Мацуй мускулатуру фізкультурай. Дзе патэнцыяльны фізкультурнік раёна мае магчымасць атрымаць сваю порцыю фізічнай нагрузкі?

Мускулатура таксама, але не яна асноўная. Гэта для спартсменаў і тых, хто рыхтуецца выйсці на сур’ёзны спартыўны ўзровень у будучым, значэнне маюць біцэпсы, трыцэпсы і іншыя «дэльтападобныя». У выпадку з радавымі фізкультурнікамі, аматарамі ў свой законна вольны час пабегаць, напрыклад, за футбольным або паскакаць за валейбольным мячом галоўным з’яўляюцца здароўе і, што таксама вельмі здорава, задавальненне ад працэсу.

Трэніроўка цела і для душы аддушына

Дык дзе ж і на якім узроўні патэнцыяльны фізкультурнік раёна мае магчымасць атрымаць сваю порцыю фізічнай нагрузкі? Калі паглядзець з пазіцыі мінімальнай прыстасаванасці, то такіх лакацый вельмі шмат што ў горадзе, што ў сельскай мясцовасці, дзе той жа бег ці навамодная і апошнім часам усё больш запатрабаваная скандынаўская хадзьба глядзіцца вельмі гарманічна. А калі яшчэ «самадзейная» траса-сцяжынка сумежнічае, напрыклад, з лесам, адкрывае погляду маляўнічыя краявіды – гэта і для цела нагрузка, і для душы аддушына. Пры жаданні любы невялікі больш-менш роўны ўчастак тэрыторыі можа быць лёгка трансфармаваны ў спартыўна-гульнявое поле. Галоўнае – самаарганізавацца ў каманды – і працэс самааздараўлення пайшоў. Ведаю некалькі чалавек – заўзятараў лыжнага спорту, якія з-за адсутнасці снегу мінулай зімой досыць пакутавалі. Усё ж такі выбраны імі ў якасці замены асфальт лыжа-ролерных трас уяўляе сабой вельмі далёкую альтэрнатыву «жывому» снегу. Але хто шукае, той заўсёды знойдзе – у тым ліку час і месца для асабістай фізкультпаўзы.

Дзецям – СДЮШАР,дарослым – ФСК

Калі вотчынай будучых чэмпіёнаў (а вучаць тут на дзюдаістаў, гандбалістаў, футбалістаў і лёгкаатлетаў) з’яўляецца СДЮШАР раёна, то за арганізацыю і вядзенне фізкультурна-масавай работы адказвае раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Апошні створаны на базе школы і, нягледзячы на факт куратарства над спортам дарослых, з’яўляецца свайго роду яе малодшым братам. Іменна ФСК стаіць за правядзеннем аматарскіх спаборніцтваў па відах спорту раённага і не толькі маштабу. З нядаўніх можна вылучыць удзел нашых каманд у рэспубліканскім турніры «Скураны мяч». Першы – занальны – этап стаў для каманды дзяўчат пераможным, адкрыў дарогу ў Брэст, дзе каля тыдня назад завяршыліся аналагічныя абласныя спаборніцтвы.

Але найбольш масавай спартыўнай дзеяй ФСК з’яўляецца круглагадовая комплексная спартакіяда працоўных калектываў Ляхавіччыны. Праходзіць паэтапна, уключае ў сябе спаборніцтвы па многіх відах і дысцыплінах спорту. На фінішы пераможцы агульнага заліку спартакіяды ўзнагароджваюцца памятнымі кубкамі.

Структуру ФСК фарміруе таксама сетка сельскіх фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. Зрэшты, тэрмін «сетка» ў адрас падобнага тыпу ўстаноў – перабор, паколькі ў складзе ФСК раёна іх усяго два.

