Ляховичи:быть клиентом настоящего мастера — большая удача

Святлана Мурзіч

Цырульнік — гэта мастак, а яго работа — творчасць, якая прыносіць людзям добры настрой, упэўненасць, поспех. Таму быць кліентам сапраўднага майстра — вялікая ўдача для кожнага. Напрыклад, у цырульні «Марына», якая працуе на базе цэнтральнай раённай бальніцы, заўсёды чарга: трапіць «на прычоску» да Святланы Мурзіч не так проста. Найперш паслугі цырульніка яна прапануе пацыентам бальніцы, стараецца не парушыць графік работы ў аграгарадках Жарабковічы, Падлессе, Малое Гарадзішча, Русінавічы, дзе яе чакаюць вяскоўцы. Самы надзейны варыянт — папярэдні запіс да майстра. Калі ты ўжо трапляеш у рукі Святланы, то, несумненна, выйдзеш з прычоскай, адпаведнай узросту, настрою, нагодзе… Яна працуе заўсёды творча, з натхненнем і пераканана, што ў прафесіі цырульніка інакш нельга. Летась Святлана стала лаўрэатам абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства цырульніцкага мастацтва «Натхненне». Яна была адной з лепшых у «тэхнічнай мужчынскай катэгорыі» ў намінацыі «крэатыўная прычоска». Між іншым, гэта не значыць, што яна майстар толькі мужчынскіх прычосак. Іменна стварэнне іміджу жанчын дае прастору для яе творчасці.
Нядаўна работнікі сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва адзначалі сваё прафесійнае свята. Святлана Мурзіч была ў асаблівай пашане: за прафесійнае майстэрства яна ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *