З клопатам і трывогай пра далікатны орган

Сярод злаякасных утварэнняў у прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва часцей за ўсё выяўляецца анкалогія малочнай залозы, прычым колькасць пацыентак з такім дыягназам узрастае. Штогод па ўсім свеце выяўляецца каля 1,38 мільёна новых выпадкаў. Прычым, прыкладна 90 працэнтаў з іх дыягнастуецца ў жанчын, якія перасягнулі 40-гадовы ўзрост. Сусветная арганізацыя аховы здароўя, пачынаючы з 1993 года, аб’явіла кастрычнік месяцам барацьбы з ракам грудзей. Мэта – акцэнтаваць увагу грамадскасці на праблемах, звязаных з анкалагічнымі захворваннямі малочнай залозы, на неабходнасці займацца прафілактыкай, якая садзейнічае ранняму выяўленню і лячэнню гэтай небяспечнай хваробы.

На жаль, і на Брэстчыне колькасць захварэлых ракам малочнай залозы прагрэсіруе: штогод рэгіструецца больш за 600 новых выпадкаў захворвання. Што тычыцца Ляхавіцкага раёна, за 2019 год дыягнаставана дзевяць выпадкаў анкалогіі малочнай залозы, сёлета – пяць, усяго на ўліку знаходзяцца 110 гараджанак і вясковак з такім дыягназам.
Падрабязней спынюся на асноўных фактарах, якія правакуюць утварэнне пухліны і развіццё раку.
Анкалогія малочнай залозы ў жанчыны, маладзейшай за 20 гадоў, сустракаецца даволі рэдка. Не намнога часцей такі дыягназ ставіцца і ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў. А потым рызыка захварэць такім ракам да наступлення менапаўзы падвойваецца кожныя 10 гадоў.
Наступны фактар – позні ці ранні прыход менапаўзы. «Паспрыяць» хваробе можа і немагчымасць нарадзіць дзіця, і позняя першая цяжарнасць. Сваю негатыўную ролю адыгрывае і спадчыннасць. У дзесяці працэнтах выпадкаў сярод сваякоў былі анкалагічна хворыя.
Павышаюць шанц стаць ахвярай анкалогіі і дабраякасныя захворванні малочнай залозы, у прыватнасці, мастапатыі. Неспрыяльна сказваюцца на здароўі і аперацыі на малочнай залозе, разнастайныя траўмы гэтага органа, апраменьванні. Высокае ўтрыманне тлушчоў у ежы, атлусценне і злоўжыванне алкаголем павялічваюць рызыку разнастайных анкалагічных захворванняў.
Своечасова праведзеная дыягностыка і правільна пастаўлены дыягназ – вялікі шанц справіцца з хваробай, палепшыць якасць жыцця пацыентак з такім дыягназам, які ў наш час перастаў быць прыгаворам. У Ляхавіцкай ЦРБ праводзіцца ультрагукавое абследаванне малочных залозаў, абавязкова пры прыёме праводзіць абследаванне і ўрач-гінеколаг.
На першым месцы ў дыягностыцы трэба паставіць самаабследаванне. Прывяду алгарытм такіх дзеянняў. Неабходна стаць перад люстэркам і спачатку агледзець грудзі ў становішчы з апушчанымі рукамі, затым – паднятымі ўверх. Потым дзвюма рукамі прамацаць кожны сектар залозы па крузе, праверыць, ці няма выдзяленняў з саскоў. Другі этап пальпацыі праводзіцца ў становішчы лежачы на спіне. Такое самаабследаванне праводзіцца раз у месяц на 5-10 дзень менструальнага цыкла.
Калі знайшлі ў сябе нават па вашых мерках зусім невялічкі вузельчык ці ўшчыльненне, не адкладвайце візіт да ўрача. Гэта якраз той выпадак, калі адцягванне ні ў якім разе не пойдзе на карысць. Даказана навукова і шматгадовай практыкай: на першых стадыях лячэнне куды больш эфектыўнае.
Таксама да ўрача – гінеколага, анколага, мамолага – неабходна звяртацца, калі вы заўважылі любыя змяненні формы, памераў, сіметрычнасці, канфігурацыі накшталт уцягнутых участкаў, язвы саскоў і арэолаў, так званую «апельсінавую скурку» на грудзях, павелічэнне лімфатычных вузлоў, у тым ліку падмышачных, адчуваеце боль у малочнай залозе, асабліва аднабаковую і не звязаную з менструальным цыклам. Не адкладвайце кансультацыю спецыяліста, калі выявілі выдзяленні з саскоў чырвонага ці бурага колеру.
Да інструментальных метадаў адносяцца ультрагукавое даследаванне (рэкамендуецца праходзіць здаровым жанчынам адзін раз у год на 5-8 дзень менструальнага цыкла) малочных залозаў і мамаграфія. Мамаграфія – бадай самы эфектыўны і прызнаны ва ўсім свеце метад, які дазваляе выявіць пухліну на стадыі, калі яна яшчэ не дае метастазаў, калі магчыма хірургічнае ўмяшанне без выдалення ўсёй залозы. Яе рэкамендуецца рабіць, пачынаючы з 40-гадовага ўзросту адзін раз у два гады. Існуюць і іншыя інфарматыўныя метады даследаванняў.
Нельга недаацэньваць такую небяспечную хваробу як рак малочнай залозы. Разам з тым неабходна ведаць, што прагноз пры гэтай паталогіі напрамую залежыць ад стадыі, у якой выяўлена хвароба, а таксама ад гісталагічнага тыпу пухліны. Так, пры І стадыі пяцігадовая выжывальнасць пацыентаў пасля праведзенага радыкальнага лячэння дасягае 90 працэнтаў, а пры ІІІ стадыі – 65 працэнтаў.
Варта прытрымлівацца правілаў рацыянальнага харчавання. Кожная прадстаўніца прыгожай паловы, незалежна ад узросту, павінна сачыць за масай цела. Не забудзем і пра супрацьпухлінную актыўнасць вітамінаў, перш за ўсё, бэта-караціну, вітаміну С. Агародніна аранжавага, жоўтага і чырвонага колераў (морква, перац, памідор) утрымлівае шмат рэчываў, неабходных арганізму. Не забывайцеся пра часнок, цыбулю, зяленіва, яблыкі і цытрусавыя, арэхі – яны валодаюць антыаксідантнымі ўласцівасцямі.
Не насіце цесныя бюстгальтары і беражыце малочныя залозы ад розных траўмаў. Пазбягайце стрэсаў. І яшчэ адна важная ўмова жаночага здароўя – кахаць і быць каханай.

Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ, урач-анколаг Ляхавіцкай ЦРБ.