На працягу мінулага года пракуратурай Ляхавіцкага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржорганамі ажыццяўляўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку

На працягу мінулага года пракуратурай раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржорганамі ажыццяўляўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, станоўчых тэндэнцый, павышэнне ўзроўню прафілактычнай работы.
За 2012 год на тэрыторыі раёна было зарэгістравана 186 злачынстваў — значна менш, чым годам раней (287). Раскрывальнасць склала 76 працэнтаў.

Знізіць градус
Менавіта згубная цяга да спіртнога часта становіцца каталізатарам супрацьпраўных паводзін. Практычна кожнае другое злачынства ў нашым раёне ўчынена ў стане алкагольнага ап’янення.
Па стане на канец мінулага года на дыспансерным уліку ў райпаліклініцы стаяў 1031 хранічны алкаголік. Колькасць асоб, у якіх дыягнаставаны хранічны алкагалізм, штогод павялічваецца. І такая сітуацыя патрабуе скаардынаванага супрацьдзеяння не толькі з боку праваахоўных органаў, але і грамадскіх фарміраванняў, працоўных калектываў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, дзяржаўных органаў. У той жа час у большасці сельвыканкамаў пасяджэнні камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам праводзяцца фармальна, рашэнні камісій не з’яўляюцца дзейснымі, кантроль за іх выкананнем не вядзецца. Не вырашаюцца пытанні магчымага працаўладкавання непрацуючых асоб, якія злоўжываюць спіртным і парушаюць антыалкагольнае заканадаўства.
Згаданыя парушэнні характэрны для Начаўскага сельвыканкама, на падведамаснай тэрыторыі якога адзначаны рост колькасці злачынстваў, і практычна ўсе яны былі ўчынены асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Такая ж сітуацыя ў Альхоўскім ды і іншых сельвыканкамах. Сельскімі выканаўчымі камітэтамі па-ранейшаму толькі ў адзінкавых выпадках ініцыююцца хадайніцтвы аб абмежаванні ў дзеяздольнасці асоб, якія злоўжываюць спіртным і тым самым ставяць сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча.
Справы жыццёвай важнасці
Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай дысцыпліны і бяспекі» дзейнічае ўжо амаль 9 гадоў. Тым не менш, праблемныя пытанні, акрэсленыя ў ёй, і сёння надзвычай актуальныя і патрабуюць самай пільнай увагі.
Летась на тэрыторыі раёна адбылося 40 пажараў. Прычына пераважнай большасці — неасцярожнае абыходжанне з агнём. Часцей за ўсё людзі губляюць пільнасць, калі знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення: з 8 чалавек, якія загінулі на пажарах, 7 былі нецвярозымі. Яшчэ адзін пажар з трагічным зыходам адбыўся з-за няспраўнасці пячнога ацяплення.
Трывогу выклікае стан супрацьпажарнай бяспекі не толькі ў жылым сектары, але і на вытворчых аб’ектах, у тым ліку ў аграпрамысловым комплексе. Амаль ва ўсіх гаспадарках створаны пажарна-тэхнічныя камісіі, аднак працуюць яны фармальна і практычна не займаюцца прафілактыкай узнікнення пажараў на падкантрольных аб’ектах. Не заўсёды праводзіцца своечасовае навучанне работнікаў мерам і правілам пажарнай бяспекі на вытворчасці.
Двойчы на працягу года з-за кароткага замыкання электраправодкі адбываліся пажары на складах СВК «Дарава». Па прычыне кароткага замыкання электраабсталявання аўтамабіля загарэўся бокс машынна-трактарнага парка СВК «Канюхі».
А, між тым, заяўкі ў РАНС ад кіраўнікоў гаспадарак на правядзенне пазапланавых праверак дазволілі б своечасова выяўляць парушэнні ў пытаннях супрацьпажарнай бяспекі і прымаць меры для іх аператыўнага ўхілення. На жаль, такая форма прафілактыкі ў нашым раёне пакуль не ўвайшла ў практыку, хаця магла б даць адчувальны эфект, напрыклад, пры падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі, захоўванні атрутных і выбухованебяспечных рэчываў.
