Спартакиада ДЮСШ Брестской области по дзюдо завершилась в Барановичах

Горад-сусед знакаміты, у тым ліку, і сваёй барцоўскай школай. Маецца на ўвазе не канкрэтны адрас, не нейкая адна з профільных навучальных устаноў рэгіёна — гутарка аб каранях, традыцыях, шматлікіх «дарослых» поспехах баранавіцкіх выхаванцаў. Карані глыбока схаваны пад пластом гісторыі. Яе адлік пачынаўся з развіцця самба — віда адзінаборства, блізкага да дзюдо па тэхніцы і экіпіроўцы спартсменаў. Закладзеныя ж старой школай традыцыі не проста захоўваюцца — множацца новымі методыкамі, тэарэтычнымі напрацоўкамі, практыкай. І, не на шкоду славянскаму стылю барацьбы, атрымалі працяг на японскім татамі. Як расказаў «ЛВ» трэнер-выкладчык Ляхавіцкай ДЮСШ Віктар Богуш, і на гэты раз арганізатары пастараліся на славу: турнір прайшоў у лепшых традыцыях, роўна, гладка, без арганізацыйных «накладак» і судзейскіх «прыхватаў». Прыкладна паўтара дзясятка школ дзюдо Брэстчыны былі прадстаўлены на спартакіядзе. І кожная з іх прывезла ў Баранавічы 4 склады дзюдаістаў: юнакі і дзяўчаты 1998-99 і 1995-96 гадоў нараджэння. Гэта для разумення канкурэнцыі і, адпаведна, усведамлення важкасці спартакіядных медалёў і вышыні заваяваных п’едэсталаў. Што да вынікаў, то ніякай арыгінальнасці ў дастаткова паспяховым выступленні гаспадароў турніру шукаць не варта, гэта — зноў-такі — у традыцыях. Добра, па словах Віктара Богуша, склаўся турнір для яшчэ адных нашых геаграфічных суседзяў — дзюдаістаў з Івацэвіцкага раёна. Ну і дастаткова нядрэнным падаецца агульнакамандны вынік выступлення барцоў Ляхавіцкай ДЮСШ. У іх банальна крыўднае, паколькі не прызавое, але рэальна высокае чацвёртае месца.
Аб узроўні канкурэнцыі на турніры сведчыць і тое, што нават заваяванне шасці першых, двух другіх і столькі ж трэціх асабістых месцаў не дазволіла ляхавічанам падняцца на каманднае прызавое месца.
Пераможцамі ж спартакіяду пакідалі Кацярына Рабцэвіч, Кацярына Мацулевіч, Крысціна Янушка, Уладзіслаў Пілінога, Данііл Касянкоў, Кірыл Шастак. Другімі былі Ганна Шаўко і Кірыл Пілінога, трэцімі — Ягор Прыхач і Ілья Пілінога.
«Усіх пераможцаў і прызёраў чакае паездка ў алімпійскі спарткомплекс «Стайкі». Для аднаго ўзросту дзюдаістаў у красавіку, для іншых у маі там маецца адбыцца рэспубліканская спартакіяда ДЮСШ і СДЮШАР па дзюдо», — дадаў Віктар Богуш.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *