Задача – знайсці ўсіх.У спісе прапаўшых без вестак у Ляхавіцкім РАУС значацца 9 чалавек

Перыядычна ў газетах, сацыяльных сетках, на тэлебачанні з’яўляюцца трывожныя паведамленні з сухой фармулёўкай «прапаў без вестак». Знікаюць людзі рознага полу, сацыяльнага статуса, узросту. Адных аператыўна атрымліваецца знайсці, а прозвішчы іншых доўгія гады значацца ў зводках прапаўшых. Куды знікаюць гэтыя людзі і хто займаецца іх пошукам?

Шукаюць і знаходзяць

У спісе прапаўшых без вестак у Ляхавіцкім РАУС значацца 9 чалавек.

Частка паступаючых заяў аб прапаўшых тычыцца тых, хто выехаў за межы Беларусі ў пошуках заробкаў. Сярод гэтай катэгорыі грамадзян вялікая колькасць людзей, якія не турбуюць сябе абавязацельствам падтрымліваць сувязь з роднымі.

– Каб знайсці чалавека ў іншай краіне, супрацоўнікам крымінальнага вышуку даводзіцца сабраць і перапрацаваць велізарны пласт інфармацыі: высветліць, калі і куды чалавек з’ехаў, з кім, як называецца фірма або прадпрыемства, у якім працуе, якім чынам звязваўся са сваякамі, як перасылаў грошы і многае іншае. Затым робіцца спроба звязацца з работадаўцам і даведацца інфармацыю пра прапаўшага. Калі ў гэтым выпадку нічога не ўдаецца высветліць, звязваемся з мясцовымі органамі ўнутраных спраў, медустановамі. На пошукі ідзе шмат часу і сіл, але галоўнае –каб чалавек знайшоўся жывым і здаровым, – гаворыць старшы оперупаўнаважаны вышуковай групы раённага аддзела крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС Дзмітрый Прыхач.

А яшчэ бывае так, што чалавека знаходзяць, але ён не хоча, каб пра яго месцазнаходжанне паведамлялі сваякам. Так, напрыклад, у РАУС звярнулася жанчына і папрасіла знайсці свайго 30-гадовага сына, які прапаў без вестак. Мужчыну знайшлі ў суседнім райцэнтры, але ён па асабістых прычынах адмовіўся выходзіць на сувязь з маці.

У такіх выпадках супрацоўнікі міліцыі фата- графуюць або здымаюць відэа, дзе прапаўшы пацвярджае, што жывы, але казаць пра тое, дзе знаходзіцца, не хоча. А міліцыянеры не маюць права раскрываць такую інфармацыю.

Усе ўзросты падуладны…

Знікаюць людзі розных узростаў. Падлеткі, часцей за ўсё, з-за канфліктаў у сям’і. Бывае, што дзіця баіцца атрымаць «наганяй» з-за дрэннай ацэнкі і лепшым спосабам пазбегнуць пакарання выбірае ўцёкі.

А яшчэ маладыя людзі з’язджаюць за прыгодамі. Так, ужо трэці раз з міліцыянерамі вяртаецца дадому непаўналетняя жыхарка Ляхавіцкага раёна, якая знаёміцца ў сацыяльных сетках і ўцякае да свайго чарговага сябра.

Што тычыцца людзей сталага ўзросту, то прычын іх знікнення можа быць некалькі. Часцей за ўсё міліцыянерам даводзіцца шукаць людзей, якія пакутуюць стратай памяці. Таксама ў зоне рызыкі пажылыя грыбнікі і ягаднікі, якія, не разлічваючы сваіх сіл, заходзяць далёка ў лес, а назад выйсці ўжо не могуць.

– Сезон ціхага палявання небяспечны тым, што людзі рызыкуюць заблудзіць, – расказвае Дзмітрый Прыхач. – Асабліва гэта небяспечна для пажылых людзей, якія не могуць спадзявацца на сваё здароўе ў розных сітуацыях, таму сваіх бабуль і дзядуль ні ў якім разе нельга адпускаць у лес без суправаджэння.

Калі чалавек усё ж такі губляецца ў лесе, да пошукавай аперацыі далучаюцца і іншыя службы.

