Здароўе ў прыярытэце. На пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне аб ходзе рэалізацыі ў раёне дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады»

На кастрычніцкім пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне аб ходзе рэалізацыі ў раёне дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады».

Задачы агульнай важнасці

У раённым комплексе мерапрыемстваў прадугледжаны наступныя пункты: стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, шырокая інфармаванасць пра фактары рызыкі, прапаганда здаровага ладу жыцця, умацаванне сямейных каштоўнасцяў, павелічэнне нараджальнасці, працягласці жыцця жыхароў раёна, скарачэнне ўзроўню смяротнасці, паляпшэнне якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя і г. д.

– Цяжка пераацаніць важнасць акрэсленых задач. Вырашаць іх неабходна разам – медыкам, педагогам, сацыяльнай службе, у баку не павінны заставацца і грамадскія арганізацыі. Бо гэта шырокае кола тэм – ад падтрымкі інстытута сям’і да папярэджання п’янства і алкагалізму, распаўсюджання ВІЧ-інфекцыі і туберкулёзу, – зазначыў галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч, які выступіў з асноўным дакладам.

Дзяржаўная праграма ўключае ў сябе некалькі падпраграм. Адна з іх – «Сям’я і дзяцінства». Па словах Георгія Хлябовіча, выконваюцца ўсе мэтавыя паказчыкі, за выключэннем сумарнага каэфіцыента нараджальнасці. Не зарэгістравана выпадкаў смяротнасці немаўлят.

Сёлета на свет з’явіліся 146 маленькіх жыхароў раёна, паказчык нараджальнасці знізіўся на 24,7 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Каб выправіць сітуацыю, медыкі накіроўваюць усе намаганні для захавання рэпрадукцыйнага здароўя землякоў, зніжэння колькасці абортаў, захавання цяжарнасцей і жыцця кожнага немаўляці, а таксама на захаванне, умацаванне, павышэнне ролі сям’і. Вынік не прымусіў сябе чакаць: зараз адзначаецца павелічэнне колькасці цяжарных, якія знаходзяцца на ўліку ў жаночай кансультацыі (са 133 жанчын у 2019 годзе да 148 – сёлета).

Жыць з пазітывам

Асноўная задача, якую вырашае падпраграма «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў», – зніжэнне ўплыву фактараў рызыкі гэтых захворванняў за кошт стварэння адзінага прафілактычнага асяроддзя. Для папулярызацыі здаровага ладу жыцця, адмовы ад шкодных звычак – курэння, злоўжывання алкаголем – праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Папулярныя і запатрабаваныя навучальныя семінары, арганізаваныя спецыялістамі райЦГіЭ для педагогаў, медыкаў, камунальнікаў. На пастаянным кантролі і арганізацыя харчавання дашкалят і школьнікаў. Важна, што ўсе навучэнцы базавых і сярэдніх школ ахоплены гарачым харчаваннем, 100 працэнтаў выхаванцаў дашкольных устаноў атрымліваюць трохразовае харчаванне.

Для другаснай прафілактыкі хранічных захворванняў на базе ЦРБ дзейнічаюць 10 школ здароўя, дзе ў гэтым годзе праведзена 310 заняткаў з 1156 пацыентамі. Ва ўстановах адукацыі для навучэнцаў і іх бацькоў арганізаваны цыкл штомесячных кансультатыўна-адукацыйных акцый накшталт «Мой выбар – жыць з пазітывам!», «Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае» і іншых.

Для выканання гэтай праграмы, па словах галоўнага ўрача райбальніцы, важна ахапіць як мага больш насельніцтва паслугамі першаснай медыцынскай дапамогі. Мэтавы паказчык – доля ўрачоў, якія працуюць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі – стопрацэнтна выкананы. На ўсіх участках паліклінікі, ва ўрачэбных амбулаторыях створаны і працуюць каманды ўрача агульнай практыкі.

Сярод асноўных медыцынскіх абновак сёлета – тры аснашчаныя аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама стаматалагічная ўстаноўка.