Адсутнасцю станоўчай дынамікі характарызуецца ўзровень вытворчага траўматызму на прадпрыемствах раёна. За мінулы год на вытворчасці адбылося 11 няшчасных выпадкаў, 2 з іх са смяротным зыходам. Сярод прычын і фактараў, што спрыялі гэтым здарэнням, бясспрэчна лідзіруюць недысцыплінаванасць і нядбайнасць: парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны самімі пацярпелымі, адсутнасць належнага кантролю з боку службовых асоб за захаваннем работнікамі працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі. У 3 выпадках траўмаваныя работнікі знаходзіліся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
2 няшчасныя выпадкі са смяротным і цяжкім зыходам адбыліся ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Падчас праверкі пракуратурай выканання патрабаванняў дзеючага заканадаўства на прадпрыемстве выяўлены шэраг парушэнняў, што з’яўляюцца перадумовамі да вытворчага траўматызму. Сярод іх адсутнасць належным чынам арганізаванага перадрэйсавага агляду вадзіцеляў і агляду работнікаў напрыканцы працоўнага дня. Пра актуальнасць гэтага пытання менавіта для райаграсэрвісу сведчыць тое, што абодва леташнія няшчасныя выпадкі адбыліся тут з нецвярозымі работнікамі. Да пэўных высноў падштурхоўвае і знойдзеная падчас праверкі вялікая колькасць пустых бутэлек з-пад віна-гарэлачных вырабаў у памяшканнях для часовага захоўвання тэхнікі.
Наогул, праведзеныя пракуратурай праверкі выканання заканадаўства аб ахове працы пацвярджаюць, што кіраўнікі і спецыялісты арганізацый часцяком не праяўляюць дастатковай актыўнасці ў штодзённым кантролі за арганізацыяй аховы працы, не прынцыпова падыходзяць да пытанняў прыцягнення парушальнікаў да адказнасці. Адным з сур’ёзных крокаў у накірунку змянення такой сітуацыі можа стаць уключэнне ў калектыўныя дагаворы і палажэнні аб аплаце працы мер матэрыяльнага стымулявання за недапушчэнне парушэнняў нормаў і правілаў аховы працы.
Нельга назваць спакойнай і сітуацыю з дарожна-транспартным траўматызмам. За 2012 год на Ляхавіччыне зарэгістравана 12 ДТЗ, у якіх 6 чалавек загінулі і 8 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У 2 аварыях вінаваты нецвярозыя вадзіцелі: у адной з іх загінуў непаўналетні, у другой — сам вадзіцель-парушальнік.
Безумоўна, пагаршэнню дарожнай сітуацыі спрыяе значна ўзросшая за апошні час колькасць транспартных сродкаў. Але і супрацоўнікам ДАІ варта больш аператыўна рэагаваць на змяненне абставін.
Пракуратурай раёна сумесна з АДАІ праведзены маніторынг устаноў адукацыі і іншых сацыяльных аб’ектаў па комплекснай ацэнцы адпаведнасці дарожных умоў патрабаванням бяспекі дарожнага руху. Пры абследаванні практычна ўсіх школ былі выяўлены аднолькавыя парушэнні: адсутнічала асвятленне прылеглага ўчастка вуліцы, не арганізаваны пастаянны кантроль за ўязнымі варотамі (а гэта азначае, што на школьную тэрыторыю можа заехаць любы транспартны сродак). Акрамя таго, каля шэрагу школ дарожных знакаў і разметкі не было або яны не адпавядалі патрабаванням.
Падчас праведзенай у снежні кантрольнай праверкі было адзначана, што практычна ўсе выдадзеныя рэкамендацыі выкананы за выключэннем усталявання штучных няроўнасцей каля Свяціцкай СШ і па вуліцы Янкі Купалы ў райцэнтры (у сувязі з умовамі надвор’я іх усталяванне перанесена на другі квартал гэтага года).
