Прайс са стыльным асартыментам. Прадукцыя КУП «Лячэбна-вытворчыя майстэрні «Крывошын» карыстаецца папулярнасцю і далёка за межамі Ляхавіччыны, нават Брэстчыны

Дырэктар КУП «Лячэбна-вытворчыя майстэрні «Крывошын» Аляксандр Бурбіцкі

Напрыклад, у інтэрнатах гродзенскага студгарадка ложкі «апрануты» ў бялізну, пашытую менавіта на тутэйшым прадпрыемстве.
Калісьці майстэрні былі падраздзяленнем псіхбальніцы «Крывошын» і ствараліся з мэтай прымянення метадаў працоўнай тэрапіі да хворых з псіхічнымі расстройствамі. У 90-я гады лячэбна-вытворчыя майстэрні набылі статус самастойнай гаспадарча-разліковай арганізацыі, што падпарадкоўваецца галоўнаму ўпраўленню аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.

Дырэктар Аляксандр Бурбіцкі і галоўны бухгалтар Васіліна Гатоўчыц.


Сёння прадпрыемствам кіруе Аляксандр Бурбіцкі. Лепшым паказчыкам правільна выбранай стратэгіі дзейнасці служаць эканамічныя выкладкі: сёлета за дзевяць месяцаў выраблена прадукцыі на 470 тысяч рублёў, рэалізавана – на 380. Выручка на аднаго чалавека склала 24 тысячы рублёў (летась была 21 тысяча), у параўнанні з мінулым годам вырасла прадукцыйнасць працы. Працуюць стабільна, маюць заказы і эканамічны плюс. Няхай і невялікі, але галоўнае, што вырабленае не затрымліваецца на складзе. Да таго, гэта камунальнае ўнітарнае прадпрыемства забяспечвае месцам працы 25 чалавек, некаторыя з якіх аформлены па дагаворы.
Шляхі-дарогі мясцовай прадукцыі ідуць не толькі па Беларусі, а і ў Еўропу. Туды накіроўваюцца палеты, якія вырабляюць работнікі тарнага цэха. На ўнутраным рынку запатрабаваны паддоны з дрэва. Заказваюць іх часцей мясцовыя прадпрыемствы – «Інтэрлак», «Фермент» і іншыя. Драўніну перапрацоўваюць тут з веданнем справы, каб звычайны зруб стаў якасным вырабам. За гэта і за ахову працы ў адказе майстар цэха Іосіф Зубік.

Майстар тарнага цэха Іосіф Зубік і станочнік-трактарыст Аляксандр Гапановіч.

Калектыў швейнага цэха на чале з майстрам Галінай Малевіч.


Асноўныя віды дзейнасці швейнага цэха – вытворчасць пасцельнай і сталовай бялізны, спецадзення, адзення з тэкстыльных матэрыялаў, нацельнай бялізны і г. д. – у прайсе прадпрыемства больш за 70 найменняў прадукцыі. І гэта не мяжа. Аляксандр Бурбіцкі ад-
значае, што гатовы выканаць любы швейны заказ – у тэрмін і якасна. Шыюць медыцынскае адзенне для супрацоўнікаў брэсцкай і мінскай хуткай дапамогі. Задавальняюць патрэбы ў медыцынскай «амуніцыі» Ляхавіцкай райбальніцы. Геаграфія заказаў даволі шырокая.
Калектыў швейнага цэха – дзевяць чалавек, усе прафесіяналы, спецыялісты з адпаведнай адукацыяй.

Закройшчыца Марыя Салодкая.


Мала сказаць, што закройшчыца Марыя Салодкая ўмее маляваць, працаваць з тканінай рознай фактуры і чарціць лякалы. Робіць сваю работу з ювелірнай дакладнасцю. У свой час скончыла Брэсцкае тэхнічнае вучылішча, і ўжо 47 гадоў яна ў прафесіі.
Сярод вопытных работнікаў і загадчыца склада Тамара Аўсей. Прыняць тканіну, прадукцыю з цэха, падлічыць і адправіць тавар – усё пад яе строгім улікам ужо амаль 35 гадоў. Дарэчы, любы жадаючы можа менавіта са склада купіць пасцельны камплект, падушку ці ручнік па прымальнай цане.

Загадчыца склада Тамара Аўсей.


З 1973 года ў майстэрнях і насільшчыца Вера Гаўрыс. Уважлівая, кампетэнтная, старанная майстар цэха Галіна Малевіч на прадпрыемстве чатыры дзесяцігоддзі. Штодзень накручвае кіламетры на веласіпедзе з Ліпска і адзначае, што на работу, як на свята.
Ладзіцца справа ў швей Ганны Лешык,  Людмілы Зянько, Ірыны Дубіны, Святланы Мішкевіч – строчка роўная, акуратная. У інструктараў Людмілы Вайшэвіч і Галіны Кулак, акрамя швейных абавязкаў, яшчэ і кантроль за якасцю работы тых пацыентаў бальніцы, якія знаходзяцца тут на рэабілітацыі. Усе жанчыны – сапраўдныя майстрыхі. Кіраўніцтва адзначае, што працаўніцы ў іх адказныя, руплівыя і вопытныя, з імі любая справа па плячы. Аднолькава добра шыюць курткі і медыцынскія маскі. У той дзень, калі карэспандэнты «ЛВ» пабывалі на прадпрыемстве, «у распарадку дня» былі піжамы і фланэлевыя халаты. У цэху цішыня, якая парушаецца стракаценнем машынак. Кожны рух швей за гады адпрацаваны да аўтаматызму.
Дэбет з крэдытам заўсёды сыходзяцца ў галоўнага бухгалтара Васіліны Гатоўчыц. Яна пра дзейнасць лячэбна-вытворчых майстэрняў «Крывошын» ведае ўсё. Прычым не толькі вытворчыя лічбы на памяць, але і пра кожнага супрацоўніка расказвае шчыра і з павагай.
Планы ў калектыву далёка ідучыя – нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і шукаць рынкі збыту. Каб прадукцыя маленькага вясковага прадпрыемства радавала як мага большую колькасць пакупнікоў.

Наталля Перапечка.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.