Яшчэ адна з прыярытэтных задач –зніжэнне заўчаснай смяротнасці і змяншэнне выпадкаў інваліднасці па прычыне неінфекцыйных захворванняў. У такім аспекце па-ранейшаму важная роля адведзена дыспансерызацыі (за дзевяць месяцаў яе прайшлі 76,6 працэнта дарослых жыхароў раёна і 81,4 працэнта дзяцей). Сваю негатыўную ролю адыгрывае эпідэмія каранавіруса: правядзенне планавых прафілактычных аглядаў было абмежавана.

Георгій Хлябовіч расказаў, што для лепшай даступнасці медыцынскай дапамогі сяльчанам на базе паліклінікі створана выязная мультыдысцыплінарная брыгада (у яе складзе – урач агульнай практыкі, хірург, неўролаг, акушэр-гінеколаг, анколаг, фельчар мужчынскага кабінета), якая кожны тыдзень, згодна з графікам, адпраўляецца для медагляду ў аддаленыя населеныя пункты раёна. Таксама на такіх выездах задзейнічана перасоўная рэнтгенфлюараграфічная ўстаноўка.

Для ляхавічан пашыраецца даступнасць спецыялізаванай меддапамогі і высокатэхналагічных аперацыйных умяшанняў. Павялічыліся і магчымасці для атрымання кардыялагічнай і кардыяхірургічнай дапамогі. Сёлета пацыентам, накіраваным з нашага раёна, ва ўстановах аховы здароўя вобласці і краіны праведзена 24 каранараангіяграфіі, выканана 12 аперацый на сэрца. Для больш якаснай і выніковай дыягностыкі анкалагічных захворванняў на ранніх стадыях у раёне праводзіцца скрынінг каларэктальнага раку, а мужчыны ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў абследуюцца на прастатспецыфічны антыген. Значную дапамогу ўрачам у дыягностыцы раку аказваюць медыцынскія абноўкі: фібрабронхаскоп,відэагастрадуадэнаскоп, фібрагастрадуадэнаскоп, два апараты УГ-дыягностыкі высокага класа. Адпаведна, як адзначыў галоўны ўрач ЦРБ, за дзевяць месяцаў 2020 года канстатуецца зніжэнне выяўленых запушчаных выпадкаў анкалогіі, а вось колькасць выяўленняў на ранніх стадыях, наадварот, павялічылася. Як станоўчы момант было названа змяншэнне выпадкаў выхаду на інваліднасць грамадзян працаздольнага ўзросту: за дзевяць месяцаў мінулага года – 49 чалавек, сёлета – 34.

Ёсць прыёмы супраць алкаголю

Важнасць выканання падпраграмы «Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму» цяжка пераацаніць. Георгій Хлябовіч звярнуў увагу на факт змяншэння колькасці грамадзян, якія паміраюць па прычыне атручвання алкаголем. Разам з тым, на наркалагічным уліку пацыентаў павялічылася. Толькі ў гэтым годзе выяўлена 87 хворых хранічным алкагалізмам, усяго на ўліку – 627 чалавек, з іх трое падлеткаў. На стацыянарнае лячэнне ў БАПБ «Крывошын» урачом-нарколагам накіравана 235 пацыентаў з дыягназам «сіндром залежнасці ад алкаголю», 12 чалавек асуджана на лячэнне ў ЛПП.

Супрацоўнікі РАУС выявілі за бягучы перыяд 25 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, з незаконнага абароту канфіскаваны 301 літр самагону і спіртаўтрымліваючай вадкасці, знішчана восем самагонных апаратаў. Георгій Хлябовіч упэўнены, што знізіць узровень алкагалізацыі можна толькі пры актыўным міжведамасным узаемадзеянні, больш актыўнай рабоце па матывацыі здаровага ладу жыцця.

Спыніўся дакладчык і на іншых пад-праграмах – «Туберкулёз», «Прафілактыка ВІЧ-інфекцый», «Знешняя міграцыя», «Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя».

Галіна КАНЬКО.