Падзяліцца цяплом душы. Да ўдзелу запрашаюцца нераўнадушныя ляхавічане

Што можа адзін чалавек? Мала што. А вось калі за справу ўзяцца талакой – вынік забяспечаны. Цяжка справіцца з наступствамі халоднага надвор’я сем’ям, якія знаходзяцца ў статусе сацыяльна неабароненых, тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Не заўсёды яны маюць магчымасць набыць дзіцяці цёплыя рэчы.

А вось калі плячо дапамогі падстаўляе сябар – праблема вырашаецца. У сацыяльна-педагагічным цэнтры з кастрычніка па снежань традыцыйна праводзіцца дабрачынная акцыя «Цяпло маёй сям’і», да ўдзелу ў якой запрашаюць нераўнадушных ляхавічан. Як правіла, дома заўсёды ёсць рэчы, з якіх свае дзеці ўжо выраслі. Калі яны ў добрым стане, то яшчэ паслужаць іншым. СПЦ прапаноўвае падзяліцца цёплымі рэчамі, абуткам, адзеннем для дзяцей і падлеткаў рознага ўзросту. Можа ў кагосьці ёсць непатрэбныя столік са стульчыкам для кармлення малых ці дзіцячая каляска, а таксама рэчы для немаўлят.
На Ляхавіччыне 1277 дзяцей выхоўваюцца ў 384 мнагадзетных сем’ях, 82 хлопчыкі і дзяўчынкі – у 30 малазабяспечаных сем’ях. 85 дзяцей з 38 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 66 непаўналетніх маюць статус сірот, засталіся без бацькоўскай апекі.
Тыя, хто жадае дапамагчы, могуць звяртацца ў сацыяльна-педагагічны цэнтр па адрасе: г. Ляхавічы, вул. Дзесюкевіча, 25 (другі паверх). Кантактны тэлефон 2-11-81.
Марына ЯРАШ,
сацыяльны педагог СПЦ.