Шанаваць, каб ствараць. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Менавіта ў гэты дзень 1917 года адбылася Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, якая дала адлік стварэнню магутнай дзяржавы СССР і новай эпохі. Ішоў час, мяняліся ідэалогія і ідэалы, адбываліся лёсавызначальныя падзеі ў розных краінах, колькі разоў перакройвалася палітычная карта свету.
У суверэннай Беларусі, адзінай з краін былога СССР, 7 лістапада і сёння застаўся святочным днём. Праўда, няма, як раней, гучных лозунгаў, выступленняў з трыбуны, гаманлівых дэманстрацый з паветранымі шарамі і транспарантамі. Але ўсё ж сёмы дзень лістапада пазначаны ў календары чырвоным колерам. З чым асацыюецца гэта свята ў нашых землякоў?

Наталля КУЛАК, першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі, дырэктар СШ № 1:
– Сёлета адзначаецца 103-я гадавіна з тых векапомных падзей, назва якім Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яна карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі. Грамадзяне незалежна ад сацыяльнага статусу заваявалі права на працу, адукацыю, адпачынак, удзел у кіраванні краінай. У многім менавіта дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ атрымаў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і культурны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру. Старэйшыя пакаленні адстаялі незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будавалі і аднаўлялі народную гаспадарку. Сучаснікі пішуць новыя старонкі суверэннай Беларусі. У кожнага з нас, кім бы мы ні былі, ёсць неацэннае багацце – Радзіма. Іншы раз мы нават не ўсведамляем, наколькі важна для шчасця жыць у міралюбівай краіне, мець магчымасць рэалізаваць сябе як асобу. А для гэтага неабходна берагчы тое, што здабылі нашы продкі, і быць удзячнымі нашчадкамі, не даць ніякім сілам разбурыць адзінства народа.

Мікалай Юрлевіч, старшыня раённага савета ветэранаў:
– Заўжды існавала добрая традыцыя: напярэдадні чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрываць новыя аб’екты: прадпрыемствы, школы, дзіцячыя садкі, участкі дарог, запускаць новыя маршруты транспарту, устанаўліваць рэкорды і не толькі ў вытворчасці, але і спорце. У школах праводзіліся ўрачыстыя лінейкі, піянерскія зборы. 7 лістапада ў многіх цяпер асацыюецца з дэманстрацыямі. У савецкі час гэта было вялікае народнае свята, яно прыходзіла ў кожны дом, кожную сям’ю. Нашы землякі – жыхары Ляхавіччыны, а таксама калгасы, саўгасы, прадпрыемствы за высокія паказчыкі і дасягненні, ударную добрасумленную працу атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды – ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сучаснікі і сёння ганарацца славутым земляком – былым старшынёй знакамітага калгаса імя Ламаносава Героем Сацыялістычнай Працы Генрыхам Траццяком. Такога ж  высокага звання ўдастойваліся трактарыст калгаса «Кастрычнік» Віктар Малышка, звенавая паляводчай брыгады калгаса імя Ламаносава Вольга Мацюшка.
Вопыт, працоўны подзвіг ардэнаносных працаўнікоў – неацэнная энцыклапедыя жыцця для сённяшніх пакаленняў. Мы, ветэраны Ляхавіччыны, ганарымся, што ў нашай краіне так беражліва ставяцца і да гісторыі, і да людзей працы.

Уладзімір МАЛЯР, былы  брыгадзір   мантажнікаў райсельгастэхнікі, узнагароджаны ордэнам Леніна:
– Асабіста для мяне Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў і застаецца святам. Стараліся парабіць да гэтай даты ўсё, каб святкаваць. Адразу пасля дэманстрацыі спяшаліся дамоў за святочны стол ці збіраліся ў сяброў. Мы не проста верылі ў лепшую будучыню, а працавалі так, каб яна абавязкова наступіла. Асабіста я першы запіс у працоўнай кніжцы атрымаў у 18 гадоў, калі ўладкаваўся шафёрам-зваршчыкам у Ляхавіцкую райсельгастэхніку. Як і кожны юнак у СССР, лічыў сваім абавязкам грамадзяніна адслужыць у арміі. Пасля дэмабілізацыі па камсамольскай пуцёўцы ўздымаў цаліну. У маёй працоўнай біяграфіі чвэрць стагоддзя звязана з калгасам імя Ламаносава. Ордэн Леніна атрымаў за тое, што мая брыгада ў рэкордныя 20 дзён зманціравала і запусціла ў эксплуатацыю зерняток у Жарабковічах.

Яўгеній СІНІЛА, першы сакратар райкама ГА БРСМ:
– Так, напэўна, для большасці з сённяшняй моладзі 7 лістапада – проста выхадны дзень. Далёка не ўсе юнакі і дзяўчаты ведаюць, з чым ён звязаны.Таму лічу, што неабходна ў школах, каледжах, вышэйшых навучальных установах праводзіць інфармацыйныя гадзіны, прымеркаваныя да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гісторыю трэба ведаць, яна многаму вучыць. Акрамя таго, калі ведаеш, як жылі ранейшыя пакаленні, як будавалася, развівалася, давала адпор ворагам твая Радзіма, ты будзеш любіць сваю краіну, шанаваць і берагчы яе незалежнасць. Мы, сённяшнія юнакі і дзяўчаты, хочам, каб нашы дзеці, як і мы, жылі, вучыліся, працавалі ў мірнай, свабоднай Беларусі. У сілу ўзросту я ніколі не быў на дэманстрацыях, але ведаю пра іх ад сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў. Магчыма, гэта традыцыя калі-небудзь і вернецца. Новае – гэта ж добра забытае старое.

Падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.