Шлюбны статус і іншыя вынікі перапісу-2019 у Ляхавіцкім раёне

У кастрычніку мінулага года падчас рэспубліканскага перапісу падлічвалася, удакладнялася, падсумоўвалася колькасць насельніцтва і многае іншае. У аддзеле статыстыкі Ляхавіцкага раёна падзяліліся з «ЛВ» данымі пра землякоў. Лічбы прыводзяцца па стане на 4 кастрычніка 2019 года.
Дык колькі тых, у каго ў пашпарце стаіць прапіска з геалакацыяй Ляхавіччына? Статыстыка сцвярджае: 23996 чалавек, з якіх 10701 – гараджане. Па гендарным раздзяленні – 11091 мужчына (46,2 працэнта насельніцтва) і 12905 (53,8 працэнта) прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. На 1000 мужчын прыпадае 1164 жанчыны.
Калі падрабязней па месцы пражывання, то ў Ляхавічах 4856 прадстаўнікоў мужчынскага полу (45,4 працэнта) і 5845 жанчын (54,6 працэнта). У райцэнтры на 1000 мужчын прыпадае 1204 жан-
чыны. З 13295 чалавек сельскага насельніцтва жаночая частка – 7060 (53,1 працэнта).
Сярэдні ўзрост жыхара Ляхавіччыны складае 44,5 года, у жанчын – 47,1 года, мужчын – 41,3 года. У райцэнтры гэта дзяленне адпаведна выглядае так: 39,8; 41,7; 37,5. Агульны сярэдні ўзрост вяскоўца – 48,2 года, 51,7 – у жанчын, 44,3 – у мужчын.
Па ўзросце градацыя выглядае так: да 9 гадоў – 2492 чалавекі, ад 10 да 19 – 2416, ад 20 да 29 – 1916, ад 30 да 49 гадоў – 6155 чалавек. Прадстаўнічая група ад 50 да 59 гадоў – 4085 чалавек, з якіх 2518 – жыхары вёсак і аграгарадкоў раёна. Тых, каму 60-69 гадоў, – 3569, 70 і больш, – 3363 чалавекі.
Землякоў працаздольнага ўзросту на Ляхавіччыне 12459, з іх 5805 – гараджане (54,2 працэнта ад агульнай колькасці гарадскога насельніцтва).
У шлюбе знаходзяцца 5549 прадстаўнікоў моцнага полу (у горадзе – 2555, вёсцы – 2994), 940 разведзены (у райцэнтры такіх 289, у сельскай мясцовасці – 651).
Замужні статус маюць 5667 нашых зямлячак, 1246 ніколі не былі ў шлюбе. У райцэнтры пражываюць 2670 замужніх, у сельскай мясцо-
васці – 2997. На вёсцы больш і разведзеных жанчын – 585 (гараджанак на 18 менш).
Вышэйшую адукацыю ў раёне маюць 3899 чалавек, сярэднюю спецыяльную – 6847, 1654 чалавекі – прафесійна-тэхнічную.
Нашы землякі аднеслі сябе да наступных нацыянальнасцяў: 21260 – беларусы, 1049 – рускія, 210 – украінцы, 1242 – палякі, дзесяць чалавек армянскай нацыя- нальнасці і два яўрэі, яшчэ 223 чалавекі ўказалі іншыя нацыянальнасці.
Беларускую мову лічаць роднай 20968 прадстаўнікоў Ляхавіччыны і размаўляюць на ёй дома 12995, рускую – 2742, але мовай зносін яна з’яўляецца для 10894 чалавек.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.