Гандбол з віншаваннямі. Ляхавіцкая СДЮШАР прымала рэспубліканскі турнір па гандболе

У мінулую нядзелю Ляхавіцкая СДЮШАР прымала рэспубліканскі турнір па гандболе сярод юнакоў 2007- 2008 гадоў нараджэння. Турнір быў прысвечаны памяці першага дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Анатолія Санько. У гандбольных баталіях сышліся дзве каманды з Ляхавічаў і дзве з Баранавічаў.

У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: першай стала каманда «Баранавічы 1», на другім месцы – каманда «Ляхавічы 1», на трэцюю прыступку п’едэстала паднялася каманда «Баранавічы 2».

Яшчэ адзін прыемны момант спаборніцтваў – віншаванне з 80-гадовым юбілеем ветэрана спорту Юрыя Кіслага. Яго ўклад у развіццё і папулярызацыю спорту і гандбола на Ляхавіччыне цяжка пераацаніць: пры ім была пабудавана спартыўная школа, а каманды хлопчыкаў і дзяўчынак прымалі ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

Павіншаваць юбіляра сабраліся ветэраны спорту, былыя вучні. Скарбонка грамат і ўзнагарод Юрыя Захаравіча ў гэты раз пацяжэла. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч уручыла яму Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.

Ветэран атрымаў таксама ўзнагароду абласнога цэнтра развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму сярод навучэн-цаў і студэнтаў. А ад калектыву СДЮШАР і спартсменаў-навучэн- цаў – памятны медаль.

Завяршыліся спаборніцтвы круглым сталом, на якім ветэраны спорту абмеркавалі пытанні развіцця гандбола ў рэгіёне.

З узнагародай! Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую і добрасумленную працу ў галіне фізічнай культуры  і спорту, высокі прафесіяналізм у выкананні службовых абавязкаў  і ў сувязі  з 80-годдзем  з дня нараджэння ўзнагароджаны пенсіянер Юрый КІСЛЫ.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.