Так, напрыклад, супрацоўнікі РАНС з пачатку года шэсць разоў выязджалі на пошукі людзей, якія заблудзілі ў лесе. Метады пошуку розныя: калі ведаюць дакладны ўчастак, на якім згубіўся чалавек, разбіваюць плошчу на квадраты і праходзяць тэрыторыю пешшу; калі з грыбніком ёсць сувязь, то ўключаюць у аўтамабілі сірэну, каб чалавек мог выйсці на гук. Але, як адзначаюць супрацоўнікі РАНС, важна правесці пошукі аператыўна, бо многія грэбуюць парадамі выратавальнікаў і не бяруць з сабой у лес запасы медыкаментаў і вады. Таксама ў пошуках прапаўшых прымаюць удзел работнікі лясгаса, паляўнічыя, вайскоўцы.

Нягледзячы на тэрмін, пошук чалавека будзе працягвацца, пакуль пра яго не з’явіцца хоць якая-небудзь інфармацыя. Задача аддзела крымінальнага вышуку РАУС – знайсці ўсіх.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Чалавек прапаў

Ляхавіцкім РАУС адшукваюцца без вестак прапаўшыя:

РАЕЎСКАЯ Валянціна Яўгеньеўна, 24.09.1944 г. н., жыхарка вёскі Свяціца, якая 24 ліпеня 2012 года пайшла з дому ў лес па ягады, па цяперашні час пра яе месца- знаходжанне нічога не вядома.

Прыкметы: на выгляд 65-70 гадоў, рост каля 165 сантыметраў, хударлявага целаскладу, валасы кучаравыя сівыя, вочы блакітныя. Асаблівая прыкмета – адсутнічае фаланга пальца на мезенцы левай рукі.

БУКОВІЧ Анатолій Мікалаевіч, 21.09.1950 г. н.,пражываў у Бярозаўскім раёне ў вёсцы Судзілавічы. 6 жніўня 2011 года пасля выпіскі з Крывошынскай псіхіятрычнай бальніцы выйшаў за яе межы, і яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.

Прыкметы: на выгляд 55-60 гадоў, рост каля 170 сантыметраў, хударлявага целаскладу, валасы русыя кучаравыя, маецца лобная залысіна, вочы блакітныя, губы тонкія.

БУЙКЕВІЧ Агрыпіна Мікалаеўна, 5.09.1932 г. н.,якая 17 лістапада 2003 года пайшла са сваёй кватэры ў вёсцы Свяціца, і да цяперашняга часу пра яе месцазнахо-джанне нічога не вядома.

СЛІВА Вячаслаў Міхайлавіч, 3.05.1933 г. н., жыхар вёскі Пад’язаўле. 7 жніўня 2006 года паехаў з дому ў лес па грыбы, і да гэтага часу пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома.

Прыкметы: на выгляд 76 гадоў, рост 160 сантыметраў, хударлявага целаскладу, твар даўгаваты маршчыністы, бровы густыя, вочы блакітныя, валасы сівыя сярэдняй даўжыні. Асаблівая прыкмета – на правай руцэ адсутнічаюць вялікі і ўказальны пальцы.

САЎЧЫК Міхаіл Іосіфавіч, 14.09.1969 г. н., жыхар вёскі Бенькаўцы. 5 верасня 2017 года паехаў на заробкі ў Расійскую Федэрацыю, і да цяперашняга часу пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома.

ЛАНКУЦЬ Уладзімір Уладзіміравіч, 27.07.1957 г. н., жыхар вёскі Гарбачы. 20 сакавіка 2010 года пайшоў з вёскі Адахаўшчына ў напрамку вёскі Гарбачы, але дадому не дайшоў. Пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома.

Прыкметы: на выгляд 55-57 гадоў, рост каля 176 сантыметраў, хударлявага целаскладу, валасы хвалістыя цёмна-русыя, вочы карыя. Асаблівая прыкмета – на правай кісці рукі татуіроўка ў выглядзе літар.

БУЙКЕВІЧ Аляксандр Васільевіч, 17.04.1972 г. н., ураджэнец вёскі Заліпенне. 2 мая 2012 года паехаў на працу ў горад Сочы, і да цяперашняга часу пра яго нічога не вядома.

Прыкметы: на выгляд 40 гадоў, рост каля 180 сантыметраў, сярэдняй паўнаты, твар авальны, смуглы, вочы блакітныя, валасы чорныя.

ЖАРСКАЯ Яніна Антонаўна, 5. 06.1936 г. н., жыхарка аграгарадка Русінавічы, інвалід II групы. 12 жніўня 2015 года паехала ў горад Салігорск, і да цяперашняга часу пра яе месцазнаходжанне нічога не вядома.

Просьба да ўсіх грамадзян, каму што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне людзей, якія прапалі, паведаміць па тэлефонах: 2-11-70, 6-09-37, 8 (029) 732-88-15 або ў бліжэйшы аддзел міліцыі па нумары 102.