтым шаноўным узросце ён не адпачывае дома – працуе намеснікам старшыні СВК. Да ўсіх віншаванняў і цёплых слоў, што гучаць у адрас гэтага цудоўнага чалавека, ад душы далучаецца і «ЛВ». «Веснікаўцы» жадаюць Аляксандру Іванавічу моцнага здароўя, выдатнага настрою, поспехаў ва ўсім і доўгіх гадоў жыцця.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.