“Здзелка” на пластыку . Схемы, па якіх жыхары Ляхавіччыны пазбаўляюцца грошай, – стандартныя

“ЛВ” неаднойчы публікаваў матэрыялы, у якіх супрацоўнікі праваахоўных органаў папярэджвалі пра махлярскія дзеянні зламыснікаў. Схемы, па якіх жыхары Ляхавіччыны пазбаўляюцца грошай, – стандартныя. Адна з роляў, у якой махляр – патэнцыяльны прадавец. У гэтым выпадку на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы ён выстаўляе вельмі прымальны кошт тавара.
Можа прадставіцца і пакупніком, які “жадае” купіць веласіпед ці газавую пліту і гатовы неадкладна перавесці грошы на банкаўскую картку. Ад нашых землякоў патрабуецца толькі паведаміць даныя “пластыка”. Ілжэпакупнік ці прадавец ненавязліва прапаноўвае прадоўжыць перапіску ў месанджары ці сацыяльнай сетцы. Чаму? Бо да гэтага зламыснік скапіраваў кантакты сапраўднага прадаўца і зараз замятае сляды. Як правіла, гандлёвыя пляцоўкі блакіруюць магчымасць пераходу на падробныя рэсурсы. Вынік “перамовы” – абнуленыя банкаўскія карткі. На жаль, колькасць пацярпелых ад кіберзлачынцаў павялічваецца. Нямала такіх фактаў зарэгістравана і ў нашым раёне, падкрэслівае намеснік начальніка РАСК Аляксандр Траяноўскі.
19 кастрычніка райаддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 212 КК (крадзёж з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі). Пад выглядам набыцця эхалакатара ў ляхавічаніна 1991 г. н. невядомая асоба спісала з банкаўскай карткі 353 рубля. Яшчэ адзін зямляк 1974 г. н. вырашыў прадаць шрубавёрт. Падчас перапіскі ў вайберы ў яго пад выглядам пакупкі спісалі з карт-рахунка 170 рублёў.
Каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў, неабходна перапісвацца з патэнцыйнымі пакупнікамі або прадаўцамі толькі ва ўнутраным чаце гандлёвай пляцоўкі. Для перасцярогі варта перайсці ў профіль і звярнуць увагу на дату стварэння. Павінна выклікаць насцярожанасць, калі ён створаны пару дзён назад. Для пакупак у інтэрнэце лепш выкарыстоўваць асобную картку, на якую не паступаюць зарплата, пенсія ці іншыя даходы.
Жыхар раёна пасля таго, як яму патэлефанаваў быццам прадстаўнік “Беларусбанка” і паведаміў, што карт-рахунак падвяргаецца небяспецы, выдаў усе даныя банкаўскай карткі. Чалавек недалічыўся 386 рублёў. 23 кастрычніка РАСК узбудзіў чарговую крымінальную справу па ч.2 арт. 212.

Супрацоўнікі любога банка не запытваюць даныя па тэлефоне! Калі паступае такі званок, не хвалюйцеся і не панікуйце. Вашы сродкі не даступныя для зламыснікаў, пакуль яны не ведаюць рэквізіты банкаўскай карткі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.