Берагчы сумленне трэба змалку
Асаблівую заклапочанасць выклікае рост злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Калі ў 2011 такіх было 8, то летась — 10 (усе — крадзяжы маёмасці). У злачынствы былі ўцягнуты 11 падлеткаў, прычым 3 з іх у момант учынення знаходзіліся пад уздзеяннем алкаголю. 3 злачынствы — на рахунку немясцовых непаўналетніх. «Аўтарамі» астатніх выступілі вучні СШ №1, Свяціцкай СШ, аграрнага каледжа. Гэта пры тым, што ў кожнай навучальнай установе праводзілася прафілактычная работа, у тым ліку супрацоўнікамі РАУС, РАНС, урачом-нарколагам, прадстаўнікамі БРСМ. У большасці выпадкаў кіраўніцтва ўстаноў адукацыі ведала пра схільнасць сваіх навучэнцаў да супрацьпраўных паводзін, але не звярталася ў міліцыю за дапамогай у правядзенні выхаваўчай работы.
Не дапрацоўваюць па шэрагу пытанняў камісіі па справах непаўналетніх, створаныя пры сельвыканкамах: выяўлены факты фармальнага правядзення пасяджэнняў, не прымаюцца вычарпальныя меры па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці.
Больш увагі на месцах — менш зваротаў вышэй
Пад самай пільнай увагай пракуратуры — работа дзяржорганаў і арганізацый са зваротамі грамадзян.
Не заўсёды належная ўвага да праблем, узнятых у зваротах, недастатковыя меры да поўнага іх вывучэння і вырашэння прымушаюць грамадзян звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі. Гэта пацвердзіла і мэтавая праверка захавання заканадаўства аб зваротах, што праводзілася летась у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Як паказаў аналіз зваротаў, немалая іх колькасць датычыла нізкай якасці будаўніцтва і ўхілення недахопаў у пабудаваных кааператыўных дамах. Пры гэтым устаноўлены факты, калі звароты не разглядаліся па сутнасці ці іх разгляд быў фармальным. Так, на «прамую лінію» да кіраўніка райвыканкама патэлефанавала ляхавічанка, якая скардзілася на няякаснае будаўніцтва кватэры ў складзе ЖБСК-14 у райцэнтры (вышыня сцен у кватэры аказалася рознай). Да гэтага заяўніца звярталася да кіраўніцтва ПМК-17, упраўлення капітальнага будаўніцтва, але ніякіх мер прынята не было. Толькі пасля звароту ў райвыканкам хібы пачалі выпраўляцца.
Непасрэдна ў пракуратуру найчасцей грамадзяне звярталіся з нагоды парушэнняў працоўнага заканадаўства. У прыватнасці, 2 звароты паступілі ад працаўнікоў ПМК-17, якім своечасова не выплацілі «адпускныя». Пасля вынесеных пракуратурай раёна прадпісанняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства грошы былі выплачаны.
У сувязі са зваротам звольненага спецыяліста Ганчароўскага сельвыканкама пракуратурай раёна быў пададзены ў суд іск аб спагнанні сярэдняга заробку за затрымку выдачы працоўнай кніжкі і змяненні даты звальнення. У выніку жанчыне даплацілі больш як 1,2 мільёна рублёў, а старшыня сельвыканкама прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку выдачы працоўнай кніжкі пры звальненні.
Мелі месца і выпадкі неабгрунтаванага звароту суб’ектаў гаспадарання за абаронай сваіх інтарэсаў. Так, кіраўніцтва СВК «Канюхі» звярнулася ў пракуратуру з просьбай дапамагчы вярнуць праз гаспадарчы суд здадзены ў рамонт трактар. Падчас праверкі высветлілася, што падстаў для звароту ў пракуратуру не было: правы і законныя інтарэсы сельгаспрадпрыемства не парушаны, дагавор, заключаны паміж кааператывам і рамонтным прадпрыемствам, не прадугледжваў дастаўку транспартнага сродку заказчыку.

Падчас чарговага пасяджэння райвыканкама была заслухана і абмеркавана інфармацыйная запіска пракурора аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна па выніках мінулага года. Унесены прапановы шэрагу службаў і арганізацый.
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ,
пракурор Ляхавіцкага раёна, саветнік юстыцыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *