Вальс пад баян. Дыплом I ступені на першым міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці заваявала навучэнка Жарабковіцкага філіяла Навасёлкаўскай школы мастацтваў

Дыплом I ступені на першым міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Маленькая зорачка» ў намінацыі «інструментальная творчасць», кубак пераможцы і сертыфікат удзельніцы – такі камплект узнагарод заваявала  па класе баяна Паліна Пташук.

Фестываль праходзіў у Брэсце ў цэнтры маладзёжнай творчасці. Наша зямлячка стала лепшай сярод 34 канкурсантаў ва ўзроставай групе 10-11 гадоў. Паліна на баяне сыграла вальс з кінафільма «Мой ласковый и нежный зверь» і заслужыла ад журы словы, што прагучалі як настаўленне-пажаданне: у юнай музыканткі добрая будучыня, і калі яна працягне працаваць, то многага даб’ецца.
Настаўніца Алена Глобаж шчыра радуецца поспехам сваёй выхаванкі і дзеліцца, што дзяўчынка вельмі таленавітая і працавітая, займаецца кожны дзень.
– Са складанымі творамі Паліна разбіраецца хутка, схоплівае ўсё на ляту. Валодае добрымі тэхнічнымі данымі і іграе з душой, – адзначае Алена Іванаўна. Настаўніца з 36-гадовым стажам убачыла талент, калі вяла ў дзяўчынкі музыку ў Жарабковіцкай СШ (сумяшчае працу ў школе мастацтваў з урокамі ў агульнаадукацыйнай СШ) і зараз прафесіянальна накіроўвае і падтрымлівае выхаванку.
Гэта першы ўдзел дзяўчынкі ў творчым конкурсе такога ўзроўню. Летась перамагла на раённым конкурсе «Іграй, мой баян», што падштурхнула да далейшых выпрабаванняў. Паліна вучыцца ў Жарабковіцкай школе ў сёмым класе і марыць звязаць сваё жыццё з музыкай. Пры такім імкненні яе галоўнае выступленне яшчэ наперадзе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.