У школьным раскладзе – перапынак. Як школьнікі Ляхавіччыны правядуць канікулы

У школьнікаў з 1 па 8 лістапада – восеньскія канікулы. У кожнага з рабят свой расклад на гэтыя дні. Але галоўнае, каб адпачынак быў здаровым і бяспечным. Установы адукацыі раёна паклапаціліся з улікам эпідсітуацыі пра цікавае і пазнавальнае правядзенне вольнага часу. Для навучэнцаў – гурткі і аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя пляцоўкі, разнастайныя мерапрыемствы.

У гімназіі, СШ № 2, Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, Начаўскай, Востраўскай, Ліпскай і Тухавіцкай, Тальмінавіцкім ВПК у аздараўленчых лагерах дзённага знаходжання набяруцца сіл 180 хлопчыкаў і дзяўчынак. Прычым, пры кошце шасцідзённай пуцёўкі на 6-10-гадовае дзіця крыху больш за 36 рублёў, бацькоўская аплата складзе толькі 11,5 рубля. Дзяржаўная датацыя ў памеры 25 рублёў 20 капеек прадугледжана і на пуцёўку для рабят ад 11 да 13 гадоў, бацькам неабходна заплаціць усяго 14 рублёў 26 капеек. Прымуць рабят лагеры пры школах 31 кастрычніка.
У Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча прадугледжана і другасная занятасць. Школьнікі з 26 кастрычніка на працягу амаль трох тыдняў па пару гадзін у дзень зграбаюць лісце ў парку Рэпіхава. На аплату іх працы са сродкаў пазабюджэтнага фонду сацабароны выдзелена 1586 рублёў.
Юныя даследчыкі 3 лістапада на базе СШ № 2 прэзентуюць на раённай навукова-даследчай канферэнцыі «З навукай – у будучыню» доследы. У пяці тэматычных секцыях заяўлена 37 работ.
Канешне, свой уклад у канікулярны графік уносяць цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, дзе ведаюць, як заняць рабят на працяглы час. СДЮШАР, дарэчы, адкрыта штодзённа з 8 да 22 гадзін.
Бацькам варта памятаць, што адказнасць за жыццё і здароўе сваіх дзяцей нясуць, у першую чаргу, менавіта яны. А вы ведаеце, дзе зараз знаходзіцца ваш сын ці дачка?

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.