Ходзіць полем лістапад. У сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна ўбіраюць буракі

І ёсць такое меркаванне, што мала хто з нас гэтаму факту рады. Чаму радавацца? Кароткім і змрочным дням, не канкрэтнаму – пераходнаму ад дрэннага да вельмі дрэннага – надвор’ю, бясконца доўгай вясенняй перспектыве. Здаецца, песімістычней лістапада можа быць толькі студзень.

Але апошні месяц восені працягвае заставацца аграпрацаўніком, паляводам. Канешне, на сённяшнім сельскагаспадарчым палетку вы ўжо не ўбачыце ранне-асенняга багацця фарбаў і ў самым прамым сэнсе багацця – ураджайнага. Што з вырашчанага там яшчэ застаецца? У некаторых сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны, акрамя некалькіх умоўных коп саломы, бадай і нічога.
Але гэта не пра ААТ «Жарабковічы», на палетку якога каля трох соцень гектараў цукровых буракоў. Выкапана ж ужо больш за 500, кожны з якіх паказаў у сярэднім амаль 515 цэнтнераў ураджайнасці. На пытанне, наколькі гэта лічба з’яўляецца высокай, адказ мог бы выглядаць так: былі ў «Жарабковічах» і лепшыя зборы цукровага караняплода, але былі і відавочна больш спрыяльныя сезоны для яго вырошчвання. Да таго ж, як паведаміў у прыватнай размове адзін «незалежны» аграрый, бурак усё яшчэ працягвае набіраць вагу, расце. Нічога незвычайнага пры такім, як зараз, надвор’і.
І хоць буракі працягваюць убірацца, жарабковіцкія гаспадарнікі зрабілі ўжо нямала крокаў датычна закладкі фундаментаў пад салодкія пасевы наступна-га – 2021-га – года. Размова пра асенне-ворыўныя работы, якія, па стане на ўчарашні дзень, выкананы на больш як 700-гектарным палетку. Мэтанакіравана пад буракі.
Уздым зябліва, да слова сказаць, адзін з класічных сельскагаспадарчых падрадаў кастрычніка і, наколькі дазволіць надвор’е, лістапада. У сезонных планах раённых аграрыяў ёсць пункт – узараць з восені ці не 12 тысяч гектараў палёў. Калі азначаную лічбу прыняць за безумоўны арыенцір, наперадзе ў працаўнікоў нівы вялікі вал работы. Пакуль у іх «зябне» прыкладна пяць тысяч гек-
тараў. Пераходзячы на персаналіі, адзначым, па аператыўнай статыстыцы райсельгасхарчу, найбольш выніковымі на цяпераш-нім этапе аратымі раёна з’яўляюцца льнозавод, ужо названыя «Жарабко-
вічы», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ЗТАА «БелДан», ільно-
насенстанцыя. Але гаспадаркі працуюць у сваіх вагавых катэгорыях, і нашы параўнанні, канешне ж, патрабуюць карэкціроўкі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.