Сацыяльнае наваселле. У Ляхавіцкім раёне адкрыўся псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў

Клопат пра пажылых грамадзян, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, інвалідаў, адзінокіх сталага ўзросту – адзін з важных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. У тым ліку выдаткоўваюцца немалыя бюджэтныя сродкі на стварэнне належных умоў у спецыяльных установах для знаходжання гэтых катэгорый грамадзян.

Два гады назад Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне пра стварэнне ў Ляхавіцкім раёне псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Адрасам новага сацыяльнага аб’екта стаў будынак былой амбулаторыі Крывошынскай участковай бальніцы. Хутка пачаліся рамонтныя работы, паступова закупляліся неабходнае абсталяванне, мэбля, бытавая тэхніка. На ўсё з рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана 1,5 мільёна рублёў.

– Наша ўстанова разлічана на адначасовае пражыванне 110 чалавек. Напрыканцы кастрычніка мы сустрэлі першых падапечных –  семярых мужчын ва ўзросце ад 45 да 71 года, якія раней жылі ў Ляснянскім інтэрнаце. Створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб жыльцы адчувалі сябе ўтульна і камфортна, як дома. Кругласутачна працуюць медыкі: урач, медсёстры, санітаркі. Повары гатуюць смачныя стравы. Паклапаціліся і пра культурны адпачынак – падабралі ў бібліятэку цікавы кніжны фонд, газеты, часопісы. У холах устаноўлены тэлевізары. Пакоі разлічаны на 4-5 чалавек. Акрамя таго, культарганізатар будзе праводзіць разнастай- ныя мерапрыемствы. Стараемся зрабіць усё магчымае, каб людзям тут было добра, каб яны не адчувалі сябе пакіну- тымі, нікому не патрэбнымі, адзінокімі, – расказвае дырэктар ДУ «Крывошынскі псіханеўра-лагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Алег Траццяк.

Каб тутэйшыя жыльцы не сумавалі па працы, ім прапануюць розныя віды дзейнасці, якімі пастаяльцы могуць займацца, згодна са сваімі магчымасцямі, напрыклад, зграбаць лісце, шыць і г. д. 

Зараз канчаткова фармі- руецца штат работнікаў. Плануецца, што на розных пасадах тут будзе працаваць каля 80 чалавек, у асноўным жыхары бліжэйшых вёсак. А гэта ўжо вырашэнне не менш важнага пытання – занятасці насельніцтва.

На ўладкаванне Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана 1,5 мільёна рублёў.

Галіна КАНЬКО.