Пра Ляхавіччыну на «Медыясферы»

«Медыясфера-2020» – рэспубліканскі маладзёжны фестываль, які праходзіць другі раз на базе Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і іншых ведамстваў. Тэмамі ў Год малой радзімы і 80-годдзя ВНУ сталі «Можа, мала сябры яшчэ ведаюць наш край» і «ALMA MATER у маім лёсе». Сярод удзельнікаў, якіх раздзялілі на катэгорыі «профі» і «юніёры», – студэнты ВНУ, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, школьнікі.

Сёлета ўпершыню конкурс з-за эпідсітуацыі прайшоў у лічбавым фармаце. Журы вызначыла 64 фіналістаў, ацаніла больш за 340 работ у пяці намінацыях: «друкаваны СМІ», «электронны СМІ (ТБ, радыё)», «фотапраект», «інтэрнэт-праект», «камунікацыйны праект».
Сярод дыпламантаў «Медыясферы-2020» прагучалі і ляхавіцкія прозвішчы. Дыпломам Міністэрства адукацыі II ступені ў намінацыі «камунікацыйны праект» за работу «Гісторыка-культурная спадчына Ляхавіцкага раёна» адзначаны навучэн- ка 11 класа СШ № 1 Анастасія Перапечка і кіраўнік праекта настаўніца англійскай мовы Кацярына Тарабаш.
Для мяне гэта навіна радасная ўдвая. Дыпламантка – мая дачка. Што адчувае маці, калі яе дзіця хваляць? Гонар і ўдзячнасць. Сардэчная ўдзячнасць педагогу, якому належыць галоўная заслуга ў атрыманні ўзнагароды рэспубліканскага конкурсу. Менавіта ён натхняльнік і спадарожнік навучэнца на шляху да мэты. Часта такі рэзультатыўны ўдзел у творчых іспытах становіцца арыенцірам у вызначэнні прафесійнага інтарэсу і стымулюе да пазнання новага.
Менавіта дзякуючы Кацярыне Віктараўне, яе ўлюбёнасці ў родны край і яго славутасці, Насця  зацікавілася краязнаўствам. У творчай рабоце прэзентуюцца культурныя і гістарычныя аб’екты раёна. Турыстычны маршрут пабудаваны праз Грушаўку, Савейкі, Рэпіхава і Флер’янова і доўжыцца 99 кіламетраў. Выбар абумоўлены асабістай сімпатыяй. Хаця не выключана, што будзе пракладзены і новы экскурсійны напрамак. Работа прадстаўлена на рускай, польскай, нямецкай і беларускай мовах, і гэта абумоўлена тымі гістарычнымі падзеямі і асобамі, якія падчас іх адзначыліся.
Аўтары работы прадумалі і тое, дзе можна зрабіць прыпынак турыстам, калі яны зацікавяцца варыянтам аўтападарожжа. Распрацаваны і велатур, разлічаны на дзень прабегу.
Любоў да малой радзімы не вымераць словамі. Яна ў сэрцы і жаданні, каб Ляхавіччына была самым прыгожым і ўтульным кутком у свеце, каб пра яе ведалі і цікавіліся яе мінулым, адзначае Кацярына Тарабаш. Яна працуе ў СШ № 1 шэсць гадоў і за гэты час паспела зацікавіць сваіх навучэнцаў не толькі англійскай мовай, але і дапамагла хлопчыкам і дзяўчынкам усвядоміць, што вывучаць гісторыю неабходна з пазнання роднага краю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.