І пайшла я на кірмаш. У Ляхавічах на восеньскіхм кірмашу было ўсяго ўдосталь

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Для сельгасвытворцаў восеньскі кірмаш – магчымасць знайсці пакупніка на сваю прадукцыю, для землякоў – купіць якасны вітамінны тавар. А для валанцёраў БРСМ – яшчэ адна нагода
для добрых  спраў.

Прыйшоў час чаканых многімі традыцыйных восеньскіх кірмашоў. Першы ў нашым раёне сёлета адбыўся ў мінулую суботу па традыцыйным адрасе – на перадрыначнай плошчы.

Хоць яго пачатак прызначаўся на 8 гадзін раніцы, гудзець кірмаш пачаў куды раней. Нават дождж не стаў істотнай перашкодай. Прыязджалі-прывозілі тавар машыны з сельгасарганізацый, фермерскіх гаспадарак, спяшаліся выставіць на продаж прадукцыю прадпрыемствы раённага спажывецкага таварыства, лясгаса, прыватныя гаспадары: садаводы, агароднікі, рамеснікі.
Каралевай кірмашу стала бульба. Прывезеную з СВК «Ляхавіцкі» расхапілі ў імгненне. Ненадоўга заляжалася ў кузаве аўтамабіля і бульба, якую прадаваў райаграсэрвіс па 40 капеек за кілаграм. Нямала жадаючых было набыць другі хлеб і ў райпо.
Вітамінны хіт – журавіны – таксама сярод асабліва папулярных. У палатках райспажыўкааперацыі журавіны каштавалі па 4,5 рубля за кілаграм. Морква, капуста, цыбуля, чырвоныя буракі, перац, памідоры – агародніны было ўдосталь, яе прапаноўвалі як райпо, так і фермеры, прычым не толькі з Ляхавіцкага раёна. Якіх толькі сартоў яблыкаў не вырошчвае ў сваіх садах фермерская гаспадарка «Машэй М.В.». Смачныя, сакавітыя, вітамінныя, яны кілаграм за кілаграмам насыпаліся ў пакеты пакупнікоў.
Слава пра выдатны лясгасаўскі мёд ідзе даўно, не патрабуе асаблівай рэкламы. Вось і на кірмашы ён карыстаўся попытам. Кошт прымальны: за 720-грамовую баначку прасілі сем рублёў. Прадавалі мёд і гаспадары-прыватнікі.


Усё па 48 капеек за кілаграм – такі цэннік выставіла райпо на зерне пшаніцы, ячменю, трыцікале. Людзі куплялі з задавальненнем. Саджанцы, жывая рыба, на рынку і ў павільёне мясная прадукцыя, прысмакі ад ляхавіцкага кааппрама – таксама ў асартыменце.
Неаднойчы чулі ў свой адрас словы падзякі валанцёры БРСМ, якія дапамаглі паднесці тавар да аўтамабіля, воза, веласіпеда.
На першым восеньскім кірмашы-2020 таксама былі песні, гумар і нават танцы – усё арганізавалі калектывы ўстаноў культуры Ляхавіччыны, на гэты раз – самадзейныя артысты Падлескага СДК.
Купілі не ўсё патрэбнае? Наступны кірмаш запланаваны на 7 лістапада.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.