Патэнцыял ёсць. Трэба яго выкарыстоўваць

Як паведамлялася, 20 кастрычніка Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мароза Мікалая Мікалаевіча.
У мінулую пятніцу пазачарговая ХХІ сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання зацвердзіла Мікалая Мароза на пасаду старшыні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта.

Мікалай Мароз – ураджэнец Столінскага раёна, нарадзіўся ў 1978 годзе. Закончыў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію, Акадэмію Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Працоўную біяграфію пачынаў інжынерам у адным з СВК Дзяржынскага раёна. Працаваў на пасадах галоўнага інжынера, начальніка мехатрада ў сельгаспрадпрыемствах Столінскага і Жыткавіцкага раёнаў, узначальваў інспекцыю Дзяржтэх- нагляду Столінскага райсельгасхарчу. Быў галоўным энергетыкам, выконваў абавязкі намесніка дырэктара ААТ «Торфапрадпрыемства Глінка» Столінскага раёна.
З 2015 года працаваў намеснікам, з 2016 года першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Столінскага райвыканкама, адкуль і накіраваны на работу ў Ляхавіцкі раён.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык.

Сесія  зацвердзіла
Губернатар Брэстчыны прадставіў дэпутацкаму корпусу раёна Мікалая Мароза, расказаў пра яго прафесійную дзейнасць і адзначыў, што Мікалай Мікалаевіч паспеў ужо зарэкамендаваць сябе як добры арганізатар, паспяховы кіраўнік, вопытны прафесіянал. У станоўчых змяненнях, што адбываліся апошнім часам у аграрнай галіне Століншчыны, дзе першым намеснікам старшыні райвыканкама працаваў Мікалай Мароз, ёсць і яго заслуга, бо ён курыраваў менавіта гэту важную галіну.
Таксама ў падтрымку кандыдатуры Мікалая Мароза на пасаду кіраўніка Ляхавіцкага раёна выступілі першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Анастасія Рабцэвіч, дэпутат райсавета дэпутатаў галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Дабрыянец.
У выніку адкрытага галасавання дэпутаты аднагалосна зацвердзілі Мікалая Мікалаевіча Мароза на пасаду старшыні Ляхавіцкага райвыканкама. Новы кіраўнік раённай вертыкалі падзякаваў за аказаны яму давер і адзначыў, што лепш за словы пра чалавека гавораць яго справы. Ён падкрэсліў: любыя поспехі ў развіцці прадпрыемства, рэгіёна – гэта заслуга не аднаго канкрэтнага чалавека, а выніковая работа кожнага на сваім участку.
– Упэўнены, што з вашай падтрымкай, пры правільным падыходзе, з дапамогай аблвыканкама мы разам зможам у бліжэйшы час вывесці Ляхавіччыну на пазіцыі, якія яна павінна займаць. Новаму кіраўніку раёна трэба ўдзяліць сур’ёзную ўвагу кадравай палітыцы. Аднаму, без каманды, справіцца з маштабнымі задачамі немагчыма, – сказаў Анатолій Ліс. Ён падзякаваў дэпутатам за падтрымку, уручыў Мікалаю Марозу пасведчанне кіраўніка раёна і пажадаў поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Патрабуецца  перазагрузка
Пасля сесіі прайшло пасяджэнне гаспадарчага актыву Ляхавіччыны. Старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс спыніўся на найбольш праблемных момантах сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна і патлумачыў змены, што адбыліся ў яго кіраўніцтве. Перш за ўсё, Анатолій Васільевіч падкрэсліў, што ў цэлым стан спраў і ў вытворчай, і ў сацыяльнай сферы не надта і кепскі. Але разам з тым ёсць пэўныя недапрацоўкі і пралікі. Найбольш яны адчувальныя ў сельскай гаспадарцы. А з улікам таго, што Ляхавіцкі раён