Ляхавіцка-расійская спартыўная панарама — не проста прыгожыя з нагоды даты словы

Хоць наш зямляк Генадзій Валюкевіч сёння і жыве ў Расіі, сэрцам ён — дома, у Беларусі.

Свет спартыўны — цесны ў асаблівасці. Міждзяржаўныя спартыўныя граніцы, хоць і маюць свой унутраны сакрэт, вызначаюцца ветлівасцю, адкрытасцю, празрыстыя і дастаткова ўмоўныя. Так у сярэднестатыстычным цэлым, а не ў моманты высокіх тытульных схватак, фінальных забегаў, у ходзе вырашальных партый ці «трэціх» раўндаў. Гэта ўжо іншы спартыўны свет і другія граніцы. Але і тут — па сабе і сваіх знаёмых мяркуем — балельшчыцкая цікавасць распаўсюджваецца, па-першае, на беларускіх, а, па-другое, на расійскіх спартсменаў. Ведаю і некалькіх расійскіх «абарыгенаў», якія шчыра прызнаюцца, што ўдалым міжнародным выступленням беларусаў радуюцца ці не аднолькава роўна, як і пераможным фінішам сваіх суайчыннікаў.
Ляхавіцка-расійская спартыўная панарама — не проста прыгожыя з нагоды даты словы. За імі канкрэтыка спартыўных дзеянняў, сяброўскіх стасункаў, гісторыя і геаграфія. Для ілюстрацыі навейшай гісторыі звернемся да прыкладна канца мінулага года. Ляхавічы, адкрыты Кубак горада па дзюдо. У ліку 7 соцень спартсменаў, што прадстаўлялі 46 каманд, расійскае прадстаўніцтва было другім — адразу за беларусамі — па колькасці ўдзельнікаў. Прыязджалі масквічы, іх блізкія суседзі з горада Балашыхі, дзюдаісты з Арла і самага заходняга горада Расійскай Федэрацыі Калінінграда. Той турнір застаўся ў памяці: і колькасцю ўдзельнікаў, і непадабенствам «школ», хуткімі перамогамі і доўгімі напружанымі супрацьстаяннямі. А яшчэ — судзействам. Калі кожны рэферы са сваім почыркам, адмысловымі паводзінамі на татамі, сваім тлумачэннем тых ці іншых спартыўных дзеянняў. На тым турніры, дарэчы, пра спартыўны вынік, каманда дзюдаістаў з Масквы стала адной з лепшых.
Удзел расійскіх дзюдаістаў у адкрытым Кубку Ляхавіч, канешне ж, не выпадковасць. Будзе правільным разглядаць гэты факт як працяг адладжаных часам сяброўска-дзелавых стасункаў. Да гэтага, напрыклад, былі неаднаразовыя сумесныя трэніровачныя зборы на базе нашай ДЮСШ. Такія трэніровачныя зборы, як правіла, не абмяжоўваюцца квадратам татамі. Для гасцей арганізоўваецца наведванне гістарычных мясцін Ляхавіччыны, цікавых аб’ектаў па-за межамі раёна, іншае.
У тыя ж, прыкладна, тыдні года і на той жа базе Ляхавіцкай ДЮСШ прайшоў і традыцыйны ўжо адкрыты рэспубліканскі дзіцяча-юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Генадзія Валюкевіча. Асоба знакамітая: у раёне, краіне, былым Савецкім Саюзе, чый спартыўны гонар доўга і паспяхова абараняў на арэнах самага высокага узроўню. Зараз наш зямляк жыве і працуе ў Расіі, але, як прызнаўся падчас адной з гутарак у ходзе «свайго» турніру, сэрцам заўсёды ў Беларусі. І штогадовыя спаборніцтвы юных лёгкаатлетаў — як адно з праяўленняў любові да сваёй радзімы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *