Без працоўных паўзаў і збояў. Новы тыдзень на Ляхавіччыне пачаўся ў звычайным працоўным рэжыме

Новы тыдзень на Ляхавіччыне пачаўся ў звычайным працоўным рэжыме. Нягледзячы на «прагнозы» некаторых Telegrаm-каналаў, 26 кастрычніка прамысловыя прадпрыемствы і АПК раёна, установы медыцыны і адукацыі, будаўнічая галіна, транспартная сфера, камунальная гаспадарка працавалі без паўзаў і збояў.
У кватэрах землякоў было цёпла, грамадскі транспарт хадзіў па графіку, арганізаваны падвоз дзяцей у школы і сады, працавалі магазіны і прадпрыемствы грамадскага харчавання, па звычайным раскладзе шчыравалі работнікі ў заводскіх цэхах, на фермах, палях, мехмайстэрнях і г. д.

Нашы землякі выказалі свае адносіны да заклікаў апазіцыі аб’явіць забастоўку і не выходзіць на працу.

Таісія МАКАРЭВІЧ, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН:
– Забастоўка і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – паняцці несумяшчальныя. На абслугоўванні 73 нашых сацыяльных работнікаў па стане на пачатак кастрычніка знаходзяцца 587 чалавек. А гэта людзі пажылыя, якім патрабуюцца клопат і дапамога амаль штодзень. У сацработніка Востраўскага сельсавета Валянціны Адамчык на абслугоўванні 12 пенсіянераў рознага ўзросту. Пахаладала, і неабходна і паліва прынесці ў дом, і печку распаліць. А яшчэ ў магазін за прадуктамі зайсці, медыкаменты купіць. У Галіны Ламанос з гэтага ж сельсавета, акрамя 12 падапечных, на руках яшчэ і інвалід I групы па зроку. Сям’я сацработніка стала прыёмнай для пажылога чалавека. Таму пра якія паўзы ў рабоце можа ісці гаворка, калі на кану здароўе чалавека?
Гэты панядзелак пачаўся для нас з наведвання Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых і інвалідаў. Днямі сюды пераехала 76-гадовая вяскоўка. Паглядзелі, як яна ўладкавалася, узялі яе заяву на пражыванне і перавод пенсіі ў мясцовае паштовае аддзяленне. Сёння ў Ганчарах другі дом знайшлі 12 чалавек, догляд за якімі кругласутачна, з пазменным графікам ажыццяўляюць пяць сацработнікаў. Тут цёпла і камфортна, ды і кормяць па-дамашняму. А яшчэ пастаяльцам з Ганчароўскага дома сумеснага пражывання навучэнцы СШ № 1 сабралі і перадалі садавіну і агародніну – каб зіма была смачнай.

Андрэй ЧАЙКОЎСКІ, дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
– Для таго, каб баставаць, у нас няма ні прычын, ні часу. Камунальнікі ў кожны сезон пры любым надвор’і прыкладаюць усе намаганні і стараюцца працаваць так, каб і гараджанам, і вяскоўцам было камфортна, утульна, каб навокал панавалі чысціня і парадак. Зараз першачарговая задача – падтрымліваць цяпло ў дамах і кватэрах, установах аховы здароўя і адукацыі, адміністрацыйных будынках.
Таксама прадаўжаюцца месячнікі навядзення парадку і збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. І тут камунгас іграе адну з першых скрыпак.
Не менш адказны ўчастак – забеспячэнне насельніцтва раёна якаснай пітной вадой – спраўляемся і з гэтым. Па-ранейшаму нашы брыгады выязджаюць на выклікі: у кагосьці зламаўся кран, праблемы з каналізацыяй, непаладкі з ацяпленнем і г. д.
Не сакрэт, што ў інтэрнэце былі заклікі не плаціць за паслугі ЖКГ. Лічу іх не проста шкоднымі, а антыдзяржаўнымі. Як можна не плаціць за тое, чым карыстаешся? Прычым, літаральна ўсе такога кшталту паслугі жыхары Беларусі аплачваюць не па поўным кошце. Акрамя таго, не заплаціце за паслугі сёння, заўтра можаце ўвогуле застацца без цяпла, святла, вады і г. д. На шчасце, жыхары Ляхавіччыны не паддаліся на правакацыі, і працэнт аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі не знізіўся.