пераважна аграрны, зразумела, наколькі такія пралікі адмоўна сказваюцца на эканоміцы ў цэлым. Было канстатавана, што на Ляхавіччыне ніжэй, чым у іншых раёнах вобласці, паказчыкі па вытворчасці малака, яго таварнасці, а рэалізацыя малака першым гатункам у тры разы большая, чым сярэднеабласны паказчык. Таксама мы ў адстаючых па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы, колькасці дойнага статка, нарыхтоўцы кармоў. Недапрацоўваем па перазалужэнні пашаў, адпаведна, ідзе і недабор у жывёлагадоўлі.
– Пытанняў неабходна вырашыць шмат. Лозунгамі і заклікамі добра працаваць тут не справіцца. Новаму кіраўніку важна хутка разабрацца са станам спраў і разам са сваімі намеснікамі, спецыялістамі райсельгасхарчу выпрацаваць паступовы план выхаду з сітуацыі, што склалася. На парадку дня – павелічэнне колькасных і якасных паказчыкаў у вытворчасці малака, увага на кармавую базу для жывёлы, павышэнне заработнай платы сельгаспрацаўнікоў. Неабходную дапамогу і падтрымку, безумоўна, акажуць і ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, – зазначыў губернатар Брэстчыны.
Што тычыцца прамысловасці, то, па словах Анатолія Ліса, Ляхавіцкі раён паказвае станоўчыя вынікі, выконваюцца асноўныя прагнозныя заданні. Разам з тым, і ў гэтым накірунку кіраўнік вобласці назваў мінусы. Так, у будаўніцтве замест 70 працэнтаў па ўводзе жылля ў наяўнасці пакуль 41 працэнт ад гадавога задання. Нізкімі тэмпамі ідзе перааснашчэнне вытворчасці. 100 працэнтаў інавацыйнай прадукцыі, выпускаемай у раёне, прыпадае  на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». А што астатнія?
Акцэнтаваў увагу старшыня аблвыканкама і на культуру земляробства. Недапушчальна перадаваць высакабальныя сельгасугоддзі аграпрадпрыемстваў у карыстанне прыватным арганізацыям ці фермерскім гаспадаркам. Няўжо яны лішнія для саміх аграрыяў?
У дачыненні да ААТ «Торфабрыкетны завод Ляхавіцкі» Анатолій Ліс зазначыў, што неабходна павялічваць аб’ёмы і асартымент выпускаемай прадукцыі і пашыраць геаграфію экспарту. Адсутнасць пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці –  гэта бясспрэчны плюс для эканомікі раёна, а вось у тры разы павялічаная колькасць стратных прадпрыемстваў (такія ў нас ПМК-13, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і райпалівазбыт) – адназначны мінус.
Не абышоў увагай старшыня аблвыканкама і стан спраў у адукацыі, медыцыне, ахове правапарадку, пытанні дысцыпліны. Сярод першачарговых задач названы капітальны рамонт будынка цэнтра
дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (праектна-каштарысная дакументацыя на аб’ект ужо зроблена), вырашэнне пытання выдзялення памяшкання для цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Адносна сферы аховы здароўя прагучалі наступныя задачы: патрабуецца капітальны рамонт галоўнаму корпусу ЦРБ, умацаванне матэрыяльнай базы стаматалагічнага аддзялення, ёсць і кадравыя праблемы – не хапае сярэдняга медыцынскага персаналу, урачоў-стаматолагаў. Праблемы не толькі акрэсліваліся, але і прапаноўваліся шляхі іх вырашэння.
– Лічу, што ў Ляхавіцкага раёна вялікі і пакуль яшчэ не да канца выкарыстаны патэнцыял. Таму і зроблены перамены ў кіраўніцтве. Тут ёсць базавыя прадпрыемствы, якія могуць працаваць яшчэ больш вынікова, перспектыўна развівацца. А галоўнае, тут жывуць працавітыя людзі, якія здольныя вырашыць любую пастаўленую задачу, – сказаў Анатолій Ліс.

Галіна КАНЬКО.