За тэнісам – у Русінавічы

Русінавіцкі ФАК, дзе апроч шэрага іншых актыўнасцяў «даюць» і вялікі тэніс, з’яўляецца, бадай, класічным варыянтам установы падобнага тыпу. Асобны будынак, абсталяваны і напоўнены ўсім неабходным для заняткаў фізкультурай і спортам інвентаром. Магчыма, не заўсёды новым, не самым сучасным, далёка не прафесіянальным. Але ж прафесіяналы з лігі чэмпіёнаў сюды і не ходзяць. А, каб падбадзёрыць сябе пасля працоўнага дня партыяй у настольны тэніс, валейбол, міні-футбол, заняцца сілавымі практыкаваннямі, магчымасцяў хоць адбаўляй – было б жаданне.

У якасці і коўча, і загадчыка гаспадаркі, і калектыўнага арганізатара тут інструктар-метадыст Людміла Тарлюк.

– Працуем пяць дзён на тыдзень, за выключэннем нядзелі і панядзелка. Спрабавалі і ў нядзелю, аднак, асаблівага наплыву наведвальнікаў не назіралася. Па графіку зала адчыняецца ў 10 і зачыняецца ў 20 гадзін з перапынкам на абед. Але графік не догма, здараецца карэкціраваць яго ў той ці іншы бок – пад патрэбы наведвальнікаў. На жаль, раней іх было адчувальна больш. Прыязджалі нават жыхары Куршынавіч, Мядзведзіч, Ганчароў, некаторых іншых суседніх вёсак. Зараз падобныя выпадкі не частая з’ява. Колькасць нашых фізкультурнікаў найбольш павялічваецца ў дні школьных і студэнцкіх канікулаў.

Прыязджаючы ў родныя мясціны, многія з рабят-студэнтаў вольны час прысвячаюць, у тым ліку, і заняткам спортам. Інтарэсы ў людзей розныя, а магчымасці нашага ФАКа не сказала б, што бедныя. Ёсць дзе і чым пагуляць у міні-футбол і валейбол, сталы для настольнага тэніса, більярда, шахматна-шашачны. У асобным кутку мы «прапісалі» дартс, ёсць невялікая трэнажорка, якая найбольш запатрабавана ў моладзі і падлеткаў.

Нягледзячы на шчыльную, а то і вельмі шчыльную працоўную занятасць, наведваюць наш ФАК і працаўнікі СВК «Ляхавіцкі». Найчасцей гэта маладыя або бліжэй да сярэдняга ўзросту мужчыны. З пераходам гаспадаркі на зімовы (скарочаны) графік работы спартыўная актыўнасць мясцовых аграрыяў, як правіла, павялічваецца. З вялікім тэнісам Русінавіцкі ФАК «пасябраваў» не так ужо і даўно. Размецілі корт, набылі стойкі-сетку. І хоць звычайна людзі прыходзяць са сваім і пад сябе інвентаром, знойдуцца ў запасніках установы і мячы з ракеткамі. Некаторыя з мясцовых дзетак, здараецца, спрабуюць сябе ў элементах тэніса. На другім паверсе комплексу размясцілі більярдны стол. Людзі прыходзяць, але раю рабіць гэта са сваім «ударным» рыштункам – кіем. Інструмент не танны і далікатны. Дарэчы, пра рыштунак – спартінвентар. Абнаўляць-папаўняць яго дапамагае, у тым ліку, і мясцовая гаспадарка. Пры падтрымцы СВК «Ляхавіцкі» вясной быў часткова адрамантаваны дах, у верасні – падлога. Установа «сябруе» з кіраўніцтвам Начаўскага сельвыканкама. Аднак пры ўсім тым добрым, што фарміруе нашу марку, не бяруся сцвярджаць, што Русінавіцкі ФАК працуе з аншлагам. Ёсць рэзервы і жаданне бачыць усіх вас у нашай установе, – свой грунтоўны маналог Людміла Мікалаеўна завяршае запрашэннем. Маўляў, далучайцеся!

Іван КАВАЛЕНКА.